На перамовах у Маскве 10 снежня беларуская дэлегацыя не толькі запрасіла новых саступак, але і запатрабавала змяніць расійскае заканадаўства ў інтарэсах Беларусі, паведамляе «Коммерсантъ».

Газета прыводзіць выказванне прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева: «Намі прынята, па сутнасці, прынцыповае рашэнне станоўча адказаць на розныя звароты [беларускага боку], датычныя таго, як будзе адбывацца супрацоўніцтва ў нафтавай сферы».

Крыніца ў расійскай дэлегацыі растлумачыла, што гаворка ідзе пра захаванне льготнага пошліннага рэжыму пры пастаўках расійскай нафты ў Беларусь. «Беларускі бок жадаў бы паменшыць цяперашнюю стаўку. Мы ж выказаліся за тое, каб не павышаць яе, а захаваць на цяперашнім узроўні. Гэта і ёсць наша ім уступка»,— паведаміў суразмоўца газеты. Пры гэтым Масква па‑ранейшаму не настроена выдаваць Мінску крэдыты на суму 500 млн. долараў ЗША і 100 млрд. рублёў.

«Сапраўдным жа поспехам беларускага боку з’яўляецца падпісаны ўчора дагавор аб развіцці ваенна‑тэхнічнага супрацоўніцтва,

— піша «Коммерсантъ». — За яго сухой назвай хаваецца беспрэцэдэнтны механізм узаемаадносін Масквы і Мінска ў абароннай сферы. Крыніцы «Ъ» у расійскай і беларускай дэлегацыях у адзін голас сцвярджалі: гаворка ідзе аб тым, што кожны з бакоў будзе перадаваць другому ўзбраенне і тэхніку ў той жа камплектацыі, у якой ён выкарыстоўвае яе ва ўласных узброеных сілах. Наўрад ці трэба тлумачыць, які з бакоў будзе з’яўляцца пастаўшчыком узбраенняў, а які — спажыўцом. Не выпадкова пасля перамоў кіраўнік Мінабароны РФ Анатоль Сердзюкоў атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі ордэн Дружбы».

Пасля таго як былі ўзгоднены падпісаныя дакументы, бакі прадоўжылі абмеркаванне іншых надзённых праблем. У схаванай ад чужых вачэй зале пасяджэнняў «разгарнулася сапраўдная драма».

Адзін з удзельнікаў перамоўных баталій, «які вырваўся з‑за зачыненых дзвярэй, каб перавесці дух»,

расказаў «Ъ», што беларуская дэлегацыя вырашыла не спыняцца на дасягнутых дамоўленасцях і развіць поспех. «Мы мусілі па дзесяць разоў тлумачыць калегам з Беларусі адно і тое ж: Мінск не можа ўвесь час жыць за кошт расійскіх субсідый, не прапаноўваючы ўзамен нічога, што нас цікавіць у іх эканоміцы,— абураўся суразмоўца «Ъ». — Беларускія чыноўнікі павялі дыскусію па загадзя напісаным сцэнарыі — яны ўзрывалі прадметную размову бясконцымі патрабаваннямі аб крэдытах, ільготах, паслабленнях і выключэннях. Гэтыя просьбы паўтараліся дзесяткі разоў, ад чаго гутарка набыла рыхлы характар».

Паводле слоў крыніцы, беларускі бок прапанаваў узяцца за даўно наспелыя, з яго пункту гледжання, змены расійскіх законаў.

«Прагучала ініцыятыва змяніць наш закон аб Цэнтральным банку! Гэта выходзіць за ўсякія рамкі! —

сказаў расійскі перамоўшчык.—

Я дзівіўся нашым прэзідэнту і прэм’еру, якія праявілі проста‑такі анёльскае цярпенне.

Мы гатовы да інтэграцыі і нават гатовы несці выдаткі, але не можам жа мы за кошт гэтага цыраваць прарэхі ў беларускім бюджэце, якія ўзнікаюць праз спецыфічную мадэль іх эканомікі».

У размове з прэсай Аляксандр Лукашэнка запэўніў расіян, «асабліва расійскія СМІ», у тым, што на заходніх межах у іх ёсць надзейны абаронца. «Мы для вас нічога не пашкадуем»,— паабяцаў ён.

«У гэты момант сярод расійскіх перамоўшчыкаў, якія слухалі беларускага прэзідэнта, нехта даволі гучна прашаптаў: «Ды што ў вас ёсць?!»
— піша «Коммерсантъ».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?