Замежная прэса публікуе розныя версіі паходжання зброі, партыя якой знаходзілася на борце затрыманага 12 снежня ў Тайландзе самалёта Іл‑76.

Так, брытанская газета «Гардыян» са спасылкай на свае ўкраінскія крыніцы сцвярджае, што адпраўным пунктам палёту Іл‑76 была Беларусь, а ў Кіеве ён усяго толькі садзіўся на дазапраўку на шляху ў Паўночную Карэю. Пры гэтым, зазначае выданне, загрузка 40 тон зброі і боепрыпасаў была ажыццёўлена ў Пхеньяне.

Разам з тым высветлілася, каму належаў затрыманы самалёт. Як паведамляе інтэрнет‑выданне Times Online са спасылкай на эксперта па зброі Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру Х’ю Грыфітса, да вясны 2009 года Іл‑76 з бартавым нумарам 4L‑AWA належаў казахстанскай прыватнай авіякампаніі East Wind. Затым яго набыла іншая казахстанская авіякампанія Beirbas, звязаная з сербскім гандляром зброяй Таміславам Дамнянавічам. У кастрычніку гэтага года самалёт быў прададзены грузінскай авіякампаніі Air West Georgia, якая аддала яго ў лізінг кампаніі SP Traiding Ltd., зарэгістраванай у Новай Зеландыі. Пры гэтым Грыфітс сцвярджае, што раней самалётам валодала адна з кампаній Віктара Бута, расійскага гандляра зброяй, які знаходзіцца зараз у тайскай турме.

Як зазначыў Грыфітс, продаж самалёта грузінскай авіякампаніі быў толькі прыкрыццём, і судна працягваюць выкарыстоўваць крымінальныя структуры для паставак зброі.

Ліванскае выданне The Daily Star са спасылкай на крыніцы ў разведцы сцвярджае, што зброя магла прызначацца для тэрарыстычнай арганізацыі «Хізбала».

Крыніца газеты таксама не выключыла верагоднасці таго, што частка грузу магла быць дастаўлена ў сектар Газа.

***

Нагадаем, самалёт Іл‑76 (бартавы нумар 4L‑AWA), зарэгістраваны ў Грузіі, амаль з 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зенітна‑ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 снежня ў Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі. Затрыманы пяць членаў экіпажа — чацвёра грамадзян Казахстана і грамадзянін Беларусі. Беларус Міхаіл Петухоў 1955 года нараджэння працаваў бортінжынерам.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад варту экіпаж самалёта і прадоўжыў тэрмін яго затрымання на 12 дзён.

Экіпажу выстаўлена абвінавачанне ў нелегальнай транспарціроўцы зброі і даванні падманнай інфармацыі ўладам Тайланда аб характары грузу.

Згодна з тайскімі законамі, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін.

Члены экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі пра характар грузу. Паводле іх слоў, яны перавозілі абсталяванне для бурэння нафтавых свідравін.

Тайланд рыхтуе даклад для ААН па факце затрымання самалёта са зброяй на борце, які ляцеў з Паўночнай Карэі. Калі ўдасца дакладна ўстанавіць, што зброя была загружана ў самалёт у Паўночнай Карэі, палёт ваенна‑транспартнага самалёта Іл‑76 будзе разглядацца як парушэнне санкцый ААН супраць КНДР.

Тайландскія ўлады маюць намер таксама запытаць у ААН сродкі для знішчэння зброі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?