Шквал званкоў абрушыўся на рэдакцыю: няўжо i праўда, што гiсторыю Беларусi ў беларускiх школах будуць выкладаць па-руску? Гэтае пытанне я адрасавала начальнiку аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплiн упраўлення вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Надзеi ГАНУШЧАНКА.

– Перш за ўсё я хацела б адзначыць, што ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, Законам аб адукацыi i Законам аб мовах – грамадзянам нашай краiны гарантавана права выбару мовы навучання i выхавання. Гэта пазiцыя таксама замацавана ў новым Законе «Аб агульнай сярэдняй адукацыi», якi прыняты 5 лiпеня гэтага года. Вызначэнне статусу школ або класаў па мове навучання ажыццяўляецца па рашэнню мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, з улiкам пажадання навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў.

Другое, на што хачу звярнуць увагу. У 2006 годзе зацверджаны новыя Правiлы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Абiтурыенты маюць права здаваць профiльныя iспыты на беларускай або рускай мове (па выбару). Гэта датычыцца i гiсторыi Беларусi – на шэрагу спецыяльнасцяў уступны iспыт па гэтай дысцыплiне ўведзены як профiльны.

Калi мы далi права выбару абiтурыентам, калi наша заканадаўства дае права выбару мовы навучання сярэднiм i вышэйшым навучальным установам, то мы павiнны стварыць адпаведныя ўмовы для рэалiзацыi гэтага права i забяспечыць iх адпаведнай вучэбнай лiтаратурай – падрыхтаваць падручнiкi i выдаць iх i на беларускай, i на рускай мовах.

– На беларускай мове падручнiкi па гiсторыi Беларусi ўжо выдадзены...

– Яны выдавалiся ўвесь час i будуць выдавацца пастаянна для ўсiх навучальных устаноў з беларускай мовай навучання i для навучальных устаноў з рускай мовай навучання (па iх выбару); школы забяспечаны iмi поўнасцю, нiякiх праблем няма. Але павiнны быць таксама i падручнiкi на рускай мове.

Права выбару – вельмi важны аспект. На сёння ў нашай сiстэме адукацыi вучэбная лiтаратура выдаецца на васьмi мовах.

Яшчэ адзiн важны нюанс. Сёння мы хочам, каб гiсторыю Беларусi ведалi i суседнiя краiны. Яны лепш разумеюць напiсанае па-руску. У нас, безумоўна, iснуюць падручнiкi па гiсторыi Беларусi i на рускай мове. Для ВНУ – гэта падручнiк у дзвюх частках пад рэдакцыяй Якава Трашчанка, дацэнта Магiлёўскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Куляшова. Ёсць i «Очерки по истории Беларуси» П. Чыгрынава для ВНУ, праграма па гiсторыi Беларусi для ВНУ таксама выдавалася на рускай мове.

Зараз, як вы ведаеце, мы падрыхтавалi i выдалi вучэбныя дапаможнiкi «Вялiкая Айчынная вайна савецкага народа (в кантэксце Другой сусветнай вайны)» – як для ВНУ, так i для сярэднiх устаноў. Кнiгi выдадзены на дзвюх мовах. Хачу адзначыць, што яны выклiкалi вялiкую цiкавасць у нашых суседзяў. Мы падарылi 18 абласцям Расii гэтыя выданнi. У іх 70 працэнтаў матэрыялу – аб укладзе беларускага народа ў Перамогу над фашызмам. Такiм чынам, з гераiчнай старонкай гiсторыi нашай дзяржавы могуць пазнаёмiцца iншыя краiны, і асабліва моладзь.

Калi будуць падручнiкi на рускай мове, то больш будуць ведаць пра Беларусь у свеце – пра яе складаную, цiкавую гiсторыю, сучаснае развiццё, культуру, навуку. У асобных краiнах, на жаль, сёння яшчэ мала ведаюць пра Беларусь.

– Калi нашы дзецi будуць вучыць гiсторыю Беларусi па-руску, то ў свеце больш даведаюцца пра нашу краiну?..

– Я кажу пра неабходнасць мець падручнiкi на рускай мове. Тым больш, у нашы ВНУ паступаюць i абiтурыенты з Расiйскай Федэрацыi і іншых краін – мы зацiкаўленыя ў тым, каб i яны ведалi нашу гiсторыю.

