Напачатку хацелася напісаць зусім пра іншае. Пра грамадскую значнасць выступаў Паэтычнага тэатра «Арт. С». Але калі пазнаёмілася з маленькай Альжбетай і пакаштавала салату «Альжбета — гэта лета», напісалася зусім пра іншае…

Але пра ўсё па парадку.

 Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

Ёсць у Мінску такая цікавая суполка — Паэтычны тэатр «Арт. С». Паэты, барды, музыкі на грамадскіх пачатках, без ніякага бюджэту, ладзяць літаратурна‑музычныя імпрэзы ў бібліятэках і музеях краіны. Галоўная ж пляцоўка тэатра месціцца ва ўтульнай зале бібліятэкі імя Цёткі ў Мінску. Публіка на выступы збіраецца розная. Людзям падабаецца.

Актыўныя ўдзельнікі гэтай творчай суполкі — сямейная пара Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі.

Аксана

Аксана родам з літаратурнай сям’і: дзед — Браніслаў Спрынчан, бацька — Вадзім Спрынчан. І сама яна тонкая і цікавая паэтка, майстра дасціпных фраз, якія вырастаюць з парадаксальных думак. «ЖываЯ, і не ведаю, што пасля коскі яшчэ сказаць пра сябе,/ ЖываЯ — а асноўны працяжнік ставіцца паміж датамі нараджэння і смерці», — гэта з ейнага верша.

Яраш

Яраш — гісторык, паэт і музыка. Як прафесіянал, ён прасачыў свой радавод да XVI ст. Ягоныя продкі са старажытнага шляхецкага роду атрымлівалі прывілеі ад каралёў Жыгімонта і Яна Казіміра. Ягонага прадзеда‑святара з‑пад Слуцка расстралялі бальшавікі ў 1930‑я. Гэтае веданне заставалася з ім на ўсіх скрыжаваннях лёсу.

У жыцці было шмат заняткаў — ад таксідэрміста да намесніка кіраўніка архіва. Падарожнічаў па Еўропе, спяваў на парыжскіх вуліцах. «За беларускія песні грошай у капялюш кідалі болей!» — з усмешкай успамінае ён тыя далёкія часы. Планаваў застацца там назусім, але адчуў такі прыступ тугі, што вырашыў вярнуцца. Можа, прадчуваў сустрэчу з Аксанай?

«Дзе той шлях жаданы кружляе, што кіруе на твой парог,/ Мо падкажа заўтрашні золак слушны выбар між ста дарог?» — напіша ён потым.

А Аксана ў гэты час працавала рэдактарам у славутым выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя», са скрухай назіраючы, як губляе яно сваю славу. «Кіраўніцтва мне казала: добры рэдактар ведае, чые прозвішчы нельга згадваць у энцыклапедычных артыкулах! А я адказвала: не, калі ласка, напішыце мне поўны спіс такіх асобаў!» — смяецца яна цяпер.

Спатканне

Пошукі свайго шляху прывялі абаіх на Плошчу ў сакавіку 2006 года, і там іх шляхі сышліся ў адно. Цікава: ужо не першая пара прызнаецца мне, што менавіта там знайшліся дзве палавінкі…

На той час Аксана была замужам. «Я бачыла, што майму былому мужу цяжка зразумець, чаму я размаўляю па‑беларуску, чаму іду на Плошчу, — прызнаецца Аксана. — Хаця ён і казаў, што перадачы мне насіць будзе».

Альжбета

Цяпер галоўнаму ў сям’і Аксаны і Яраша чалавеку — пястунцы Альжбеце — два гадкі і два месяцы. Альжбета — шчабятуха. І мама, і тата гавораць з ёй па‑беларуску, то і яна пакуль ведае толькі адну мову. Трэцім яе словам пасля мамы і таты было «дуда», а «папа» ў ейным лексіконе — папугай… Цікава, колькі паводле вынікаў перапісу будзе такіх людзей, што, як Альжбета, ведаюць толькі адну мову — менавіта беларускую?

