Выбары ва Украіне — рэдкая палітычная падзея, якая зацікавіла беларускіх букмекераў.

У пастанове Савета міністраў, якая рэгламентуе правілы букмекерскіх гульняў, адзначана, што прагнозы «могуць тычыцца спартовых, культурных і іншых сацыяльна значных падзей». Тым не менш, большасць з 175 зарэгістраваных у краіне букмекерскіх кантор працуе толькі са спортам. А ў Брытаніі, напрыклад, грошы можна выйграць нават угадаўшы, што заўтра пойдзе снег. Зрэшты, на заходніх інтэрнэт‑таталізатарах могуць гуляць і беларусы. Тут і выбар падзей шырэйшы, і колькасць гульцоў большая.

Апроч спартовых падзей, беларускія букмекеры прымаюць стаўкі на «Еўрабачанне», «Славянскі базар», іншыя музычныя конкурсы. Палітычны таталізатар, распаўсюджаны ў Еўропе і ЗША, у нас пакуль асаблівай папулярнасці не здабыў. Між тым, у часе выбараў новага Папы стаўкі на пераможцу прымаліся проста на плошчы Святога Пятра ў Рыме…

Адзін з найбуйнейшых еўрапейскіх парталаў bwin.com некалькі дзён таму змясціў лініі ставак на прэзідэнцкія выбары ва Украіне, якія адбудуцца праз месяц.

Найбольшыя шанцы, паводле ставак, у Віктара Януковіча. Яго каэфіцыент — 1:1,67 (пры стаўцы ў $100 выйгрыш складзе $167). У Юліі Цімашэнка каэфіцыент складае 2,07. Калі ж зноў пераможа Віктар Юшчанка, яго прыхільнікі атрымаюць у 27 разоў больш, чым паставілі. Што сведчыць пра слабую веру гульцоў у ягоную перамогу.

На Юлю — 1:2

Ці прымаюцца ў Беларусі стаўкі на ўкраінскія выбары? У большасці кантор карэспандэнту «НН» адказвалі, што палітыкай не цікавяцца. Яшчэ дзве кампаніі, магчыма, створаць лінію перад самымі выбарамі. А вось кампанія bet.by ўжо стварыла. На перамогу Юліі Цімашэнкі яны даюць 1:2. Паводле словаў прадстаўніка кампаніі, ставак на палітыку прымаецца вельмі мала — азарт гульні ўласцівы перадусім спартовым заўзятарам.

Асаблівасць беларускага букмекерскага рынку ў тым, што асноўныя кампаніі на ім — філіялы расійскіх і ўкраінскіх гігантаў. Сур’ёзную канкурэнцыю ім складае хіба віцебскі «Плюс‑мінус». А ў Расіі на палітычным таталізатары падчас выбарчых кампаній гуляць забаронена. Рэдка калі стаўкавыя лініі распрацоўваюцца спецыяльна для Беларусі.

Бліжэйшая, пасля ўкраінскіх выбараў, з найбуйнейшых неспартовых падзей — цырымонія ўручэння «Оскараў». Яна адбудзецца ў сакавіку, але стаўкі на пераможцаў у Еўропе прымаюцца ўжо зараз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?