10 снежня праваабаронцы меліся адзначаць 61‑я ўгодкі Сусветнага дня правоў чалавека. Напачатку яны хацелі замовіць трамвай, каб ездзіць па горадзе і тлумачыць людзям гэтую важную дату, раздаючы жыхарам сталіцы Дэкларацыю аб правах чалавека.

Трамвай не далі, тады папрасілі аўтобус.

Гарадскія службы напачатку пагадзіліся, але на пад’ездзе да Чыгуначнага вакзала, дзе мела пачацца акцыя, аўтобус з кіроўцам затрымалі.

Цяпер праваабаронцы, найперш сябры Беларускага Хельсінкскага камітэта, прадстаўнікі АБСЕ, а таксама пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, пісьменнік Уладзімір Арлоў, ві‑джэй Каця Пытлева (усяго 25—30 чалавек) стаяць на Прывакзальнай плошчы. Ядуць торт і тым самым святкуюць угодкі прыняцця Усеагульнай дэкларацыі аб правах чалавека.

***

«Мабыць, выпадкова трамвай зламаўся і выпадкова кіроўцу аўтобуса спынілі і павезлі ў РАУС, — дыпламатычна каментуе Стэфан Эрыксан з усмешкаю на твары. — Самае галоўнае, што свята адбылося. Добра, што Беларусь, таксама як і ва ўсім свеце, адзначае гэтае свята. Шкада, што не атрымалася як планавалі арганізатары. Пра правы чалавека патрэбна нагадваць людзям кожны год і кожны дзень. Не трэба ўспрымаць гэта як дадзенае на заўжды.

Я лічу, і ў Беларусі і ў Швецыі бываюць праблемы з парушэннем правоў чалавека. У нас таксама ёсць людзі, якія падаюць скаргі і судзяцца і даказваюць, што былі парушаны іх правы. Думаю, што ў Беларусі дзесьці ёсць моманты, дзе можна палепшыць гэты стан. І самае важнае нагадаць простым людзям і ўладзе, што ёсць такі дзень і ёсць такая рэч, як правы чалавека і іх трэба абараняць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?