Штомесячнай платы за арэнду 5 мільёнаў рублёў ТБШ не пацягнула. Знік легендарны асяродак беларушчыны.

Кіраўніцтва мясцовага Таварыства беларускай школы больш не можа аплочваць арэнду памяшкання. Плошча офіса ТБШ — амаль 90 кв м. Штомесячная плата за арэнду разам з падаткам на дададзеную вартасць, камунальнымі выплатамі і паслугамі сувязі складае больш за 5 мільёнаў рублёў.

Паводле словаў старшыні Таварыства беларускай школы Таццяны Канопкінай, грамадскае аб’яднанне не ў стане надалей выдаткоўваць такую вялізную суму толькі на ўтрыманне офіса.

«Мы зменім пакой, але юрыдычны адрас захаваем, — расказала НН Таццяна Канопкіна. — Змена месца знаходжання адмоўна не паўплывае на нашу дзейнасць. Мы будзем працягваць ладзіць культурніцкія вечарыны для гарадзенцаў».

ТБШ арандавала офіс ва унітарнага прадпрыемства «Форт». Паводле Т. Канопкінай, усе спробы дамовіцца з уласнікам УП аб зніжэнні цэнаў станоўчых вынікаў не прынеслі.

У дадзеным памяшканні гродзенскае аддзяленне ТБШ ладзіла культурна‑асветніцкія мерапрыемствы з 2003 года.

«Імпрэза адбудзецца па адрасе Будзённага 48а-44 (памяшканне Таварыства беларускай школы). Уваход вольны» — так заканчваліся шматлікія абвесткі пра вечарыны і канцэрты, прэзентацыі і круглыя сталы з удзелам вядомых музыкаў, пісьменнікаў, мастакоў, палітыкаў і грамадскіх дзеячоў. Аўтографы многіх з іх і цяпер упрыгожваюць сцены офіса.

Перад тым 7 гадоў, аж да свайго закрыцця, тут месцілася «Ратуша». Па словах Аляксандра Мілінкевіча, які ачольваў грамадскае аб’яднанне ў сярэдзіне 90-х, гэта было сімвалічнае месца.

У гэтых сценах прайшлі ўстаноўчыя сходы рэгіянальнай кааліцыі «Гарадзенская ініцыятыва» С. Домаша, Руху «За свабоду». Тут з мясцовай грамадой сустракаліся Арлоў, Вольскі і Булгакаў.

Сярод заснавальнікаў «Ратушы» быў вядомы бард Віктар Шалкевіч: «З’яўленне такога асяродку — сімвал свайго часу. Гэта было знакам аднаўленняў у грамадстве, — кажа ён. — Яшчэ доўга шмат народу будзе ўспамінаць з удзячнасцю гэтае месца. Будуць памыляцца дзверамі і запытвацца: «Дзе тут была «Ратуша?», «Дзе цяпер ТБШ?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?