У рамках Саюзнай дзяржавы мы праводзiм алiмпiяду для школьнiкаў «Расiя–Беларусь: гiстарычная i духоўная еднасць». У ёй бяруць удзел вучнi з усiх рэгiёнаў нашай рэспублiкi i з многiх рэгiёнаў Расiйскай Федэрацыi. А пытаннi ў асноўным прысвечаны лiтаратуры i гiсторыi. Беларускiя вучнi вывучаюць гiсторыю Расii, рускую лiтаратуру. А расiйскiя вучнi не маюць дадат-ковай магчымасцi знаёмiцца з гiсторыяй Беларусi, беларускай лiтаратурай, бо ў iх няма адпаведных дапаможнікаў.

– I ўсё ж, калi гаварыць пра беларускiх школьнiкаў: што значыць «права выбару»?.. Пасля мiнiстэрскага рашэння ва ўсiх рускамоўных школах гiсторыя Беларусi будзе – аўтаматычна – выкладацца па-руску? А, дапусцiм, калi вучань захоча працягваць вывучаць гiсторыю па-беларуску – цi будзе ў яго гэта «права выбару»?

– Яшчэ раз паўтару: выканаўчыя i распарадчыя органы ў адпаведнасцi з заканадаўствам выбiраюць, на якой мове будзе працаваць навучальная ўстанова, – на рускай або беларускай. Акрамя таго, навучанне ў шэрагу ўстаноў iдзе на дзвюх мовах: у рускамоўных школах ёсць класы, у якiх навучанне вядзецца па-беларуску.

Мы даём права выбiраць. Гэта значыць, рускамоўная школа можа пакiнуць вывучэнне гiсторыi Беларусi на беларускай мове.

– Чытачы пытаюцца: цi не з’яўляецца гэта рашэнне штучным, «высмактаным з пальца»? У якасцi аргумента прыводзяць «моўнае» цэнтралiзаванае тэсцiраванне. Колькi сёлета было выпускнiкоў беларускамоўных сярэднiх школ?

– У 11-х класах сёлета навучалася каля 95 тысяч вучняў: з iх амаль 22 тысячы – на беларускай мове i 73 тысячы – на рускай.

– А цэнтралiзаванае тэсцiраванне па беларускай мове здавала больш за 75 тысяч чалавек, па рускай – больш за 96 тысяч. Калi супаставiць лiчбы: многiя выпускнiкi рускамоўных школ выбралi тэст па роднай мове. Гэта сведчыць пра тое, што яны ведаюць родную мову i хочуць, каб асяродак яе ўжывання пашыраўся.

– Гэта так. А давайце паглядзiм на ЦТ па гiсторыi Беларусi. Яго праходзiла 31 600 абiтурыентаў. 6455 чалавек здавала тэст на рускай мове. Гэта пры тым, што навучанне па прадмету вядзецца на беларускай мове. Мне здаецца, гэта даволi значная лiчба ў дадзенай сiтуацыi.

Да нас у мiнiстэрства перыядычна паступалi звароты адносна таго, што мы не даём магчымасцi вывучаць гiсторыю Беларусi на рускай мове.

– Чытачы просяць удакладнiць: цi не плануецца перавесцi на рускую мову таксама выкладанне беларускай мовы i лiтаратуры?

– Ну, гэта пытанне, адчуваю, з разраду жартаў. Зразумела, у нашай краiне такога адбыцца не можа. Наогул, у 2001 годзе Мiнiстэрствам адукацыi прынята праграма дадатковых мераў па пашырэнню выкарыстання беларускай мовы ў сiстэме адукацыi. Адпаведныя захады прымаюцца, у тым лiку i ў гарадской мясцовасцi. Да 1 верасня гэтага года будзе выдадзена 175 найменняў падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў для агульнаадукацыйных устаноў (тыраж – 6 063 497 экзэмпляраў), з iх 81 найменне – на беларускай мове (тыраж – 2 607 500 экзэмпляраў).

– Дарэчы, а колькi беларускiх школ у Мiнску?

– У сталiцы 234 сярэднiя агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы, з iх 4 беларускамоўныя гiмназii i 43 школы з дзвюма мовамi навучання.

– Дзякуй за гутарку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?