15 чаканых і нечаканых фактаў пра нас саміх з апытання «нацыянальная ідэнтычнасць у сучасным беларускім грамадстве,» праведзеным інстытутам BISS і лабараторыяй «НовАК» у супрацоўніцтве з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» у жніўні 2009 г.
1. Мы – беларусы!
У значнай ступені ці цалкам адчуваюць сябе беларусамі 70% апытаных. Савецкімі людзьмі – толькі 27%.
2. Мы – самі!
51% апытаных лічыць, што беларусы – асобны народ са сваёй гісторыяй і культурай. Часткай трыадзінай славянскай нацыі сябе ўспрымае 41% беларусаў.
3. Мы розныя, і гэта нармальна!
Толькі 9,7% заяўляюць, што яны цалкам тыповыя беларусы. Большасць, ідэнтыфікуючы сябе як беларусаў і заяўляючы пра роднасць з суайчыннікамі, шануюць уласную індывідуальнасць.
4. Беларус? Шануй карані і краіну!
44% рэспандэнтаў лічаць, што толькі той, хто выхаваны на беларускай культуры, можа называць сябе беларусам. Для 33% важна любіць Беларусь, для 30% – быць патрыётам краіны.
5. Беларуская мова – нацыянальная каштоўнасць!
Больш за 46% выказаліся менавіта так на пытанне пра тое, чым з’яўляецца для іх беларуская мова. Яшчэ 35% сказалі, што гэта нацыянальны сімвал беларусаў. Такім чынам мова апярэдзіла ў спісе сімвалаў нават дзяржаўныя герб і сцяг (па 20%), зубра (14%) і бусла (9%). Толькі 10% заявілі што беларуская мова – абсалютна непатрэбная.
6. Беларуская мова – не сялянская!
Толькі 16% рэспандэнтаў падзяляюць стандартны савецкі стэрэатып, што беларуская мова – гэта мова вёскі.

7. Размаўляеш па‑беларуску? Рэпект і паважуха!

49% рэспандэнтаў, адказваючы на пытанне пра тое, што яны думаюць пра людзей, якія размаўляюць выключна па‑беларуску, заяўляюць, што гэта сапраўдныя патрыёты. Толькі ад 3 да 6% лічаць, што гэта «апазіцыя», «странныя людзі», «вёска», або «тыя, хто хоча выпендрыцца».
8. Самая беларуская – Магілёўская вобласць!
Менавіта там большая частка насельніцтва жадае карыстацца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці і заяўляе пра сваё добрае валоданне мовай.
9. Хочам ведаць болей!
Да 70% беларусаў жадалі б пашырыць свае веды па беларускай гісторыі, культуры, народных абрадах і традыцыях.
10. Дзяржаву і рэкламу – на мову!
Каля паловы беларусаў выступае за пераважную прысутнасць беларускай мовы ў дзяржаўным справаводстве. Каля траціны выказвае пажаданне большай прысутнасці беларускай мовы ў медыях, жадае глядзець фільмы па‑беларуску, аддае перавагу беларускамоўнай рэкламе.
11. Беларусы – родам з ВКЛ!
Менавіта Вялікае княства Літоўскае вызнаюць за гістарычную прарадзіму 38% беларусаў. 17% называюць Полацкае і Тураўскае княствы, і толькі 12% – БССР. Менавіта герояў і дзеячоў ВКЛ часцей узгадваюць як гістарычных персанажаў, пра якіх рэспандэнты хочуць больш пачуць і даведацца.
12. Імя Беларусі – Францыск Скарына!
Яго ў якасці найбольш папулярнага нацыянальнага героя прызналі 25% рэспандэнтаў. На другім месцы ідзе Пятро Машэраў, на трэцім – Кастусь Каліноўскі.
13. Беларусы – людзі на балоце і гэтым ганарацца!
Менавіта гэты твор Івана Мележа прызнаны найбольш значным творам беларускай літаратуры. У спісе найбольш папулярных беларускіх пісьменнікаў лідзіруюць, што прадказальна, Якуб Колас, Янка Купала і Васіль Быкаў.
14. «Песняры» застаюцца найбольш прызнаным нацыянальным брэндам.
Каля 40% беларусаў прызналі легендарную рок‑групу любімымі нацыянальнымі выканаўцамі. Прадстаўнікі «пакалення 75%» не набіраюць у гэтым віртуальным хіт‑парадзе і 6‑7% галасоў.
15. Гонар, годнасць, любоў, адказнасць, адданасць
. Менавіта гэтыя асацыяцыі выклікае ў беларусаў свая нацыянальнасць. Сорам і абыякавасць – толькі ў 4‑5 адсоткаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?