Тое, што здарылася на мінскім заводзе «Электроніка» ў народзе называюць прыпіскамі ці нават аферай. На бухгалтарскай мове гэта кваліфікуецца як недастача.

Ці атрымаюць падзеі крымінальную кваліфікацыю, пакажа бліжэйшая будучыня, бо недастача ацэньваецца — па першых, папярэдніх, падліках — больш чым на 10 млрд рублёў!

…Камітэт дзяржаўнага кантролю правяраў эфектыўнасць выкарыстання сродкаў дзяржаўнай падтрымкі на РУП «Завод» «Электроніка», які ўваходзіць у структуру НВА «Інтэграл». Нагадаем, што бюджэтная дапамога аб’яднанню ацэньваецца ў 300 млрд рублёў. 6 млрд з гэтай сумы за мінулыя пяць гадоў атрымала «Электроніка». Чакалася, што сродкі будуць выкарыстаныя на тэхнічнае перааснашчэнне і асваенне новых, канкурэнтаздольных відаў прадукцыі. Выдаткаванне такіх значных сум прадугледжвае і кантроль, то бок захаванне справаздачных паказчыкаў па аб’ёмах вытворчасці, рэнтабельнасці, выручцы і інш.

З паказчыкамі, на першы погляд, усё было ў парадку.

Супрацоўнікам КДК, аднак, падаліся дзіўнымі некаторыя «камерцыйныя» аперацыі.

Так, «Электроніка» штомесяц адгружала — нібыта для рэалізацыі — партыю прадукцыі свайму даччынаму прадпрыемству. Тое, у сваю чаргу, гэтак жа рэгулярна вяртала партыю назад. «Электроніка» паўтарала адгрузку — паўтаралася і вяртанне… Адбывалася гэта мноства разоў: дзіўны «пінг‑понг» доўжыўся не адзін год.

Дэталёвае вывучэнне справаздачнасці паказала, што гэткім немудрагелістым чынам прадпрыемства на працягу звыш пяці гадоў хавала сапраўднае становішча спраў.

У прыватнасці, нерэалізаваную прадукцыю на суму каля 15 млрд рублёў! Як аказалася, у рэчаіснасці тавар склада не пакідаў! Што за тавар?

Матэрыяльна адказныя асобы «Электронікі» адмовіліся паказаць яго правяральшчыкам. Спатрэбілася ўмяшанне фінансавай міліцыі, то бок Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК: пачалася інвентарызацыя. Першыя яе вынікі здзівілі нават шматдасведчаных супрацоўнікаў.

У мностве скрынак (старанна упакаваных, з штампамі АТК) замест электронных блокаў для светлавых табло апынуліся пластмасавыя дэталі. Фактычна хлам.

У іншых, якія змяшчаюць нібыта секундамер або гадзіннікі, былі металічныя адкіды.

Асноўная прадукцыя завода «Электроніка» ‑ бытавыя электралічыльнікі новага пакалення і так званыя СІТы, светлавыя інфармацыйныя табло для грамадскага транспарту. Тавар вельмі дарагі. Адзін СІТ, да прыкладу, каштуе ад 7 да 10 млн рублёў. Так вось, замест 597 блокаў, якія мусілі быць у наяўнасці, знайшлося толькі … 91.

Інвентарызацыя толькі па некаторых таварных пазіцыях з усёй наменклатуры завода выявіла нястачу на суму больш за 10,6 млрд рублёў.

Усё гэта адбылося 18 снежня. У суботу інвентарызацыя працягнулася, і карэспандэнта «СБ» запрасілі назіраць дзею. Натуральнае пытанне, якое ўзнікае: навошта трэба было выдаваць хлам за электроніку і да чаго ўвогуле сумнеўны «пінг‑понг»?

«Фактычна праграма дзяржпадтрымкі на заводзе не выканана, таму 6 млрд рублёў прыйшлося б вяртаць у бюджэт, — тлумачыць начальнік упраўлення КДК Віктар Галацэвіч. — Каб гэтага пазбегнуць, на прадпрыемстве на працягу некалькіх гадоў і займаліся прыпіскамі. Уражвае іх маштаб. 10 млрд рублёў ‑ гэта гадавы кошт заводскай прадукцыі. Выходзіць, што цэлы год з пяці прадпрыемства фактычна не працавала і толькі праядала бюджэтныя сродкі».

Вядома, не хочацца падазраваць у дармаедстве ўсіх 390 працаўнікоў «Электроніка». Але зразумела і тое, што махлярства не магло быць справай аднаго‑двух чалавек. Вытворчасць і адпраўку гатовай прадукцыі на любым заводзе суправаджаюць майстар, начальнікі участка і цэха, работнiкi АТК, кладаўшчык … Замяшаных шмат. Усе яны цяпер у разгубленасці.

Тлумачэнні, напрыклад, начальніка ўчастка зборачнай вытворчасці Анатоля Караценкі невыразныя і малаўцямныя. Маўляў, усё гэта магло адбывацца за межамі яго кампетэнцыі. Магчыма, маўляў, хтосьці «хацеў мець добры твар у плане справаздачнасці».

Па словах дырэктара РУП «Завод» Электроніка Андрэя Сяледчыка, для яго вынікі інвентарызацыі сталі сюрпрызам. Ён кажа, што спадзяваўся на тых, хто за інвентарызацыю адказвае. Што трэба разабрацца і прыняць меры. Што, маўляў, ужо выдаў загад аб стварэнні камісіі. Майце на ўвазе, аднак, што А. Сяледчык кіруе заводам з сакавіка 2008 году …

Цікава, 10 млрд рублёў ‑‑ наколькі значная гэта сума для РУП «Завод» Электроніка»? Каб было з чым параўнаць, пытаюся ў дырэктара:

— Колькі сродкаў завод інвеставаў у асноўны капітал з пачатку 2009 года?

— 350 млн рублёў…

Наўрад ці патрэбныя каментары. Яны, зрэшты, наперадзе. Ужо пры падрыхтоўцы нумара да друку ў Камітэце дзяржкантролю нам паведамілі аб завядзенні крымінальнай справы. Папярэдне падзеі ацэньваюцца як службовы падлог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?