Папу Бенедыкту XVI перададзена афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь ад Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі і Беларускай рымска‑каталіцкай царквы (БРКЦ). Яго перадалі 17 снежня беларускія біскупы падчас свайго візіту ў Ватыкан.

Як паведаміпрэс‑сакратар БРКЦ ксёндз Аляксандр Амяльчэня, у канцы візіту шасці беларускіх біскупаў у апостальскую сталіцу іх «сардэчна і па‑бацькоўску» прыняў пантыфік. Ён уручыў біскупам сваё пасланне па выніках сустрэч іерархаў БРКЦ у кангрэгацыях і саветах Ватыкана, а таксама асабістых аўдыенцый біскупаў у пантыфіка. Паводле слоў ксяндза Аляксандра, тэкст паслання будзе апублікаваны найбліжэйшым часам. Асаблівая ўвага ў ім надаецца неабходнасці развіцця экуменічнага дыялогу рымска‑каталіцкай царквы з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, у першую чаргу з праваслаўнай царквой.

Прэс‑сакратар адзначыў, што персанальныя сустрэчы беларускіх біскупаў з Бенедыктам XVI прайшлі ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Яны паказалі, што пантыфік вельмі добра ведае беларускую тэматыку і праблемы дзейнасці БРКЦ, глыбока валодае інфармацыяй аб сітуацыі ў Беларускай рымска‑каталіцкай царкве і беларускім грамадстве ў цэлым.

Візіт да апостальскіх парогаў беларускіх біскупаў у Ватыкан праходзіў з 11 па 17 снежня. Увечары 18 снежня іерархі БРКЦ павінны вярнуцца на радзіму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?