1 снежня скончыў сваё жыццё сербскі пісьменнік-постмадэрніст Міларад Павіч. Ён быў адным з найбольш вядомых і любімых чытачамі аўтараў Цэнтральнай Еўропы. У 1993 г., №13, урывак з «Хазарскага слоўніка» друкаваўся ў «Нашай Ніве»

З Чырвонае Кнігі

АТЭГ (IX стагодзьдзе) — хазарская прынцэса, чый удзел у палеміцы вакол хазарскага хросту быў вырашальны. Імя яе тлумачыцца як скарот чатырох станаў сьвядомасьці ў Хазараў. Уночы на кожным павеку ў яе было напісана па літары, накшталт тых, што пішуць на павеках коням перад спаборніцтвам. Літары былі з забароненага хазарскага альфабэту, у якім кожны знак забіваў, як толькі быў прачытаны. Літары пісалі сьляпыя, а раніцай, перад умываньнем, прыслужніцы прыбіралі прынцэсу зажмурыўшыся. Так яна была абароненая ад ворагаў пакуль спала. А гэта ў Хазараў лічылася часам, калі чалавек найбольш безабаронны. Атэг была вельмі прыгожая й пабожная, літары цалкам ёй пасавалі, а на стале ў яе стаяла заўсёды сем гатункаў солі, і перш чым узяць кавалак рыбы, яна кожны раз мачала пальцы ў іншую соль. Так яна малілася. Пра яе кажуць, што яна мела й сем твараў, як сем соляў. Паводле аднаго паданьня, кожнае раніцы яна брала люстэрка й сядала маляваць: адзін раб або рабыня, заўсёды новы або новая, прыходзілі пазіраваць. А яна кожнае раніцы з свайго твару стварала новы твар, нябачаны дагэтуль. Паводле іншых апавяданьняў, Атэг увогуле не была прыгожая, але перад люстэркам практыкавала свой твар, каб надаць яму такі выраз і так укласьці яго рысы, каб ён зрабіўся прыгожы. Гэтая практыкаваная прыгажосьць патрабавала ад яе вялікіх фізычных намаганьняў, і як толькі прынцэса заставалася адна й дазваляла сабе адпружыцца, яе прыгажосьць рассыпалася, як яе соль. Ва ўсялякім разе адзін рамейскі (візантыйскі) цар называў «хазарскім тварам» славутага філёзафа й патрыярха Фотыя, што магло значыць або патрыярхава сваяцтва з Хазарамі або крывадушнасьць.

Паводле Даўбмануса, абодва прыпушчэньні невыпадковыя. Хазарскім тварам называецца свомасьць усіх Хазараў, а ў тым ліку й прынцэсы Атэг, прачынацца штодня некім іншым, з зусім новым і незнаёмым тварам, так што часам і найбліжэйшыя родзічы зь цяжкасьцю пазнаюць адны адных. Падарожнікі, зноў жа, адзначаюць, што хазарскія твары ўсе аднолькавыя й ніколі не мяняюцца, і адгэтуль усе цяжкасьці й блытаніна. Аднак, як бы там ні было, сутнасьць рэчы не мяняецца: хазарскі твар — значыць твар, які цяжка запамінаецца. Гэтым можа быць вытлумачаная легенда, у якой гаварылася, што прынцэса Атэг мела асобны твар для , кожнага ўдзельніка хазарскае палемікі ў каганавым двары, або нават што йснавала тры прынцэсы Атэг — адна для ісламскага, другая для хрысьціянскага й трэцяя для гэбрайскага місыянэра й тлумача сноў. Фактам, аднак, застаецца тое, што яе прысутнасьць у хазарскім двары не была заўважаная тагачаснаю хрысьціянскаю крыніцай, напісанай па‑грэцку й перакладзенай на славянскую мову (Жыцьцё Канстанціна Салунскага — Сьв. Кірыла), аднак, паводле Хазарскага слоўніка, аднаго часу ў грэцкіх і славянскіх манаскіх колах існавала нешта накшталт культу прынцэсы Атэг. Гэты культ узьнік у сувязі зь вераю ў тое, што Атэг у палеміцы перамагла гэбрайскага тэоляга й прыняла хрысьціянства разам з каганам, які ёй, зноў жа, невядома кім даводзіўся — бацькам, мужам ці братам. Захаваліся ў перакладзе на грэцкую мову й дзьве малітвы прынцэы Атэг, якія ніколі не былі кананізаваныя, але Даўбманус падае іх як Ойча наш і Радуйся, Марыя! хазарскай прынцэсы. Першая з гэтых малітваў гучыць так:

На караблі нашым, мой ойча, матросы поўзаюць, як мурашы, я вымыла яго ўраньні валасамі і яны паўзуць па чыстых мантах і цягнуць у свой мурашнік зялёныя ветразі, як салодкае лісьце; стырнік спрабуе заваліць стырно й закінуць яго сабе на сьпіну, як здабычу, якою ён мае жывіцца цэлы тыдзень; тыя, хто найслабейшы, цягнуць салоную аснаду й зьнікаюць зь ею ў вантробе нашага плывучага дому. Толькі ты, мой ойча, ня маеш права на голад, падобны да іхнага. У гэтым паглынаньні хуткасьці табе, маё сэрца, мой адзіны бацька, прыпадае найхутчэйшая доля. Ты жывісься разломленым ветрам.

Другая малітва прынцэсы Атэг нібыта тлумачыць гісторыю яе хазарскага твару:

Я вывучыла на памяць жыцьцё сваей маці і як нейкую тэатральную ролю штораніцы адну гадзіну адыгрываю матчына жыцьцё перад люстэркамі Гэта трывае дзень пры дні, гадамі. Я раблю гэта, убраўшыся ў матчына адзеньне, трымаючы яе веер, прычасаўшыся, як яна, бо зрабіла сабе ўчасаньне на выгляд ваўнянае шапкі Адыгрываю яе й перад іншымі, і ў пасьцелі майго любага. У хвіліны жарсьці я й ня йсную зусім, я — ня я, а яна. I тады я граю так добра, што мая жарсьць зьнікае, застаецца толькі яе. Іншымі словамі, яна ў мяне ўперад пакрала ўсе пяшчоты каханьня. Але я яе не папракаю, бо ведаю, што й яе свайго часу гэтак жа сама абакрала яе маці. Калі ў мяне цяпер спытаюцца, чаму я столькі граю, я адкажу: я спрабую яшчэ раз нарадзіць сябе, але яшчэ лепшую…

Пра прынцэсу Атэг ведама, што яна так ніколі й ня здолела памерці. Аднак, існуе адзін запіс, выразаны на нажы, аздобленым мярэжыстым узорам, які распавядае пра яе сьмерць. Гэтае непацьверджанае й малаверагоднае паданьне зьмясьціў і Даўбманус, але не як аповед пра тое, як прынцэса Атэх рэальна памерла, але як магло стацца, што яна ўвогуле магла памерці. Як ад віна валасы не сівеюць, так і ад пераказу гэтага паданьня ня будзе ніякае шкоды. Вось яно:

Хуткае й павольнае люстэрка

Аднойчы ўвесну сказала прынцэса Атэг:

— Я прызвычаілася да сваіх думак, як да сваіх убораў. Яны маюць заўсёды той самы аб’ём таліі, і я бачу іх паўсюль, нават на скрыжаваньнях. I што найгорай — празь іх болей не відны самі скрыжаваньні.

Дзеля забавы слугі аднойчы прынесьлі прынцэсе два люстэркі. Яны няшмат розьніліся ад астатніх хазарскіх люстэрак. Абодва былі зробленыя з шліфаванае солі, але адно зь іх было хуткае, а другое — павольнае люстэрка. Усё, што тое хуткае брало, адлюстроўваючы сьвет, пазычаны ў будучыні, другое, павольнае, вяртала, сплочваючы доўг першага, аднак у дачыненьні да сучаснасьці яно пазьнілася роўна настолькі, наколькі першае сьпяшалася. Калі да прынцэсы Атэг прынесьлі люстэркі, яна яшчэ была ў ложку й зь яе павекаў яшчэ не былі змытыя літары. У люстэрках яна ўбачыла сябе з апушчанымі павекамі й адразу памерла. Яна загінула паміж двума міргненьнямі вачэй або, дакладней кажучы, яна першы раз прачытала на сваіх павеках забойчыя літары, бо міргнула ў папярэдняе й наступнае імгнгненьне, а люстэркі гэта паказалі. Яна памерла, забітая адначасна літарамі з мінулага й будучыні.

