Колькі дзён таму на прыватную скрыню прыйшоў ліст зь невядомага адрасу, зь відавочна адрасаваным ня мне, а ўсім запар тэкстам. Быў бы звычайны спам, калі б ня дзьве акалічнасьці - тое, на які адрас ён прыйшоў (а на гэты адрас спам прыходзіць зарэдка), і тэкст. Відавочна, хтосьці з тых, зь кім я перапісваўся, «зьліў» мой адрас спамэрам, і гэта вельмі непрыемна. А тэкст…

Паважаны беларус!

У гэты цяжкі час Радзіме патрэбная твая дапамога. Незалежнасьць Беларусі, яе нацыянальныя сымбалі, беларуская мова, гісторыя і культура ёсьць найбольшымі каштоўнасьцямі, якія разбураюцца зараз і якія трэба бараніць. Зараз, калі фактычна забароненыя апошнія незалежныя выданьні, калі зьнішчаюць Саюз пісьменьнікаў (а яго бібліятэку выкідаюць на вуліцу) вельмі важна для беларусаў трымацца разам, стаяць адзін за аднаго, бараніцца і пашыраць свой уплыў. Трэба па меры магчымасьцяў садзейнічаць распаўсюджваньню беларускіх кніг, беларускай музыкі, спрыяць кансалідацыі беларусаў на грунце нацыянальных каштоўнасьцяў дзеля пабудовы беларускай дэмакратычнай дзяржавы.

Побач жывуць сотні і тысячы сьвядомых беларусаў, якія падзяляюць нашыя погляды, але ж мы раз’яднаныя! Трэба знаходзіць адзін аднаго, трэба разам рабіць агульную справу.

Калі Вы зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць кантактную інфармацыю аднадумцаў, якія жывуць побач, адкажыце на гэты ліст – пацьвердзіце свой намер аддана працаваць дзеля Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!
http://www.bielarus.net

Вось такое вось. Калі прайсьці па спасылцы, то пабачым, што бруднымі мэтадамі карыстаюцца пазьнякоўцы…

Зайшоў. Пачытаў. Не магу не пракамэнтаваць.

«Беларуская салідарнасьць».. Гучная назва. Адразу бачна, што аўтары хочуць падпісаць пад сябе ўсіх беларусаў, як было ў Польшчы зь ейнай Solidarność. Але ж калі так, тады хоць бы як хавалі сваю сутнасьць! Але ж не хаваюць. І як бачна, «БС» тая - проста новая назва КХП, зь Зянонам Пазьняком, вядома, на чале.

Калі чытаеш тыя артыкулы, што зьмешчаныя на тым сайце, разумееш, наколькі ўсё ж такі спадар Пазьняк і ягоныя паплечнікі далёка ад Беларусі, беларусаў і іхных праблем. Наколькі ён, насамрэч, ужо далёкі ад уласна палітыкі, як змаганьня за сэрцы людзей. Часам узьнікае адчуваньне, што ён быццам такі энэргічны пэнсіянэр - ірвецца зрабіць што-небудзь істотнае, увесь час узгадваючы былое, тыя часы, калі ён быў малады і ўсё было лёгка. Большая частка артыкулаў тычыцца ўспамінаў пра «залатыя часы», калі Фронт быў сапраўды моцным; часам трапляюцца думкі пра тое, як усё будзе добра і выдатна ў будучыні, калі нацыянальная ідэя пераможа. Але ж, нажаль, пра сучаснасьць адэкватнага мала. Бачна, што Пазьняк болей гісторык за палітыка… Цікава толькі, ці можа гэта зьмяніцца яшчэ?

Варты асобнай згадкі апошні артыкул Сяргея Навумчыка, які нават патрапіў у «Нашу Ніву». Цытую: » У параўнаньні са Сьцягам, з Гербам, з мовай, эканоміка (якая ў жыцьці грамадзтва, канечне, важная) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная – яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы.» Адразу хочацца падказаць аўтару, што піраміду Маслоў ніхто не адмяняў, і самымі важнымі для чалавека застаюцца біялягічныя патрэбнасьці - як «што зьесьці», бясьпека і ўтульнасьць - як «дзе жыць», а ўжо потым - усё астатняе, улучна з грамадзтвам, нацыяй, сымбалямі і мовай. І пакуль простыя людзі баяцца, што калі Пазьняк прыйдзе да ўлады, у іх адбяруць іх крывёй заробленыя 250 баксаў і ім ня будзе чаго есьці, іх ніякімі сымбалямі не прыцягнеш да салідарнасьці. Факт, што інтэлігенцыя, якая можа зразумець, што лёс нацыі важнейшы за заробак на заводзе, заўсёды ў меншасьці. А астатнія таксама існуюць, і яны таксама людзі, і пра іх ня трэба забываць - а спадары Пазьняк і Навумчык, нажаль, забываюць. Гэта, сябры, палітыка, а не асьвета, бо пакуль немагчыма зрабіць так, каб 10 мільёнаў адразу захацелі жыць пад нацыянальнымі сымбалямі і менавіта ў незалежнай дзяржаве. І пакуль мільёны сапраўды гатовыя згубіць незалежнасьць, толькі каб заробкі былі болей, датуль змагацца трэба не з палітолягамі, а з уласнымі забабонамі і інэрцыйнасьцю мысьленьня; бо людзям трэба даводзіць ня тое, што з чырвоным лепей спалучаецца белы, чым зялёны, а тое, што пры нацыянальнай уладзе і ў незалежнай краіне заробкі ў людзей могуць і будуць высокія.

У тым і адрозьненьне, і посьпех польскай Салідарнасьці - у тым, што там рабілі справу рабочыя з электрыкам на чале для рабочых, і яны разумелі простых людзей, і людзі іх разумелі. А пакуль гэтага разуменьня няма - гэта не «Беларуская салідарнасьць», а гістарычны гурток. Гісторыя, спадарства, не адзіная дастойная навука. Эканоміка, псыхалёгія, лёгіка, паліталёгія і яшчэ шмат якія ня менш дастойныя. Зьвярніце на іх увагу.

ps: я ня стаў адказваць на той ліст. Я і так без гуртка здольны аддана працаваць дзеля Бацькаўшчыны. На жаль, зараз і так зашмат лепшых людзей марнуюць свой час і высілкі, робячы незразумелыя рэчы, - напрыклад, зьбіраючы подпісы за Пазьняка перад выбарамі…

BM, TOL Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0