Беларускае рэгіянальнае аддзяленьне Расейскага нацыянальнага адзінства (РНЕ) ня мае ніякага дачыненьня да інцыдэнту ля офісу Партыі БНФ. Невядомае прыстасаваньне, што нагадвала выбухоўку, было знойдзена ля офісу партыі ў сераду раніцай, 16 жніўня. Унутры муляжа выбуховага прыстасаваньня знаходзілася эмблема РНЕ.

Беларускае аддзяленьне незарэгістраванай арганізацыі РНЕ распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца: «16 жніўня 2006 г. у Інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра знойдзенае ля офісу Партыі БНФ прыстасаваньня падобнага на выбуховае і датычнасьці да гэтага інцыдэнту арганізацыі РНЕ. У сваю чаргу, кіраўніцтва Беларускага рэгіянальнага аддзяленьня адмаўляе датычнасьць да гэтага інцыдэнту», -- гаворыцца ў заяве.

У сераду, 16 жніўня, сапёры з дапамогай спэцабсталяваньня і службовага сабакі адсьледавалі памяшканьня офісу апазыцыйнай партыі. Інфармацыя, што ў офісе закладзена выбуховае прыстасаваньне, не пацьвердзілася.

«Я расцэньваю гэта адназначна як акт тэрарызму, скіраваны супраць Партыі БНФ. Цяпер відавочна, супраць каго ў нашай краіне скіраваны тэракты. Гэтыя людзі і раней зьдзяйсьнялі брудныя ўчынкі – аблівалі смалой дзьверы офісу партыі, пісалі на асфальце побач з уваходам свае лёзунгі. Мы неаднаразова зьвярталіся на гэты конт у міліцыю, аднак гэтыя людзі не былі знойдзеныя, хоць побач разьмяшчаецца Акадэмія МУС, ходзяць міліцэйскія патрулі», - заявіў старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

На думку намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, здарэньне, што пацягнула за сабой выклік сапёраў, можа стаць пачаткам кампаніі па пазбаўленьні партыі офісу ў цэнтры Менску.

Telegraf.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0