Па даручэнні ўрада Беларусі і прапанове польскага боку Міністэрства культуры абвясціла 2010 год Годам Шапэна ў Беларусі, паведаміў 17 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Паводле яго слоў, асоба вялікага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна, 200‑годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў наступным годзе, аб`ядноўвае абодва народы і належыць сусветнай культуры. Як вядома, Шапэн сябраваў з вядомым беларускім піяністам, кампазітарам, педагогам, музычным пісьменнікам і мастаком Напалеонам Ордам, зборнікі музычных твораў Шапэна ў першай палове ХІХ стагоддзя былі вельмі папулярнымі ў магнацкіх дамах многіх гарадоў Беларусі, сказаў Латушка.

Паводле яго слоў, у рамках Года Шапэна запланаваны канцэрты ў Белдзяржфілармоніі і абласных філармоніях, пастаноўка оперы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, правядзенне міжнародных канферэнцый, творчых акцый ў музычных школах краіны.

Мінскім гарвыканкамам прынята рашэнне аб прысваенні Мінскай гарадской школе мастацтваў № 3 імя Фрыдэрыка Шапэна, сказаў міністр.

Дырэктар Вялікага тэатра нацыянальнай оперы ў Варшаве Вальдэмар Дамброўскі выказаў задавальненне, што Беларусь далучаецца да сусветнага святкавання Года Шапэна, і надзею, што ўдзел у гэтай творчай акцыі паслужыць развіццю польска‑беларускіх адносін не толькі ў сферы музыкі.

Паводле яго слоў, аб сусветнай папулярнасці творчасці кампазітара сведчыць стварэнне ганаровых камітэтаў па святкаванні Года Шапэна ў 40 краінах свету. Сярод найбольш яркіх акцый 2010 года ў Польшчы Дамброўскі назваў адкрыццё ў Варшаве Музея Шапэна (1 сакавіка) і Цэнтра Шапэна (22 лютага), а таксама адкрыццё адроджаных сядзібы кампазітра ў Жэлязовай Волі, дзе нарадзіўся Шапэн, і касцёла ў Брохаве, дзе ён быў хрышчоны (23 красавіка). Паводле яго слоў, на аднаўленне шапэнаўскіх мясцін выдаткавана каля 100 млн. долараў ЗША. На сайце chopin2010.pl на 14 снежня ў Польшчы было зарэгістравана 1.665 мерапрыемстваў.

Пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін уручыў журналістам кампакт‑дыскі, прысвечаныя Году Шапэна.

Прэс‑канферэнцыя праводзілася па выніках перамоў з міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Богданам Здранеўскім. Па запрашэнні беларускага боку дэлегацыя Мінкультуры Польшчы знаходзіцца ў Мінску з 16 па 18 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?