10 снежня ў Варшаве адбылася сустрэча з Алегам Алкаевым, аўтарам кнігі «Расстрэльная каманда».

 Алег Алкаеў у Варшаве.

Алег Алкаеў у Варшаве.

На сустрэчу прыйшло каля 150 чалавек. Пасля прэзентацыі Алкаеў адказаў на некалькі пытанняў.

— Ці была ў Беларусі на Вас заведзеная крымінальная справа, за паклёп і дыскрэдытацыю службовых асобаў, якіх Вы ўзгадваеце ў кнізе і абвінавачваеце ў забойстве беларускіх палітыкаў?

Алег Алкаеў: Ніякай справы не было і быць не можа. Каб завесці крымінальную справу, трэба правесці экспертызу кнігі, а каб гэта зрабіць, трэба дапытаць Сівакова, Шэймана, Наўмава, Паўлічэнку і нават самога Лукашэнку. А гэтага ніхто рабіць не будзе.

Дзіўны яшчэ той факт, што гэтай кнігі быццам бы няма. Яе ўсе баяцца, яе баіцца міліцыя. Не было выпадкаў, каб міліцыя афіцыйна канфіскоўвала маю кнігу. Каб яе канфіскаваць, трэба занесці яе ў пратакол, а потым, як я ўжо казаў, зрабіць экспертызу, калі кнігу прызнаюць небяспечнай.

— Ці засталіся на Беларусі сведкі гэтай справы?

АА: Вядома, засталіся. Гэта мае калегі, але я не магу называць іх імёны, бо ў іх ёсць родныя, дзеці. Носьбітам інфармацыі нялёгка жывецца ў Беларусі. Прыкладам таго ёсць Міхаіл Снягір, зняты з пасады і арыштаваны пасля антыкарупцыйнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Ён быў носьбітам, але яго інфармацыя ўжо нічога не вартая. Ён асабіста прысутнічаў пры вызваленні Дзмітрыя Паўлічэнкі і ведаў, што яно незаконнае. Ён спрабаваў маніпуляваць Лукашэнкам, толькі нічога не выйшла. І цяпер, што б ён ні казаў, яму ніхто не паверыць, бо вельмі доўга ён выконваў загады і быў задаволены сітуацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?