Лідэр салігорскай апазіцыйнай моладзі Іван Шыла камісаваны рашэннем медкамісіі. 3 снежня скончыўся ягоны тэрмін службы. Усяго ў вайсковай частцы пасёлка Межыца (Лепельскі раён) Іван прабыў больш за 10 месяцаў. Прычына камісіі — моцная алергія, магчыма, на мясцовую ваду. Дактары палічылі, што Іван з такім захворваннем не можа працягваць службу.

«Наша Ніва»: Якія першыя ўражанні пасля дэмбелю?

Іван Шыла: Радасныя. Кожны салдат ідзе дадому з радасцю, незалежна ад таго, колькі ён адслужыў. У любым разе, войска — гэта абмежаванне волі, а вяртанне вельмі прыемнае. Мой погляд на войска таксама змяніўся, можа таму, што яно засталося недзе ззаду. Цяпер я гляджу на яго больш‑менш пазітыўна. І лічу, што вайсковы досвед пайшоў мне на карысць.

«НН»: А што менавіта было пазітыўнага?

ІШ: Гэта іншы свет, іншыя людзі, з якімі я рэдка сутыкаўся да гэтага. Усе мае аднакласнікі паступілі ва ўніверсітэты. У людзей, якіх прызываюць у армію, іншыя каштоўнасці, іншае бачанне свету, прыярытэты. Войска дае магчымасць пажыць у гэтым калектыве, адаптавацца, выбудаваць свае прынцыпы. У нейкім сэнсе гэта праверка на трываласць. Войска дае магчымасць пераасэнсаваць зробленае, бо на ранейшае жыццё глядзіш з нейкай дыстанцыі. Ты жывеш калі не ў экстрэмальных, то ў незвычайных і цяжкіх умовах. Падчас начных нарадаў, дзяжурстваў ёсць магчымасць застацца сам‑насам з сабой, пад рукі трапляе добрая кніжка. Ідэальныя ўмовы, каб падумаць, нешта запісаць, прачытаць. Навучыцца вырашэнню побытавых праблемаў. Хай гэта абіранне бульбы, шыццё ці нейкі рамонт. Я не магу сказаць, што лепш для чалавека: ісці ў войска ці з’ездзіць у Аўстралію. Важна, як чалавек скарыстае гэты досвед.

«НН»: А што, наадварот, было негатыўнага?

ІШ: Звяртаешся да непатрэбных нагрузак, да працы дзеля працы. Кожны бачыць галечу войска, а праз гэтую галечу нельга гаварыць пра баяздольнасць. У войску нават месца ў прыбіральні дзеляць паводле тэрміну службы. Калі чалавек слабы і прыходзіць служыць — гэта страшна. У такіх калектывах мусяць быць слабыя людзі, якіх цкуюць, зневажаюць…

Праблем безліч.

Гэта беларускія афіцэры, якія п’юць, крадуць, якія не могуць звязаць двух словаў, але маюць вышэйшую адукацыю.

У мяне ёсць шмат пытанняў да Вайсковай акадэміі. Войска — гэта вялікая фікцыя. Людзей прызываюць не бараніць Радзіму, а прытрымліваць на сваёй спіне сценку, якая падае. Я служыў у «інтэлектуальных» войсках супрацьпаветранай абароны, але хлопцы там не ведаюць слова «тапаграфія». Я быў адзін з трох салдатаў, якія з першага разу здалі ідэалагічную падрыхтоўку. Прычым, здаў на выдатна. Там пытанні не пра палітыку Лукашэнкі, а колькі ў Беларусі абласцей. І ніхто не ведае!

Ніхто не ведае імя міністра абароны і ягонае званне.

«НН»: А як у цябе складаліся адносіны з саслужбоўцамі?

ІШ: Выдатна. Канечне, былі канфлікты. Але войска не тое месца, дзе ты можаш проста адмежавацца ад чалавека. Не, ты год, паўтара года знаходзішся з ім у адным памяшканні і мусіш неяк улагоджваць канфлікты. У войску можна давесці, што ты іншы чалавек, і гэта не страшна. Захаваць свае каштоўнасці. Заслужыць нармальнае стаўленне афіцэраў.

«НН»: А з «дзедаўшчынай» сутыкаўся?

ІШ: Асабіста я — не. Але «дзедаўшчына» ёсць. Яна мяняе форму, цяпер больш «дзедаўшчыны» грашовай, працоўнай. Мы ад гэтага далёка не адышлі. У войску гінуць людзі. Штогод з беларускай арміі ўцякае 30—40 чалавек. Любы салдат з любой часткі можа расказаць пра «дзедаўшчыну». Па ёй жыве 90‑95% салдатаў. Многія афіцэры лічаць «дзедаўшчыну» эфектыўным і простым метадам падтрымання парадку. Па‑за «дзедаўшчынай» жыць таксама можна. Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

«НН»: А праблемы з ужываннем беларускай мовы былі?

ІШ: Не, не было. Там усё ж перада мной служыў Алесь Каліта. У Салігорску размаўляць па‑беларуску мне было складаней, чым у войску.

