Супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама перакрылі чарговы канал пастаўкі наркотыкаў з Расіі ў Беларусь.

Як паведамілі ў ГУУС, спачатку ў поле зроку аператыўнікаў падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі трапілі некалькі спажыўцоў псіхатропных рэчываў. Затым міліцыя выйшла на пастаўшчыка — 57‑гадовага непрацуючага грамадзяніна Расіі. Хутка з’явіліся важкія падставы меркаваць, што менавіта ён і арганізаваў паступленне наркотыкаў у Беларусь з Санкт‑Пецярбурга.

Падчас затрымання расіяніна ў Мінску ў яго знайшлі 19 г метадону, а ў доме, дзе ён жыў, у Мінскім раёне — больш як 30 г метадону, звыш 47 г гераіну, каля 1.000 таблетак МДМА. Апрача таго, у затрыманага канфіскаваны пісталет «ТТ» 1945 года выпуску, два магазіны і 17 патронаў да яго.

Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Фрунзенскага РУУС распачата справа па ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў).

Падазроны змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, правяраецца яго замешанасць ва ўчыненні іншых злачынстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?