У Беларусі павялічваецца колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы сярод дарослага насельніцтва, паведаміла прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) Валянціна Дрозд на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Ранняя дыягностыка, лячэнне і рэабілітацыя пацыентаў з ракам шчытападобнай залозы" ў Мінску 4 снежня.

Яна зазначыла, што калі колькасць выпадкаў раку шчытападобнай залозы сярод дзяцей стабільная, то сярод дарослых пастаянна павялічваецца. У 2008 годзе ў Беларусі была зарэгістраваная 1.000 выпадкаў раку шчытападобнай залозы. Між тым яшчэ ў 1992 годзе гэтае захворванне было выяўлена ў 400 чалавек. Паводле слоў Дрозд, высокі ўзровень захворвання прывядзе да таго, што сістэма аховы здароўя сутыкнецца ў найбліжэйшыя гады з вялікім аб'ёмам працы па лячэнні раку шчытападобнай залозы.

Прафесар кафедры эндакрыналогіі БелМАПА паведаміла, што для жыхароў Беларусі з'яўляецца таксама праблемай высокае захворванне на гіпатырэёз. Гэта клінічны сіндром, абумоўлены працяглым стойкім недахопам гармонаў шчытападобнай залозы ў арганізме. За апошнія 10 гадоў у падлеткаў і дзяцей захворванне павялічылася ў 10 разоў, сказала Дрозд. Сярод дарослых захворванне ўзрасло з 11,7 выпадку на 100 тыс. насельніцтва ў 1998 годзе да 37, 9 выпадку на 100 тыс. насельніцтва ў 2008 годзе.

Спецыяліст паведаміла, што група па вывучэнні захворванняў шчытападобнай залозы БелМАПА пры падтрымцы Еўрасаюза правяла ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці даследаванне сярод 768 маладых людзей, якіх назіралі на працягу 20 гадоў. Вучоныя выявілі, што ў тых, хто быў апраменены ўенутрывантробна, у два разы часцей сустракаецца функцыянальная недастатковасць шчытападобнай залозы, чым у астатніх. Асабліва пацярпелі дзеці, маці якіх пры апраменьванні знаходзіліся на самых ранніх тэрмінах цяжарнасці.

Дрозд мяркуе, што гэтыя даследаванні маюць патрэбу ў дадатковым вывучэнні. Раней ацэньваўся паказчык павелічэння шчытападобнай залозы, але не вывучаліся выпадкі яе змяншэння. Прафесар выказала думку, што неабходна вывучыць прычыны павелічэння колькасці выпадкаў гіпатырэёзу і яго сувязі з апраменьваннем. Пры гэтым, паводле яе слоў, асаблівую ўвагу трэба звярнуць на дзяцей, якія атрымалі дозу радыяцыйнага апраменьвання ў 1986 годзе ў выніку аварыі на ЧАЭС. Такое даследаванне можа прайсці ў межах сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) "Стварэнне ў Беларусі Міжнароднага навукова-практычнага цэнтра захворванняў шчытападобнай залозы".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?