Гераічная савецкая падводная лодка К-19, разабраная на мэталалом у 2003 г., зноў запатрабаваная. Гэтым разам у якасьці мэмарыялу. Фінансуе праект стварэньня музэя Ўладзімер Раманаў, літоўскі бізнэсовец расейскага паходжаньня. 58-гадовы ўраджэнец Цьвярской вобласьці, зьяўляецца прэзыдэнтам і заснавальнікам UKNO Banka, уладальнікам цэмэнтавых заводаў і тэлестанцый у Босьніі, Сербіі і Польшчы. Шатляндзкая газэта The Scotsman ацэньвае ўласнасьць Уладзімера Раманава ў 500 млн даляраў.

К-19 – першая савецкая атамная субмарына (мянушка – плаваючая Хірасіма), узброеная балістычнымі ракетамі, і адна з самых знакамітых падлодак часоў халоднай вайны.

4 ліпеня 1961 г., калі падводны ракетаносец удзельнічаў у вучэньнях у Паўночнай Атлянтыцы, у сыстэме ахаладжэньня рэактара адбылася аварыя. Экіпаж неверагоднымі высілкамі змог ліквідаваць наступствы інцыдэнту. Але маракі, што атрымалі максымальныя дозы выпрамяненьня, памерлі цягам тыдня. Яшчэ 14 падводнікаў памерлі на працягу наступных двух гадоў.

Экспэрты да гэтага часу спрачаюцца, наколькі была верагоднай магчымасьць ядзернага выбуху. Але вядома адно – калі б не мужнасьць савецкіх маракоў, буйнамаштабная аварыя на борце субмарыны ў самы разгар «халоднай вайны» – магла б пацягнуць за сабой незваротныя наступствы для ўсяго сьвету.

Уладзімер Раманаў служыў на падлодцы ў 1966-1969 гг. «Трэба разьмясьціць яе недзе бліжэй да ракі. Ці на Масква-рацэ, ці пад Масквой», – дзеліцца плянамі Ўладзімер Раманаў.

К-19, што перажыла некалькі аварый, была выключана са складу Паўночнага флёту ў 1991 г. У 2002 г. яе паставілі на ўтылізацыю. У тым жа годзе на экраны выйшаў фільм К-19 з Харысанам Фордам у галоўнай ролі. «Зьнята вельмі блізка да рэчаіснасьці», – кажа Раманаў у інтэрвію нашай газэце.

«Ідэя ператварыць К-19 у музэй належыць цяпер нябожчыку, камандзіру Мікалаю Зацееву, – распавёў гісторык Аляксандар Нікішын, – старшыня аргкамітэту сьвяткаваньня 45-годзьдзя подзьвігу экіпажу К-19. Яшчэ ў 2003 г. мы зрабілі спробу захаваць лодку, але ўдалося выратаваць толькі рубку.

У выніку будзе ўзноўлена баявая рубка. Плянуецца пабудаваць і стылізаваны корпус субмарыны. Унутры будзе разьмяшчацца музэй з экспазыцыяй, прысьвечанай гісторыі аварыі на К-19, экіпажу 1961 г., а таксама клюб маракоў-падводнікаў.

Известия

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0