Перамовы аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе завяршыліся безвынікова і будуць прадоўжаны, паведамляе РІА «Новості» са спасылкай на крыніцу ў расійскай дэлегацыі. Паводле яе слоў, беларуская дэлегацыя вяртаецца дадому.

«На гэты час расійска-беларускія перамовы па выпрацоўцы пагаднення аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь, у тым ліку аб прапанаваных расійскім бокам беспрэцэдэнтна льготных умовах — бязмытных пастаўках аб'ёмаў нафты для ўнутранага спажывання рэспублікі, не далі вынікаў», — заявіла крыніца.

Гэта звязана з «адсутнасцю неабходных дырэктыў і паўнамоцтваў у прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь», растлумачыў ён. Паводле слоў крыніцы, Мінск дамагаецца бязмытных паставак усяго аб'ёму сыравіны. "На жаль, даводзіцца канстатаваць, што да 1 студзеня не ўдасца выйсці на пазітыўны вынік перамоў аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь... Беларуская дэлегацыя вырашыла вярнуцца ў Мінск, так і не атрымаўшы неабходных паўнамоцтваў і дырэктыў, — сказала крыніца. — Са шкадаваннем адзначаем, што беларускі бок фактычна па-ранейшаму працягвае прытрымлівацца нічым не абгрунтаванай запытнай пазіцыі, згодна з якой Расія, па сутнасці, павінна прадаўжаць субсідаванне беларускай эканомікі, працягваючы, тым больш ва ўмовах адсутнасці адпаведнага міжурадавага пагаднення, бяспошлінныя пастаўкі нафты не толькі для ўнутранага спажывання, але і на ўвесь аб'ём расійскай сыравіны, што пастаўляецца».

28 снежня віцэ-прэм'ер расійскага ўрада Ігар Сечын паведаміў, што пагадненне аб часовых пастаўках нафты з Расіі ў Беларусь у 2010 годзе можа быць падпісана 30—31 снежня. Калі гэтага не адбудзецца, 1 студзеня 2010 года пачне дзейнічаць звычайны рэжым паставак энергарэсурсаў, які прадугледжвае выплату 100% мытных плацяжоў.

18 снежня Сечын заявіў, што Расія прапанавала Беларусі бяспошлінна пастаўляць 5—6 млн. тон нафты для ўнутранага спажывання. Адпаведную прапанову расійскі бок выказаў падчас праведзенага 10 снежня ў Маскве пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Сечын адзначыў, што такая прапанова была зроблена з улікам «брацкіх адносін» дзвюх краін. Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што бяспошлінныя пастаўкі будуць тычыцца толькі нафты для ўнутранага спажывання Беларусі, увесь астатні аб'ём цалкам будзе абкладацца экспартнымі пошлінамі. З 2010 года перастае дзейнічаць паніжальны каэфіцыент на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь, які сёлета складае 0,356, нагадаў Сечын.

Паводле слоў расійскага віцэ-прэм'ера, беларускі бок зацікаўлены ў захаванні гэтага каэфіцыенту. Аднак Масква не згодна з такой пастаноўкай пытання, бо пры такой сітуацыі расійская нафтаперапрацоўчая прамысловасць знаходзіцца ў менш выгадных умовах, чым беларуская.

23 снежня пасол Расіі ў Мінску Аляксандр Сурыкаў заявіў, што пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе не будуць спынены, нават калі адпаведнае пагадненне не ўдасца падпісаць да канца гэтага года.

Некаторыя эксперты заяўляюць, што Масква ўвязвае кошт паставак нафты ў Беларусь з доступам расійскіх кампаній да прыватызацыі беларускага нафтавага комплексу «Нафтан-Палімір».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?