У Крамлі лічаць, што Беларусь штучна зацягвае рашэньне пытаньня пра цэны на расейскі газ.

«Беларусь цешыць сябе ілюзіямі, што зможа нешта зьмяніць у пазыцыі Газпрому што да цаны на газ, які пастаўляецца ў гэтую краіну», - расказала РІА НОВОСТИ высокапастаўленая крыніца ў Крамлі.

Яна адзначыла, што прапановы па цане расейскім бокам, у тым ліку прэм’ер-міністрам Міхаілам Фрадковым, кіраўніком Газпрому Аляксеем Мілерам, былі агучаныя даўно, але адказу з боку Беларусі так і няма.

«Палітычнымі мэтадамі праблему газу ні ў гэтым, ні ў іншым выпадку вырашыць ня ўдасца», - сказала крыніца.

Расея плянуе пастаўляць Беларусі газ у 2007 годзе па цане прыкладна 180-200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Такія зьвесткі пададзеныя ў лісьце намесьніка кіраўніка Мінпрамэнэрга Расеі Андрэя Дзяменцева, накіраваным у Дзярждуму ў адказ на запыт адносна абгрунтаванасьці заплянаванага павышэньня цаны на расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь.

У адказе Мінпрамэнэрга адзначаецца, што «паводле інфармацыі ААТ Газпром базавую цану газу, які пастаўляецца ў Беларусь у 2007 годзе, плянуецца вылічваць па формуле цаны, аналягічнай для пастаўкі расейскага газу ва Ўкраіну (базавая цана памножаная на індэкс зьмяненьня цэнаў на энэргарэсурсы ў заходнеэўрапейскіх краінах) з улікам нулявой мыты для Беларусі (прыкладна 180-200 даляраў за тысячу кубамэтраў)».

У 2002-2004 гадах газ у Беларусь пастаўляўся па ўнутрырасейскіх цэнах. У 2004 годзе цана за тысячу кубамэтраў газу, які пастаўляўся ў Беларусь, складала 46,68 даляраў. У 2005-2006 гадах цэны на газ не зьмяняліся, нягледзячы на тое што для заходнеэўрапейскіх краінаў газ падаражэў з 131 даляра за тысячу кубамэтраў да 181 даляра ў 2005 годзе.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што сёньня цана, якая дзейнічае для Беларусі, толькі часткова кампэнсуе ўдзельныя выдаткі на ягоную здабычу, падрыхтоўку і транспартаваньне. «У гэтых умовах захаваньне існай цаны на газ азначае ня толькі наўпроставае датаваньне паставак газу ў Беларусь, але і адсутнасьць у цане газу крыніцы інвэстыцыяў у разьвіцьцё газавай галіны і скарачэньне адлічэньняў у даходную частку бюджэту Расеі», - тлумачыцца ў тэксьце.

РИА Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0