Кафедра паліталогіі Беларускага дзяржаўнага унівэрсітэта з’яўляецца гістарычным цэнтрам айчыннай палітычнай навукі, які шмат у чым перадвызначыў развіццё гэтай дысцыпліны ў Беларусі. Выпускнікі аддзялення паліталогіі нашага ўнівэрсітэта займаюць пасады у дзяржаўных органах, палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, плённа працуюць у акадэмічнай сферы ў якасці выкладчыкаў і навуковых даследчыкаў. Дасягненні кафедры па стварэнні палітычнай навукі як галіны ведаў у Беларусі бясспрэчныя.

Адным з падставовых прынцыпаў атрымання адукацыі палітолага з’яўляецца навуковы плюралізм. Дзякуючы цвёрдай пазыцыі адміністрацыі факультэта, раней гэты прынцып выконваўся і ў шэрагах студэнтаў‑палітолагаў не было месца «паляванню на вядзьмарак».

Зразумела, што кіраўніцтву факультэта і кафедры складана было дасягнуць гэтага ў сённяшніх акалічнасцях, але ж гэта было неабходнай умовай захавання навуковага статуса дадзенай дысцыпліны.

Аднак, выпадак з адлічэннем студэнткі аддзялення паліталогіі юрыдычнага факультэту БДУ Таццяны Шапуцькі

пагражае перакрэсліць навуковыя дасягненні школы паліталогіі БДУ і можа стаць бруднай плямай на іміджы юрыдычнага факультэта.

Ініцыятары адлічэння Таццяны не хаваюць, што падставай для такіх жорсткіх адміністратыўных захадаў стала яе грамадская дзейнасць, а менавіта ўдзел у першым Форуме грамадзянскай супольнасці «Усходняга Партнёрства». Здавалася б, унівэрсітэт павінны быў бы ганарыцца такімі высокімі дасягненнямі сваіх студэнтаў у грамадскай дзейнасці. Аднак, у гэтым выпадку адміністрацыя БДУ заняла відавочна неадэкватную, неразумную пазіцыю.

Мы, выпускнікі аддзялення паліталогіі БДУ, заклікаем нашу alma mater прыгадаць, чаму нас вучылі ў яе сценах. Мы перакананыя, што адлічэнне студэнтаў на падставе іх грамадскай дзейнасці супярэчыць прынцыпам функцыянавання сучаснага ўнівэрсітэта, не адпавядае традыцыям БДУ і пагражае скасаваць статус БДУ як прыстойнай навучальнай установы.

Калі Таццяна Шапуцька не будзе адноўленая на юрыдычным факультэце БДУ, то гэта паставіць пад сумнеў стутус аддзялення паліталогіі БДУ як вядучага цэнтра ў галіне паліталагічнай адукацыі. Урэшце рэшт, гэта стане яшчэ і ўдарам па іміджы айчыннай палітычнай навукі, якая будзе адкінутая назад да сервільных узаемадачыненняў з дзяржавай. На наш погляд, такое развіццё падзеяў з’яўляецца недапушчальным.

Мы звяраемся да кіраўніцтва юрыдычнага факультэта БДУ і персанальна да прафэсара С.А.Балашэнкі і прафэсара С.В. Рэшэтнікава з просьбай прыслухацца да голаса розуму і ў межах сваёй кампетэнцыі прадпрыняць усе магчымыя захады па аднаўленні студэнткі Таццяны Шапуцькі на юрыдычным факультэце БДУ.

З павагай і занепакоенасцю за лёс айчыннай паліталагічнай школы, выпускнікі аддзялення паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ

Натальля Васілевіч (2004 год выпуску)
Юрый Чавусаў (2000 год выпуску)
Андрэй Ягораў (2002 год выпуску)
Алесь Міхалевіч (1997 год выпуску)
Андрэй Казакевіч (2002 год выпуску)
Эніра Браніцкая (2003 год выпуску)
Мікола Астрэйка (2003 год выпуску)
Іван Марозаў (2005 год выпуску)
Сяргей Кузьняцоў ( 2007 год выпуску)
Кацярына Малей (2006 год выпуску)
Кацярына Корзун (2007 год выпуску)
Алена Сідаровіч (2005 год выпуску)
Таццяна Чуліцкая (2002 год выпуску)
Андрэй Ляховіч (1997 год выпуску),
Антон Пруднікаў (2007 год выпуску)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0