Зь Зялёнае Кнігі

АТЭГ (пачатак IX стагодзьдзя) — паводле ісламскага паданьня, на двары хазарскага кагана жыла нейкая ўладаровая сваячка, ведамая з свае прыгажосьці. Перад яе пакоямі стаялі вялізныя вартаўнічыя сабакі з срэбнаю поўсьцю й білі хвастом самі сабе па вачох. Яны былі навучаныя стаяць нерухома, і можна было бачыць як яны, не кранаючыся зь месца, мачыліся сабе на пярэднія ногі. Нібы груду камянёў перакочвалі яны ў глотцы пагрозьлівыя зычныя гукі, а перад сном скручвалі за сабой свае даўгія хвасты, як карабельную аснаду. Атэх мела срэбныя вочы й насіла замест гузікаў званочкі, каб людзі на вуліцы маглі ведаць, ці прынцэса ў двары адзяваецца або разьдзяваецца перад адпачынкам. Аднак гэтых яе званочкаў ніхто ніколі ня чуў. Як памятаюць, прынцэса была надзеленая й незвычайнай павольнасьцю. Дыхала яна радзей, чым іншыя чыхаюць, і ў сваёй млявасьці пеставала страшную нянавісьць да ўсяго і ўсіх, хто хацеў бы змусіць яе да хутчэйшага дзеяньня, нават калі рэч, якую яе прымушалі рабіць, яна й сама зьбіралася зрабіць як найхутчэй. Як падкладка ў гэтай адзежыне павольнасьці, у яе гаворцы выяўлялася й другая схільнасьць — яна ніколі доўга не затрымлівалася на адной тэме і гаворачы зь людзьмі, пераскоквала, як птушка з галінкі на галінку. Але затое празь некалькі дзён яна зноў нечакана вярталася да распачатае размовы й працягвала тую тэму, на якую некалі адмовілася гаварыць, заблукаўшы ў сваіх дрыготкіх думках. Гэтае неадрозьніваньне важнага ад пабочнага ў размове й поўная абыякавасьць да ўсіх тэмаў тлумачацца тым няшчасьцем, якое надарылася прынцэсе падчас хазарскай палемікі. Рэч у тым, што Атэг была пясьнярка, і адзінае, што захавалася ад яе аўтэнтычных словаў, гучыць: «Розьніца паміж двума так можа быць большая, чым паміж так і не». Астатняе толькі прыпісваецца ёй.

