Кампанія Iran Khodro, што выпускае аўтамабілі «саманд», была заснаваная ў 1962 г. Якраз у гэты час у Іране адбывалася Белая рэвалюцыя, і шаг рабіў захады, каб мадэрнізаваць эканоміку краіны. У тым ліку і ў заснаваньні аўтапрамысловасьці.
У 1967 г. на заводзе быў выпушчаны першы іранскі аўтамабіль – «пэйкан». Знаёмы, які не адзін месяц правёў у Іране, кажа, што «пэйкан» – гэта аналяг украінскага «Запарожца». З усімі наступствамі.
У 1990-я на заводах Iran Khodro была наладжана вытворчасьць аўтамабіляў «пэжо» – мадэляў 1 600, 205, 405. Мадэль «Пэжо-405» і была ўзятая за аснову аўтамабіляў «саманд». У перакладзе з фарсі – samand значыць «скакун». Першы аўтамабіль сышоў з канвэеру ў 2000 г.
Аўтамабілі «саманд» карыстаюцца ў Іране шалёнай папулярнасьцю – на долю прадпрыемстваў кампаніі Іran Khodro прыходзіцца 70% іранскага рынку.
Такая папулярнасьць тлумачыцца двума рэчамі. У Іране вельмі вялікія – Беларусь не ідзе ні ў якое параўнаньне – мыты на замежныя аўтамабілі. Купіць іншамаркі там амаль немагчыма. Апроч таго, па бяскрайніх іранскіх прасторах поўзае вялікая колькасьць абрыдлых «пэйканаў», якія каштуюць каля 6 тыс. даляраў. Вы можаце аддаць такія грошы за «Запарожац» ці «Жыгулі»? І іранцы не жадаюць. Таму і набываюць зроблены па эўрапейскіх лекалах «саманд» з начыньнем ад «пэжо», не шкадуючы 12,5 тыс. даляраў. У параўнаньні з «пэйканам» гэта вельмі танна. Для Ірану.
Але для беларускага спажыўца «Саманд LX» – гэтая мадэль будзе ў нас зьбірацца – выглядае катом у мяху. Гэтай цэнаснай катэгорыі, зазначаюць экспэрты, адпавядаюць «Рэно Лёган» і «Форд Фокус».
Але і «рэно», i «форд» – раскручаныя брэнды, і маючы ў кішэні 12,5 тыс. даляраў, пакупнік задумаецца: аддаць перавагу іранскаму ці нямецкаму аўтамабілю?
Да канца году ў Беларусі мяркуецца сабраць 800–820 аўтамабіляў, у наступным годзе – 4–6 тыс. (у Іране выпускаецца 500 тыс. у год). Прадаваць мяркуюць 3–5 тыс. аўтамабіляў у год, тым самым адваяваўшы 20–25% рынку новых аўтамабіляў. У гэтую лічбу цяжка верыцца. Калі толькі не задзейнічаць традыцыйны дзяржрэсурс: перасадзіць чыноўнікаў і міліцыю на «саманды».
«Белгазета» выказала думку, што іранскія аўтамабілі прапануюць дзяржаўным таксапаркам, іншым таксафірмам па спэццане і з падоўжанай гаранатыяй. Цяпер яна складае 2 гады і 60 тыс. кілямэтраў прабегу.
Ды ці ня згорнецца іранскі праект праз паўгоду? Кануў у нябыт праект пабудовы Іранам цэлюлёзнага заводу, пра які ўжо ніхто ня згадвае. Непрадказальныя гэтыя іранцы. Зрэшты, як непрадказальныя беларусы. Прагналі «форд» з Абчаку. Памяняецца вэктар палітыкі, мо і «саманд» стане не патрэбным.