Даследаванні праводзіліся групай археолагаў – супрацоўнікаў Інстытута гісторыі АН – пад кіраўніцтвам Вадзіма Лакізы.

У ходзе іх не было выяўлена археалагічных помнікаў, якія могуць быць знішчаныя падчас будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

«Па пісьмовых крыніцах археалагічных аб’ектаў у дадзеным раёне будаўнічых работ не вядома. Лічу, што Астравеччына ўвогуле не такая багатая на археалагічныя помнікі розных перыядаў, як іншыя рэгіёны Беларусі», -- распавёў у гутарцы з «НН» Вадзім Лакіза.

Археолагі правялі візуальны агляд і шурфоўку ў месцах, дзе плануецца пабудаваць чыгуначную ветку, што злучыць станцыю з чыгункай, і пляцоўку для самой АЭС. Раней, у маі і жніўні бягучага года, ужо праводзіліся даследаванні на месцы пабудовы новай дарогі Газа – Астравец.

Даследаванні, праведзеныя Акадэміяй навук, доўжыліся тыдзень і ахапілі тэрыторыю, большую за сто гектараў. В.Лакіза адзначыў, што групе археолагаў удалося выявіць некалькі археалагічных аб’ектаў, аднак яны не знаходзяцца непасрэдна ў зоне будаўніцтва.

Замоўнікам даследаванняў, у адпаведнасці з заканадаўствам краіны ў вобласці аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выступіў шэраг арганізацый, у тым ліку «Дырэкцыя будаўніцтва Астравецкай АЭС».

Плануецца, што археолагі будуць праводзіць перыядычны нагляд за землянымі работамі па будаўніцтве станцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?