Усе вобласці Беларусі, таксама як міністэрствы і ведамствы, павінны выканаць параметры сацыяльна‑эканамічнага развіцця на 2006‑2010 гады. Пра гэта заявіў сёння прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

«Падыход адзін: вобласці павінны выйсці на параметры прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця на 2006‑2010 гады, як і міністэрствы і ведамствы, — сказаў Сяргей Сідорскі. — Я не прымаю сёння ніякіх пытанняў, якія датычацца перагляду ў той або іншы бок прагнозу».

Як нагадаў прэм’ер‑міністр, у Беларусі прыняты ўказ нумар 595, якім зацверджаны важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна‑эканамічнага развіцця краіны на 2010 год.

Пастаўлена задача перад урадам і мясцовымі органамі ўлады павялічыць ВУП на 11‑13 працэнтаў у наступным годзе.

«Для гэтага неабходна ўраду і абласным выканаўчым камітэтам, прадпрыемствам, усім суб’ектам гаспадарання прыняць дастатковыя меры для рэалізацыі пастаўленай задачы, — адзначыў прэм’ер‑міністр. — Галоўнае — максімальна збалансаваць работу асноўных галін эканомікі і распрацаваць неабходныя падыходы, якія лягуць у аснову нашай работы ўжо з 1 студзеня наступнага года без разварушвання. Бо паказчыкі вельмі напружаныя, работа галін эканомікі павінна быць забяспечана са студзеня».

Як адзначыў прэм’ер‑міністр, урад даў адпаведныя даручэнні міністэрствам і ведамствам па пачатку распрацоўкі плана дзеянняў па дасягненню прагнозных паказчыкаў. Міністэрству эканомікі даручана ўнесці ва ўрад праект пастановы ўрада па дасягненню прагнозных паказчыкаў. Акрамя таго, традыцыйна будзе падрыхтаваны дакумент, які вызначае збалансаванасць крэдытна‑грашовай палітыкі. Ужо на наступным тыдні плануецца правесці пасяджэнне ўрада і зацвердзіць ўсе неабходныя дакументы.

***

Нагадаем, згодна з указам нумар 595, у 2010 годзе тэмп росту валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі будзе ў межах 111‑113 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам, прадукцыі прамысловасці — 110‑112 працэнтаў, прадукцыі сельскай гаспадаркі — 110‑111 працэнтаў, інвестыцый у асноўны капітал — 123‑125 працэнтаў.

Прагназуецца, што ў 2010 годзе на экспарт будзе накіравана 52 працэнты прыросту вытворчасці прамысловай прадукцыі. З улікам гэтага аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі павялічыцца на 24‑25 працэнтаў, у тым ліку экспарт — на 27‑28 працэнтаў, імпарт — на 20‑21 працэнт.

Тэмп росту рэальнай заработнай платы ў 2010 годзе складзе 113‑114 працэнтаў пры індэксе спажывецкіх цэн 109‑110 працэнтаў.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па народнай гаспадарцы да канца 2010 года дасягне $500 у эквіваленце. У цэлым заданні па прагнозных параметрах на 2010 год устаноўлены з улікам безумоўнага выканання рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу і дасягнення асноўных паказчыкаў Праграмы сацыяльна‑эканамічнага развіцця Беларусі на 2006‑2010 гады. Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2010 года, за выключэннем асобных пунктаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?