Сад – гэта жывы арганізм: мікраклімат, жывёлы, птушкі.
Перад Спасам няўсьцерп хочацца сьвежага яблычка. А на рынку – то польскія, то малдаўскія. А дзе ж нашы ранэты? Дзяржава абяцае: яшчэ крыху, і ня толькі самі будзем есьці свае яблыкі, але яшчэ і экспартаваць пачнём.
У Дзяржаўнай праграме «Пладаводзтва», разьлічанай на 2004–2010 гг., заплянавана «ўвесьці ў прамысловае плоданашэньне маладыя сады на плошчы 3 тыс. гектараў і закласьці новыя сады інтэнсіўнага тыпу адаптаванымі сартамі на плошчы 12,2 тыс. гектараў».
Але гэта – на паперы. У жыцьці між прыняцьцем рашэньня і сарваным яблыкам ляжыць доўгі шлях. Намесьнік дырэктара Беларускага інстытуту пладаводзтва Анатоль Крыварот кажа, што ў рамках гэтай праграмы трэба закласьці 5 тыс. га садоў толькі ў Магілёўскай вобласьці: «І гэта для нас адна з самых вялікіх праблемаў».
Адзін з новых садоў закладаюць у саўгасе «Забалацьце» Аршанскага раёну – на 500 га. Не сказаць, каб сад быў зусім новы: раней тут ужо быў адзін. І таксама на 500 га. Дырэктар саўгасу Адам Мазай тлумачыць прычыну: «Ён быў ужо стары – 20 гадоў, таму і неэфэктыўны».
Аршанец Адам Сапешка, які займаецца фэрмэрствам з канца 1980-х, памятае закладку таго саду. Калі садзілі новы сад у 1990-х, там быў яшчэ сад, закладзены ў пачатку 1980-х. «Я выступаў супраць таго, каб гэты сад цалкам зносілі і садзілі новы, бо стары можна было яшчэ на штось-
ці скарыстаць. Потым яблыкі з гэтага саду ў Воршы практычна ніколі не прадаваліся. Амаль цалкам яны ішлі на вінзавод у Забалацьці». Хаця сам па сабе сад ад пачатку быў неблагі: саджанцы бралі ў Беларускім інстытуце пладаводзтва, вазілі чаранкі ў Малдавію ды ў Данецк на прышчэпку.
А.Сапешка ня можа схаваць сваёй заклапочанасьці: «Зноў робіцца сад, які ніяк ня будзе адрозьнівацца ад цяперашняга, што фактычна ня даў аддачы».
Зрэшты, і цяпер для закладкі добрага саду грошы трэба немалыя. «Каб закласьці 1 га саду, трэба 25–30 тыс. даляраў! Я не гавару тут пра дакладнае ўнясеньне арганічных угнаеньняў на ўзроўні 500–600 т на 1 га, як гэта належыць. Няма добрай зямлі – значыць, гэта ўжо ня сад! Сад – гэта жывы арганізм: мікраклімат, жывёлы, птушкі. Калі вакол саду няма абарончай паласы, дрэвы пачынаюць згінацца. Палякі ўжо адпрацавалі гэтую сыстэму. Супэрсадавод можа трымаць максымум 2–3 га. А ў нашых умовах максымум 1 га можна даць чалавеку, каб ён мог даглядаць яго круглы год – як сапраўдны гаспадар», – Сапешка загадзя разьлічвае ўсе неабходныя выдаткі.
А.Мазай кажа, што для закладкі саду гаспадарка ўзяла ў дзяржавы пазыку. Але праект саду распрацоўвалі самі: «Свае спэцыялісты ў нас. Толькі па ахове ад шкоднікаў зьвярнуліся ў Інстытут пладаводзтва».
На думку А.Сапешкі, «свае спэцыялісты» добрага саду ня створаць: «Трэба адпраўляць людзей вучыцца – у саўгас «Прагрэс» ці іншыя магутныя гарадзенскія гаспадаркі. А яшчэ лепш у Польшчу, Нідэрлянды. Яны думаюць: дрэваў натыркалі – і ўжо будзе сад...»
Яшчэ большую небясьпеку Сапешка бачыць у іншым – калі сады закладаюцца безь якіх-небудзь праектаў увогуле: «Мяне запрашаў знаёмы старшыня калгасу, які цяпер перайшоў у комплекс «Александрыя», на радзіму прэзыдэнта. Там будзе закладацца сад у 200 га, здаецца, зусім без праекту. Ім кінулі кучу грошай і сказалі: бярыце, хлопцы, і асвойвайце. Вось яны гэтыя грошы і трамбуюць абы-куды. Сад дык сад, сажалка дык сажалка...»