Лічыцца, што ў арабскім перакладзе захавалася пэўная колькасьць яе песьняў або тэкстаў, што ўзьніклі яе стараньнямі. Асабліва прыцягнулі ўвагу дасьледнікаў хазарскага побыту часоў наверненьня гэтага народу песьні, прысьвечаныя хазарскай палеміцы. Паводле аднаго меркавання, гэта былі песьні каханьня й толькі дадаткова былі ўжытыя як аргумэнты ў прыгаданай палеміцы, калі летапісцы тае палемікі пачалі зананатоўваць падзеі. Як бы там ні было, у палеміцы Атэг удзельнічала зь вялікім запалам і пасьпяхова перамагла і гэбрайскага і хрысьціянскага ўдзельніка палемікі, так што ўрэшце дапамагла ісламскаму прадстаўніку, Фарабі Ібн Коры, і разам з хазарскім каганам, сваім гаспадаром, перайшла ў іслам. Грэк, які браў удзел у палеміцы, адчуўшы, што прайграе, аб’яднаўся з гэбрайскім пасланьнікам і яны супольна асудзілі прынцэсу Атэг на адданьне падземным сілам двух пеклаў — гэбрайскаму Бэліялу і хрысьціянскаму Шатану. Каб ня скончыць гэтак, Атэг пастанавіла з свае волі ўцячы ў трэцяе пекла, да ісламскага Ібліса. Ня могучы цалкам адмяніць моцы двух пеклаў, Ібліс забраў у яе плоць, асудзіў яе на забыцьцё ўсіх сваіх песьняў і свае мовы, апроч аднаго слова «ку», але дараваў ёй вечнае жыцьцё. Ён паслаў ёй злога духа на ймя Ібн Хадраш, які зьявіўся ёй у абліччы стравуса, і ён выканаў гэты прысуд, Так прынцэса Атэг засталася жыць вечна й магла да сваёй кожнай думкі й да кожнага свайго слова зьвярнуцца зноў незьлічоную колькасьць разоў і не сьпяшаючыся, бо вечнасьць прытупіла ў яе адчуваньне таго, што ў часе настае перад і што пасьля. Аднак кахацца яна магла толькі ў сьне. Так прынцэса Атэг цалкам прысьвяціла сябе сваёй сэкце лаўцоў сноў, хазарскіх сьвятароў, якія займаліся стварэньнем нейкага віду зямное вэрсіі таго нябеснага рэгістру, які згадвае Сьвятая кніга. Ейнае й іхнае ўменьне дазвалялі ёй у чужыя сны пасылаць загады, свае або чужыя думкі й нават рэчы. Прынцэса Атэг магла зьявіцца ў сьне чалавеку на тысячу гадоў за яе маладзейшаму і магла паслаць рэч асобе якая яе сьніць, гэтаксама бясьпечна, як з ганцом на кані, напоеным віном. Толькі шмат, шмат хутчэй… Апісаны адзін такі ўчынак прынцэсы Атэг. Аднойчы яна паклала ў рот ключ ад сваёй спальні і чакала, пакуль не пачуецца музьіка і тонкі галасок маладой чалядніцы, які вымаўляў гэткія словы:

— Учынкі ў чалавечым жыцьці — як стравы, а думкі й адчуваньні — як прысмакі. Ня будзе ўдачы таму, хто пасоліць чарэшні або заліе воцтам пірог…

Калі гэтыя словы былі прамоўленыя, ключ зьнік з вуснаў прынцэсы, і яна, як кажуць, ведала, што гэтак адбылася замена. Ключ апынуўся ў таго, каму былі прызначаныя словы, а словы ў замену за ключ дайшлі да прынцэсы Атэг.

Даўбманус цьвердзіць, што прынцэса усё яшчэ была жывая за ягоныя часы, і адзін лэўтар XVII стагодзьдзя, нейкі анаталійскі турак на ймя Масуд, сустрэў яе й гаварыў зь ёю. Гэты чалавек вучыўся навуцы лаўцоў сноў і меў у сябе нейкую арабскую вэрсію хазарскай энцыкляпэдыі ці слоўніка, але ў тым часе, калі ён сустрэў прынцэсу, ён яшчэ ня вывучыў усе яго артыкулы, а таму не пазнаў слова «ку», калі прынцэса яго назвала. Гэта слова з хазарскага слоўніка й азначае від садавіны, калі б Масуд яго зразумеў, ён бы здагадаўся, хто перад ім стаіць, і мог бы заашчадзіць усе свае пазьнейшыя намаганьні ў засваеньні навукі; ад няшчаснай прынцэсы ён мог бы даведацца пра ловы сноў больш, чым зь любога слоўніка. Але ён яе не пазнаў і прапільнаваў свой найбольшы ўлоў, думаючы, што ён ня мае ніякае вартасьці. За гэта, паводле аднаго паданьня, ягоны вярблюд плюнуў яму ў вочы.

З Жоўтае Кнігі

АТЭГ (VIII стагодзьдзе) — імя хазарскай прынцэсы, якая жыла ў часы юдаізацыі хазараў. Даўбманус падае гэбрайскую вэрсію яе ймя з значэньнямі паасобных літараў імя Атг:

אטה

Паводле літараў выводзяцца й высновы аб свомасьцях хазарскае прынцэсы.

