Паўабаронца лёнданскага «Арсэналу» Аляксандар Глеб высьвятляе адносіны з футбалістам андорскай зборнай

Некалі клясык беларускай літаратуры Ўладзімер Арлоў у адным з падарожных эсэ пісаў: «Безьліч тваіх суайчыньнікаў шчасьліва жыве й памірае, нават ня ведаючы, што недзе паміж Францыяй і Гішпаніяй яшчэ ў Сярэднявеччы ўшчамілася й дажыла да нашых дзён маленькая, але ганарлівая й незалежная краіна Андора». Напэўна, столькі андорцаў разам, як вечарам 16 жніўня, яшчэ ніколі ня бачыла беларуская сталіца. Насельніцтва Андоры складае 65 тысячаў чалавек, прыкладна столькі ж сама колькі пражывае ў Пінскім раёне.

Аказваецца, што андорцы яшчэ і футбол умеюць гуляць, іншым разам зусім ня кепска. Ня верыце? Запытайцеся ў гульцоў зборнай Беларусі ўзору 2000 году. Тады ў дзень Чарнобыльскай трагедыі 26 красавіка нашыя хлопцы ўмудрыліся прайграць андорцам зь лікам 0:2. Трэба заўважыць, што тая перамога стала першай у гісторыі зборнай маленькай горнай краіны. Для беларусаў гэта была сапраўдная ганьба, пасьля гэтага матчу з пасады галоўнага трэнэра звольніўся Сяргей Бароўскі.

Такім чынам БФФ, выбіраючы суперніка зборнай на жнівень, адразу зьбіралася забіць двох зайцаў: і рэванш узяць за сэнсацыйны пройгрыш у 2000-м, і не псаваць юбілею, бо для нацыянальнай зборнай гэта быў соты матч у гісторыі.

Юбілею не сапсавалі. Беларусы забілі тры безадказныя мячы, хоць прэтэнзіі да каманды, натуральна, ёсьць. Занадта мала форварды ў першым тайме стваралі вастрыні ў брамаў суперніка. Нападнікі Канцавы і Ланько не змаглі як сьлед ні разу ўдарыць па варотах. І першы тайм мог скончыць сумнымі нулямі на таблё, каб не індывідуальнае майстэрства Аляксандра Глеба. Хаўбэк лёнданскага «Арсэнала» на 35-й хвіліне ў штрафной прыгожа апрацаваў мяч і трапна пацэліў у блізкі вугал андорскіх варот.

У другім тайме пачаліся шматлікія замены, як з аднаго, так і з другога боку, таму прасачыць цэласны малюнак гульні было немагчыма. Замены ў складзе зборнай Беларусі пайшлі на карысьць. Андорскія абаронцы, не пасьпяваючы за сьвежымі беларускімі нападнікамі, усё часьцей пачыналі парушаць правілы. На 76-й хвіліне адно з такіх парушэнняў скончылася штрафным ударам у лічаных сантымэтрах ад штрафной пляцоўкі. Віталь Булыга ўдарыў на моц – і не прагадаў. Пірэнейская «сьценачка» аказалася хісткай і ўдар дасягнуў мэты – 2:0.

Праз восем хвілінаў яшчэ адзін рэзэрвіст Сяргей Карніленка, абмануўшы фінтом абаронцу суперніка, добра запаліў у далёкі кут – 3:0. Разгром быў аформлены, астатні час футбалісты абедзьвюх камандаў адкрыта дагульвалі матч.

Гульцы беларускай зборнай не асабліва імкнуліся класьціся ў падкатах, бо і такога рэжыму хапала для татальнай перавагі. Андорцы літаральна толькі некалькі разоў перайшлі на беларускую палову поля.

Наўрад ці гэты паядынак стане паказальным перад стартам нашай каманды ў адборачным цыклі да чэмпіянату Эўропы, бо кляс гульцоў зборнай Андоры відавочна ніжэйшы, чым у галяндцаў і румынаў, ці нават у альбанцаў, зь якімі і давядзецца пачынаць 2 верасьня.

Як згулялі супернікі беларусаў па адборачнай групе

Не прамінулі магчымасьці 15-16 жніўня правесьці генэральныя рэпэтыцыі і нашы супернікі па падгрупе «G».

Славенцы ў Цэле разыгралі нічыю з ізраіліцянамі. На гол Бенаюна славенцы адказылі дакладным стрэлам Горана Шукала. Ня высьветлілі мацнейшага і баўгары з валійцамі – 0:0.

Затое галядцы дастаткова назабівалі моцнай зборнай Ірляндыі ў Дубліне – 4:0. Дубль зрабіў форвард амстэрдамскага «Аяксу» Кляс-Ян Хунтэлаар, яшчэ па мячу забілі Рабэн і ван Пэрсі.

Румыны без асаблівай цяжкасьці разабраліся з румынамі – 2:0. А люксэмбуржцы аказалі дастойны супраціў туркам, прапусьціўшы адзіны гол на 26-й хвіліне ад нападніка піцерскага «Зэніту» Фаціха Тэке.

Сан-Марына - Альбанія 0:3.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?