Сярод шматлікіх геаграфічных клішэ ёсьць самае адметнае. Яно ідзе адразу пасьля «Туманнага Альбіёну, «Паднябеснай» і «Краіны ўзяходячага сонца». Гэта -- «Востраў свабоды». Савецкае клішэ халоднай вайны пасьпяхова перайшло ў сёньняшні ўжытак. І нікога не бянтэжыць, напрыклад, сказ «Новыя рэпрэсіі на Востраве свабоды». Зьмянілася гісторыя, геаграфія, палітычныя коды – словазлучэньне засталося.

У адрозьненьні ад Англіі, Кітаю, Японіі, за якімі шматвекавая традыцыя, тут – вобраз усяго толькі сарака зь лішкам гадоў. Любоў да Кубы прайшла даўно, у глыбокія савецкія часы, калі ўзьнікла прыпеўка: "Куба, верни наш хлеб, / Куба, возьми свой сахар, / нам надоел твой косматый Фидель, / Куба, иди ты на ...". Куба зьмясьцілася на далёкія ўскраіны сьвядомасьці, але ў ёй моцна засела фігура правадыра -- Фідэля Кастра.

Калі кажуць «харызматычны лідэр» -- гэта пра яго. Але Фідэлю нічога не ўдалося на Кубе. Усе рэвалюцыі бязглуздыя, а кубінская рэвалюцыя нечуваная па колькасьці недарэчнасьцяў і бяздарнасьцяў, гэта рэжым Батысты сам сябе вычарпаў і абрынуўся ў рукі Кастра. Нічога не атрымалася і потым: ні стварыць супрацьвагу ЗША, ні ўзьняць эканоміку, ні давесьці да росквіту культуру. З Кубы як беглі ў пачатку 1960-х, так і працягваюць бегчы.

Усё гэта вядома. Але няма ніводнага лаціамэрыканскага (дый іншага) папулісцкага лідэра, які б не выказваўся ў любові да Фідэля. Кастра – лякаматыў. Уга Чавэс абдымаецца з Лукашэнкам, Пуціным і Ахмадзінеджадам, бо разумее, што ў яго самога, зробленага каменнай сякерай, няма шанцаў бяз зьвязкі з Кастра. У таго – яшчэ ёсьць флёр самога слова «рэвалюцыя», ён у свае 80 захаваў энэргію (прамаўляе ўжо не шэсьць гадзінаў без паперкі, але на дзьве з паловай яго хапае) і амаль ранейшы імідж рамантычнага "барбуда".

Прыцягальнасьць Кастра несумненна: нешта ў ім знаходзілі Маркес ды іншыя інтэлектуалы. Але й грамадзкая харызма -- таксама. Выключны памер доўгачасовасьці рэжыму, які не трымаецца ні на чым, апроч самога правадыра.

Наглядны і павучальны прыклад сапраўднай дыктатуры, з тых, што даўно сышлі ў падпольле. Чавэс, кіраўнік багатай нафтавай Вэнэсуэлы, ня горш іншых бачыць убогасьць кубінскага жыцьця, але бязьмежная ўлада заўсёды здаецца зьвязанай з бязьмежным жаверам і любоўю. Гэта неадольна прыцягвае. Пры гэтым лёгка ўявіць – зь якім трэскам і булькатаньнем лясьне ў нішто краіна Кастра зь ягоным сыходам. Менавіта так, не краіна, пабудаваная Кастра, бо ён нічога не пабудаваў, а ягоны лад, бо ён здолеў пабудаваць народ пад сябе.

Пётар Вайль

Радио Свобода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0