Алеф, першая літара яе ймя, азначае Найвышэйшую карону, мудрасьць, позірк угору й позірк надол, як у маці, якая глядзіць на дзіця. Таму Атэг ня мусіла каштаваць семя свайго каханка, каб ведаць, каго яна народзіць — хлопчыка або дзяўчынку. Бо ў таямніцы мудрасьці ўдзельнічае ўсё, што ўгары й надоле, яна непрадказальная. Алеф гэта пачатак, ён ахапляе ўсе іншыя літары й пачатак выяўленьня сямёх дзен тыдня.

Тэт — дзявятая літара гэбрайскага альфабэту й мае лічбавае значэньне «звычайнае 9». У кнізе Тмуна Тэт азначае Шабат, а гэта значыць, што гэта літара ў знаку плянэты Сатурн і божага адпачынку; адпаведна з гэтым, яна значыць і нявесту, бо Субота — гэта нявеста, як выцякае з сказанага ў Еш. XIV, 23; яна зьвязаная з прыборкай мятлою, што мае значэньне разбурэньня й пакараньня бязбожнасьці, азначае яна й сілу. Прынцэса Атэг дапамагла гэбрайскаму прадстаўніку ў славутай хазарскай палеміцы, яна насіла падвешаны на поясе чэрап свайго каханка Мокадасы эль Сафэра, яна карміла яго й паіла сырой зямлёй і салонаю вадою і ўстаўляла яму ў вачніцы валошкі, каб ён мог бачыць сіні колер на тым сьвеце.

Гэй — чацьвертая літара Божага ймя. Сымбалізуе руку, сілу, магутны размах, суворасьць (левая рука) і міласэрнасьць (правая), вінаградную лазу, якая паднімаецца зь зямлі й дакранаецца да неба.

Прынцэса Атэг за часы хазарскае палемікі была вельмі красамоўная. Яна казала:

— Думкі зь неба завеялі мяне, як сьнег. Я пасьля ледзьве сагрэлася й вярнулася да жыцьця…

Прынцэса Атэг дапамагла Ісаку Сангарыю, гэбрайскаму ўдзельніку хазарскае палемікі тым, што сваімі довадамі зьбянтэжыла арабскага ўдзельніка, і хазарскі каган выбраў юдэйскую веру. Паводле некаторых меркаваньняў, Атэг пісала песьні, і яны захаваліся ў «хазарскіх кнігах», якімі карыстаўся Егуда Га-леві, гэбрайскі летапісец хазарскае палемікі. Паводле іншых крыніцаў, Атэг першая й склала слоўнік ці энцыкляпэдыю Хазараў з падрабязнымі зьвесткамі пра іх гісторыю, веру, пра чытачоў сноў. Усё гэта было ўкладзена ў цыкл песьняў, разьмешчаных паводле альфабэту, таму й палеміка пры двары хазарскага ўладара была запісаная ў паэтычнай форме. Калі ў прынцэсы Атэг спыталіся, хто пераможа ў палеміцы, яна адказала: «Калі сустракаюцца ў бітве два ваяры, перамагае той, які даўжэй будзе лячыць свае раны». Як цеста на рошчыне пачаў расьці Хазарскі слоўнік вакол прынцэсінага зборніка, які, паводле адной крыніцы, называўся «Аб страсьці словаў». Калі б спраўдзілася дакладнасьць гэтых фактаў, прынцэса Атэг была б першым аўтарам гэтае кнігі, яе першатворцам. Толькі што ў тым першасным слоўніку ў хазарскай мове яшчэ не йснавала цяперашніх трох, гэта быў яшчэ адзін слоўнік і адна мова. Ад таго першапачатковага слоўніка на сёньняшні дзень захавалася вельмі мала, як ад тугі аднаго сабакі, якую дзеці перадаюць другому, пераймаючы сабачы брэх.

