Былы дыктатар Парагваю Альфрэда Стрэснэр памёр у сераду ў бразыльскай больніцы пасьля апэрацыі па выдаленьні грыжы. У Бразыліі ён знаходзіўся ў эміграцыі з 1989 г.

Альфрэда Стрэснэр нарадзіўся 3 лістапада 1912 г. у Энкарнасьёне ў сям’і нямецкага каляніста-півавара. Стаў прафэсійным вайскоўцам.

У 1952 г., ва ўзросьце 40 гадоў, зрабіўся галоўнакамандуючым узброеных сіл Парагваю.

У 1954 г. скінуў прэзыдэнта Фэдэрыка Чавэса і правёў прэзыдэнцкія выбары, на якіх выставіў толькі сваю кандыдатуру. Натуральна, што перамог. Потым перабіраўся яшчэ дзевяць разоў.

За 35 гадоў дыктатуры загінулі і прапалі бязь зьвестак 12 тыс. чалавек, краіна пакрылася сеткай канцлягераў, турмы былі перапоўненыя, амаль было вынішчана магутнае індзейскае племя гуарані.

Прозьвішча Стрэснэр (Stroessner) стала сымбалем ваенна-паліцэйскай, беспакаранай дыктатуры. З краінай у 1960-1970-ыя гады па-сапраўднаму сябравала толькі адна краіна – ПАР. У той час выклятая сьветам за рэжым апартэіду.

Пры Стрэснэры дзейнічалі легальныя апазыцыйныя партыі, але на выбарах яны набіралі ня больш за 10 працэнтаў галасоў. Так рэкамэндаваў прэзыдэнт.

Кабінкі для галасаваньня ставіліся пад адкрытым небам, а самі выбары праходзілі пад наглядам паліцыі.

У 1989 г. Стрэснэр быў скінуты іншым генэралам, Андэасам Радрыгесам – дачка якога была ў шлюбе за сынам Стрэснэра. Сам Альфрэда Стрэснэр уцёк у Бразылію, дзе спакойна пражыў 16 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?