Тарыфы на паслугі паштовай сувязі агульнага карыстання, якія аказваюцца насельніцтву, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, з 19 снежня павышаны ў сярэднім на 10%, тарыфы на паслугі электрасувязі — у сярэднім на 6,2%.

Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства эканомікі, такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове № 197 ад 15 снежня 2009 года. Дакумент апублікаваны 18 снежня ў газеце «Рэспубліка» і набудзе моц 19 снежня 2009 года.

Так, тарыфы на перасылку карткі павялічаны на 20 рублёў (да 230 рублёў), на перасылку простага ліста і простай бандэролі — на 30 рублёў (да 290 рублёў).

Абаненцкая плата для насельніцтва за карыстанне тэлефонам у сетках, пераведзеных на пачасовую сістэму аплаты, павышана на 440 рублёў і ўстаноўлена ў памеры 2.400 рублёў у месяц. У сетках, не пераведзеных на пачасовую сістэму аплаты, павышана на 520 рублёў і ўстаноўлена ў памеры 3.600 рублёў у месяц. Абаненцкая плата за радыёкропку ўстаноўлена ў памеры 650 рублёў у месяц.

Прыкладна ў такіх жа памерах павышаны тарыфы на вышэйпералічаныя паслугі, якія аказваюцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам.

Узровень тарыфаў за мясцовыя і міжгароднія тэлефонныя размовы, устаноўку тэлефона і паслугі тэлеграфа засталіся на мінулым узроўні.

Як адзначыла прэс‑служба, неабходнасць павышэння тарыфаў на ўказаныя вышэй паслугі паштовай сувязі і электрасувязі агульнага карыстання абумоўлена іх стратнасцю.Так, па выніках працы за 10 месяцаў 2009 года ўзровень кампенсавання даходамі выдаткаў на аказанне паслуг мясцовай тэлефоннай сувязі складае 58,7%, радыёфікацыі — 29,4%, паслуг па перасылцы простага ліста — 70%, перасылцы паштовай карткі — 56,5% і г.д.

Адначасова ўказанай пастановай унесены асобныя рэдакцыйныя змяненні і дапаўненні ў дзейныя прэйскуранты на паслугі электрасувязі агульнага карыстання, якія аказваюцца насельніцтву, юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. Гэта абумоўлена неабходнасцю прывядзення іх у адпаведнасць з новай рэдакцыяй правіл аказання паслуг электрасувязі, зацверджанай пастановай Савета міністраў № 677 ад 27 мая 2009 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?