Калі каган, дзякуючы стараньням прынцэсы Атэг прыняў малітоўную накідку і Тору, астатнія ўдзельнікі палемікі вельмі раззлаваліся. Таму ісламскі дэман пакараў прынцэсу забыцьцём свае хазарскае мовы і ўсіх сваіх песьняў. Яна нават мусіла забыцца на ймя свайго каханка, адзінае, што засталося ў яе памяці, быў назоў аднаго плода, падобнага да рыбы. Перад тым, як гэта сталася, прадчуваючы небясьпеку, прынцэса Атэх загадала купіць вялікую колькасьць папугаяў, здольных да чалавечае гаворкі. Дзеля кожнага слова Хазарскага слоўніка ў двор прыносілі па адным папугаі і навучалі кожнага аднаму артыкулу, і той у любы час ведаў на памяць усе вершы, што датычылі гэтага слова. Ведама ж, тыя вершы былі ў хазарскай мове і ў той мове іх папугаі й пераказвалі. Калі настаў заняпад хазарскае веры, хазарская мова пачала хутка зьнікаць, і тады Атэг выпусьціла на волю ўсіх папугаяў, навучаных хазарскаму слоўніку. Яна сказала:

— Ідзеце й навучайце іншых птушак сваім песьням, бо хутка іх ужо ніхто ня будзе ведаць… Птушкі разьляцеліся па лясох чарнаморскага ўзьбярэжжа. Там яны вучылі іншых папугаяў сваім песьням, тыя другія вучылі трэціх, і так у нейкім часе толькі папугаі ведалі тыя песьні й гаварылі хазарскаю моваю. У XVII стагодзьдзі на берагох Чорнага мора быў злоўлены адзін папугай, які ўмеў пераказаць колькі песьняў на незразумелай мове, якую ягоны ўладар, нейкі царградзкі дыплямат на ймя Аўрам Бранковіч, называў хазарскай. Ён загадаў аднаму пісару, каб той увесь час занатоўваў усё, што прамаўляе папугай, спадзеючыся тым самым аднавіць «папугайскія песьні», а папраўдзе паэзію прынцэсы Атэг. Лічыцца, што такім чынам папугайскія песьні трапілі ў Даўбманусава выданьне Хазарскага слоўніка.

Трэба сказаць, што прынцэса Атэг была абаронцай наймагутнейшай сэкты хазарскіх сьвятароў, гэтак званых лаўцоў або чытачоў сноў. Яе энцыкляпэдыя была нічым іншым, як толькі спробай сабраць у адным месцы запісы, якія лаўцы сноў назапашвалі стагодзьдзямі, захоўваючы сваю навуку. I яе каханак быў прыхільнікам гэтае сэкты, адным з найбольш славутых сярод іх, ён быў вельмі малады й меў найлепшыя вочы. Адна песьня прынцэсы Атэг прысьвечана гэтай сэкце першасьвятароў:

Калі мы ўвечары сьнім, то папраўдзе мы ўсе ператвараемся ў актораў і адыходзім заўседы на іншую сцэну адыграць сваю ролю. А ўдзень? Удзень на яве мы вучымся той ролі. Часам мы не вывучваем яе як сьлед і тады не наважваемся зьявіцца на сцэне й хаваемся за іншых актораў, якія тым разам лепш за нас ведаюць свае словы й рухі.

А ты, ты той, хто прыходзіць у залю глядзець нашае прадстаўленьне, а ня граць у ім. Хай твае вочы знойдуць мяне, калі я буду добра навучаная, бо ніхто не бывае мудры й прыгожы ўсе сем дзён тыдня.

Існуе таксама адно паданьне, што гэбрайскія прадстаўнікі на хазарскім двары ўратавалі прынцэсу Атэх ад гневу арабскага й грэцкага місіянэраў тым, што за іхным хадайніцтвам замест яе быў пакараны яе каханак і хазарскі першасьвятар сэкты лаўцоў сноў. Яна пагадзілася, і яго прагналі й замкнулі ў клетцы, што вісела над вадою. I аднак гэта не ўратавала яе ад пакараньня.

Пераклаў з сэрбскахарвацкай Х.З.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0