Беларусь заявіла пра беспрэцэдэнтны ціск з боку Расіі на перамовах аб пастаўках нафты. Як паведамлялася раней, перамовы завяршыліся безвынікова, і беларуская дэлегацыя 31 снежня адправілася дамоў.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета міністраў, урад Беларусі пацвярджае гатоўнасць да працягу перамоў з урадам РФ па ўмовах паставак нафты з Расіі ў Беларусь у поўнай адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі кіраўнікамі дзяржаў на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі 10 снежня 2009 года ў Маскве.

Беларускі бок «гатовы прыняць усе неабходныя дзеянні для ўзгаднення і падпісання ў самыя кароткія тэрміны» неабходных дапаўненняў да дзейнага міжурадавага пагаднення аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 студзеня 2007 года. Усе адпаведныя дакументы, «загадзя падрыхтаваныя на ўзроўні экспертаў дзвюх краін», перададзены расійскаму боку.

Беларускі бок «зыходзіць з таго, што

да моманту падпісання адпаведных дакументаў бяспошлінныя пастаўкі нафты з Расійскай Федэрацыі ў аб'ёмах унутранага спажывання Рэспублікі Беларусь у студзені—лютым 2010 года павінны ажыццяўляцца ў адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі раней прэзідэнтамі». «Усе неабходныя для гэтага прававыя падставы ёсць, аб'ёмы паставак нафты закантрактаваныя суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін, беларускім бокам ажыццёўлена іх папярэдняя аплата», — заяўляе прэс-служба ўрада.

У паведамленні адзначаецца, што падчас праведзеных 30—31 снежня ў Маскве перамоў па ўмовах паставак нафты «на членаў беларускай дэлегацыі, склад і паўнамоцтвы якой былі пацверджаныя адпаведнай пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь,

быў аказаны беспрэцэдэнтны ціск, што, паводле меркавання беларускага боку, з'яўляецца абсалютна неабгрунтаваным і недапушчальным».

«Фактычна беларускаму боку было прапанавана парушыць базавы дагавор аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фарміраванні Мытнага саюза, што быў падпісаны кіраўнікамі трох дзяржаў — Беларусі, Расіі і Казахстана. Сыход ад гэтых дамоўленасцяў і вывядзенне цэлага энергетычнага сектара Беларусі за межы падпісаных дагавораў па стварэнні Мытнага саюза шмат у чым падарвалі б усе дасягнутыя дамоўленасці па далейшай інтэграцыі нашых дзяржаў», — падкрэслівае прэс-служба Саўміна.

Беларускі бок «гатовы ў любы час» аднавіць перамовы па ўмовах паставак нафты «для дасягнення ўзаемапрымальных вынікаў».

31 снежня прэс-служба ўрада РФ паведаміла, што ўрад «у поўнай адпаведнасці» з дамоўленасцямі, дасягнутымі на пасяджэнні ВДС у Маскве, зрабіў усё магчымае для заключэння да надыходу Новага года міжурадавага пагаднення, што рэгулюе пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь. З гэтай мэтай беларускаму боку былі перададзеныя праекты адпаведных дакументаў.

«З 10 па 31 снежня штодня вяліся перамовы.

На жаль, дамовіцца аб падпісанні адпаведных дакументаў не ўдалося», — адзначалася ў паведамленні.

Расійскі бок «праінфармаваў беларускі бок аб пераходзе з 1 студзеня да збірання мытных плацяжоў у поўным аб'ёме на нафту, што пастаўляецца».

Разам з тым, урад РФ «пацвярджае сваю гатоўнасць бяспошлінна пастаўляць нафту для ўнутранага спажывання Беларусі з улікам асаблівага характару саюзніцкіх адносін ва ўзгодненыя тэрміны і пры наяўнасці дакументаў, якія ствараюць для гэтага прававыя падставы».

З гэтай мэтай «беларускім партнёрам перададзена запрашэнне прыбыць у Маскву ў студзені для перамоў з тым, каб выйсці на падпісанне адпаведных дакументаў».

Расійскія пастаўшчыкі нафты «гарантуюць выкананне сваіх абавязацельстваў па пастаўках у адпаведнасці з дзейнымі кантрактамі як для спажыўцоў у Беларусі, так і ў Еўропе».

Раней крыніца ў расійскай дэлегацыі заявіла, што такая сітуацыя звязаная з «адсутнасцю неабходных дырэктыў і паўнамоцтваў у прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь».

Паводле слоў крыніцы, Мінск дамагаецца бяспошлінных паставак усяго аб'ёму сыравіны.

«Са шкадаваннем даводзіцца адзначыць, што беларускі бок фактычна па-ранейшаму працягвае прытрымлівацца нічым не абгрунтаванай запытнай пазіцыі, паводле якой Расія, па сутнасці, павінна працягваць субсідаванне беларускай эканомікі, працягваючы, тым больш ва ўмовах адсутнасці адпаведнага міжурадавага пагаднення, бяспошлінныя пастаўкі нафты не толькі для ўнутранага спажывання, але і на ўвесь аб'ём расійскай сыравіны, што пастаўляецца», — заявіла крыніца.

28 снежня віцэ-прэм'ер расійскага ўрада Ігар Сечын паведаміў, што пагадненне аб часовых пастаўках нафты з Расіі ў Беларусь у 2010 годзе можа быць падпісанае 30—31 снежня. Калі гэтага не адбудзецца, 1 студзеня 2010 года набудзе моц звычайны рэжым паставак энергарэсурсаў, які прадугледжвае выплату 100% мытных плацяжоў.

18 снежня Сечын заявіў, што Расія прапанавала Беларусі бяспошлінна пастаўляць 5—6 млн. тон нафты для ўнутранага спажывання. Увесь астатні аб'ём цалкам будзе абкладацца экспартнымі пошлінамі. З 2010 года перастае дзейнічаць паніжальны каэфіцыент на пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь, які цяпер складае 0,356, нагадаў Сечын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?