З вэнэсуэльскай вайсковай турмы ўцёк лідэр Вэнэсуэльскай канфэдэрацыі працоўных Карляс Артэґа (Carlos Ortega), дзе ён адбываў 16-гадовы тэрмін за арганізацыю паўстаньня. Паводле інфармацыі Reuters, у нядзелю ўцёкі аднаго з галоўных праціўнікаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы пацьвердзіў міністар абароны краіны.

Як паведаміў генэральны пракурор Вэнэсуэлы Ісаяс Радрыґес (Isaias Rodriguez), Артэґа зьбег з турмы Рама Вэрдэ (Ramo Verde), разьмешчанай каля Каракасу, відаць па ўсім, досьвіткам нядзелі разам з трыма афіцэрамі. Пракурор не выключае, што хтосьці з кіраўніцтва турмы дапамог арганізаваць уцёкі.

У 2002 годзе Карляс Артэґа арганізаваў двухмесячную ўсеагульную забастоўку, спрабуючы дамагчыся адстаўкі Чавэса. Мэты сваёй ён не дасягнуў, аднак двухмесячны перапынак у працы стаў важкім ударам для нафтавай прамысловасьці, найважнейшай галіны краіны. Нагадаем, па аб’ёме экспарту нафты Вэнэсуэла займае пятае месца ў сьвеце.

Пасьля паведамленьняў пра тое, што Чавэс нібыта хоча забіць Артэґу, Коста-Рыка дала лідэру вэнэсуэльскіх працоўных палітычны прытулак. Аднак ён вярнуўся ў Вэнэсуэлу і, як паведамляецца, потайкі рыхтаваў скіданьне Чавэса. Яго затрымалі ў сакавіку 2005 году ў начным клюбе Каракасу.

У сьнежні 2006 Артэґу вынесьлі прысуд і зьняволілі ў вайсковай турме, па словах Радрыґеса, “каб гарантаваць ягоную бясьпеку”. Лідэры апазыцыі лічаць зьняволеньне Артэґі прыкладам палітычнага перасьледу дысыдэнтаў. Артэґа быў арганізатарам чатырох забастовак і адной спробы палітычнага перавароту. Аднак вэнэсуэльскі лідэр трывала агнездаваўся ва ўладзе і спадзяецца на пераабраньне на выбарах у сьнежні 2006 году.

Lenta.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0