У Межыцы ўсе звыкліся, што Шыла гаворыць па‑беларуску ўвесь час.

Шыла гаворыць па‑беларуску, калі прачынаецца і кладзецца спаць, калі падае каманды і ў прыватнай гутарцы. Усе ведаюць і вымушаны разумець гэтыя словы. А ў Салігорску ты прыходзіш да прадавачкі ў краму, якую, магчыма, больш і не пабачыш, і яна ўпершыню сутыкаецца з беларускай мовай.

«НН»: Чаго табе найбольш не хапала ў войску?

Іван Шыла нар. 25 лістапада 1990 у Салігорску. Лідэр салігорскае апазіцыйнае моладзі. Затрымліваўся міліцыяй больш за паўсотні разоў. У чэрвені 2008 быў адлічаны са школы за дзень перад апошнім экзаменам. У студзені прызваны праходзіць тэрміновую службу ў вёсцы Межыца (Лепельскі раён). Камісаваны 3 снежня 2009 г.

ІШ: Першыя месяцы не хапала жудасна інфармацыі, не хапала знаёмых. Пасля ўсё стала на свае месцы. Спачатку войска здавалася альтэрнатыўным, часовым, незразумелым светам. Пасля стала светам з тымі ж правіламі, праблемамі, сябрамі. Канечне, гэта свет з абмежаваннямі. Амаль аднаполы свет, але ён мне замяніў ранейшы. Я стаў спраўляцца з тымі нагрузкамі, што мне выпалі. І дзякуй войску, што я стаў больш самастойным.

«НН»: Самым цяжкім было?..

ІШ: Першыя два тыдні службы. Калі ты сутыкаешся з новымі правіламі, з новымі людзьмі. І табе трэба заслужыць тут нейкі статус, выбудаваць мадэль паводзінаў.

«НН»: А як жа гаўптвахта?

ІШ: Не хачу, каб праз гэты досвед праходзіў нехта яшчэ. Мяне пасадзілі на сем сутак у адзіночную камеру. Памер камеры тры метры на метр. Людзей бачыш 4—5 разоў у дзень. Раніцай на прыбіральню, на галенне даецца паўтары хвіліны. Ежу падаюць праз «кармушку». Часам выводзяць на шпацыр. Умовы на гаўптвахце непараўнальна горшыя за акрэсцінскія. Трэба ўвесь час сядзець, каб рукі былі бачныя. Кожныя 90 секунд у камеру зазірае ахоўнік. Чытаць нічога не даюць, не дазваляюць нават адціскацца. Пастаянна гараць дзве лямпачкі, жалюзі на вокнах шчыльна зачыненыя, што нельга разабраць дзень ці ноч. Па змене варты ў камеры адбываюцца шмоны.

«НН»: Падчас службы ты пісаў шмат скаргаў у Міністэрства абароны, ніжэйшыя інстанцыі. Яны давалі вынік?

ІШ: Так, давалі. Дробныя пытанні ўдавалася вырашаць. Вярнуць адпачынак хлопцам, які скарацілі праз знаходжанне на «губе».

Дабіцца ўсталявання на тэрыторыі часткі таксафона.
Казарма і лазня былі ўнесеныя ў спіс аб’ектаў, якія налета адрамантуюць. Паабяцалі ўсталяваць станцыю па абезжалезванні вады. Значна палепшала харчаванне пасля таго, як удалося сабраць сорак подпісаў з патрабаваннем палепшыць рацыён.

«НН»: У нарады часта хадзіў?

ІШ: За 10 месяцаў у нарадах быў больш за 80 разоў. Вайсковыя ідэолагі настойвалі на тым, каб у мяне ўвесь час былі дысцыплінарныя спагнанні. А гэта аўтаматычна павялічвае колькасць нарадаў. Восенню за службу мне абвясцілі падзяку, але пасля прыезду аднаго такога ідэолага яе знялі.

«НН»: Фізічна ў войску ўмацаваўся?

ІШ: Супрацьпаветраныя войскі — не спецназ і не дэсант. Усё залежыць ад чалавека. Ёсць турнік, пара трэнажораў, урэшце, прастора ля свайго ложка, дзе ніхто не замінае адціскацца. Раз ужо выпала магчымасць, стараўся болей займацца спортам і чытаць. Кніжак прачытаў паўсотні. А замест чатырох разоў стаў падцягвацца 14. Адціскаюся 70 разоў.

«НН»: Якія планы на будучыню?

ІШ: Кароткатэрміновыя — пабачыцца з сябрамі, пагаварыць. Адназначна хачу атрымліваць адукацыю. Быць ідэйным маладым чалавекам, маладафронтаўцам без адукацыі — шлях у нікуды, тупік.

«НН»: А што б параіў тым хлопцам, якія служаць цяпер ці маюць пайсці ў войска?

ІШ: Можа быць, каб яны ішлі ў войска не толькі для таго, каб капаць акопы, піць гарэлку, спяваць армейскія песні і разважаць пра вайсковую рамантыку. Гэты час можна выкарыстаць на ўдасканаленне войска і саміх сябе.

Гутарыў Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0