І Аксана, і Яраш заўсёды гавораць па‑беларуску. На вуліцы, у бальніцы, у краме, на пошце. Аксана апавядае: «З 1 верасня 2001 года я размаўляю выключна па‑беларуску. За гэтыя восем гадоў гутарыла па‑расейску толькі два дні — калі была ў Таджыкістане. А пачалося так: я выкладала беларускую мову ў Політэхнічнай акадэміі. І адзін студэнт спытаў троху з’едліва — пасля маёй палымянай прамовы пра мілагучнасць роднай мовы і пра карані продкаў: «А вы, Аксана Вадзімаўна, размаўляеце па‑беларуску заўсёды?» Я адчула, што не змагу выкладаць, калі не прагучыць «так». У тую хвіліну рудыментны хвост расійскай адваліўся. І я стала сабой».

Утульны дом

Яраш працуе ў турыстычных фірмах, якія арганізуюць вандроўкі па Беларусі. Ягоны профіль — гістарычныя мясціны, замкі, маляўнічыя сведкі мінуўшчыны. «Намагаюся праводзіць экскурсіі па‑беларуску. Але ведаеце, што мяне непакоіць? Мы ў свой час таксама жылі ў расійскамоўным асяродку, але па‑беларуску добра разумелі. Сёння дзеці‑школьнікі беларускай не разумеюць. На працягу экскурсіі не‑не і чую: « А что означает это слово?»

Здавалася б, у доме такога багемнага людства, як Аксана і Яраш, павінна быць тое, што звычайна далікатна называюць «творчым беспарадкам». А не ж. Тут ідэальна прыбрана, утульна, смачна пахне любістай і кары — Аксана згатавала курыцу. У беззаганным парадку захоўваюцца калекцыі — старажытных абразоў, музычных інструментаў (гэта збірае Яраш, усе інструменты ў дзейным стане, і Яраш умее на іх іграць) і… жабак.

Жабкі — зацікаўленне Аксаны. На некалькіх паліцах шафы яны тут на розны густ. Гліняныя, драўляныя, з тканіны і пластмасы, з золата і шкла. Аксана лічыць жабак сімваламі Беларусі. «Буслы ад нас на паўгода злятаюць, — жартуе яна. — Ды і без жабак яны б тут не пражылі. А беларускія жабкі не могуць жыць у няволі. Толькі ў родных балотах, а беларускія балоты — лёгкія Еўропы. Дый памятаеце пра тую жабку, што біла лапкамі ў збане з малаком, пакуль не збіла масла?»

Дарагое лецішча

У жывой прыродзе сваіх улюбёнак Аксана можа вывучаць на лецішчы каля знакамітай Лысай Гары, дзе некалі давалі дзялкі пад дачы пісьменнікам. Гэтае месца Аксана вельмі любіць і лічыць, што яно валодае гаючай энергетыкай. Тут у такім жа парадку, як гарадскую кватэру, яна трымае сад і агарод. Вырошчвае адмысловыя кабачкі, на якіх праяўляюцца надпісы «Жыве Беларусь!», і абменьваецца ўраджаем з суседам‑пісьменнікам Віктарам Казько.

Шчасце жыць

Мы пра многае размаўлялі з Ярашам і Аксанай. Але галоўнае, што запомніцца надоўга — гэта абсалютна шчаслівая дзяўчынка‑беларусачка Альжбета. І фраза Яраша: «Што б ні было, мы будзем рабіць тое, што трэба, тое, што нам хочацца і што нам цікава. Мы будзем жыць па‑беларуску. Мы будзем падтрымліваць агмень беларускасці. Бо калі не мы, тады хто?»

Я пабывала ў гасцях у сям’і, шчасцю якой, мне падалося, перашкаджае толькі адсутнасць машыны, каб вазіць Альжбету ў беларускі садок — найбліжэйшы месціцца на вуліцы Багдановіча, кіламетраў за пяць ад іх Вяснянкі. Але ці гэта такая ўжо вялікая перашкода шчасцю?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?