Карэспандэнт «НН» правёў ноч у кругласуткавай краме ў мінскім спальным раёне ў размовах з прадавачкамі пра ўмовы і асаблівасці іх працы.

Мінгарвыканкам, які раней актыўна змагаўся з кругласуткавымі крамамі, цяпер з такім самым імпэтам прапагандуе вячэрні і начны гандаль. Сем гадоў таму ў сталіцы было каля 50 начнікоў, летась працавала толькі шэсць. Цяпер кожная крама, якая захоча працягнуць графік сваёй працы да 23.00, дакладна атрымае дазвол гарадскіх уладаў і ўхваленне сваёй ініцыятывы. Ды і адкрыць кругласуткавы аддзел цяпер зусім не праблема. Аргументы пра «крымінагенную абстаноўку» вакол начнікоў аказаліся для ўладаў неістотнымі ў параўнанні з эканамічнай рэальнасцю — трэба прадаваць больш, каб разгружыць склады.

Кругласуткавая крама з сеткі «Азарэнне» адкрылася толькі ўлетку. Вялізная вывеска «Кругласутачна» прыцягвае наведвальнікаў з бліжэйшых раёнаў — там такія крамы пакуль яшчэ не адчыніліся. Начны аддзел знаходзіцца побач з вялікай суседняй крамай. Тая працуе з 8:00 да 23:00. У астатні час пакупнікоў абслугоўвае менавіта начнік.

Дзве прадавачкі — Марына і Таццяна — рыхтуюцца да бяссоннай ночы. За іх спінамі знаходзяцца шэрагі з алкаголем — і каб хутчэй падаваць папулярны тавар, і каб, калі што здарыцца, закрыць паліцы ад вора.

— Купляюць усё — і цукеркі, і булачкі, і кансервы. Але асноўнае, вядома ж, алкаголь, — кажуць яны. — Прычым у кожнага часу ночы ёсць свой самы запатрабаваны напой.

23:00 — 1:00. Час моладзі

У першыя хвіліны пасля закрыцця суседняй вялікай крамы ў начніку нешматлюдна. Раўчук пакупнікоў перацякае ў начны аддзел павольна, часам з’яўляецца чарга з чатырох-пяці людзей. Дзве прадавачкі не спяшаючыся адпускаюць тавар. Зрэшты, пакупнікі іх не падганяюць — наперадзе ў большасці з іх вясёлая ноч.

Сярод наведвальнікаў пакуль што пераважаюць падлеткі. Заходзяць у краму купкамі, шэпчуцца каля прылаўка і выпраўляюць аднаго з сваёй кампаніі да касы. Замова досыць стандартная — бутэлек пяць моцнага піва для хлопцаў, для дзяўчын алкаголь з меншым градусам. Часам слабы пол спыняецца на джын-тоніку. Грошай, відавочна, не хапае, таму пакупка складаецца з самага таннага піва і эканамічнай закускі — чыпсаў і сухарыкаў. Моладзь пасядзіць у суседнім двары яшчэ з паўгадзінкі і разыйдзецца па кватэрах.

Старэйшыя пакупнікі прыходзяць удваіх ці ўтраіх. Хутчэй не прыходзяць — прыязджаюць. Газон вакол уваходу ў краму застаўлены аўтамабілямі. Асноўны тавар для дарослых — гэта гарэлка. Хоць цікавяцца і іншым алкаголем.

— Нешта ў вас замежнага піва няма, — заўважае пакупнік.

— У нас загад — усё піва беларускае, астатняга алкаголя — 95% нашага, — тлумачыць прадавачка.

«Безалкагольных» замоваў вельмі мала. Тых, каму тэрмінова спатрэбіўся хлеб ці малако, у краме амаль няма. Неалкагольная прадукцыя ўспрымаецца выключна як закуска.

— Пельмені ёсць? — пытаецца малады чалавек.

— Няма. Нават на піва халадзільніка няма, а вы на пельмені хочаце! — з дакорам кажа прадавачка. — Паглядзіце, піва цёплае прадаём.

— Ладна, давайце сасіскі, — згаджаецца з важкім аргументам кліент.

1:00—3:00. Не забыцца б нам заліцца!

Да гадзіны ночы вуліцы патрохі пусцеюць, у начнік заходзіць усё менш і менш людзей. Цяпер крама жыве адзінкавымі пакупнікамі. У прадавачак з’яўляецца вольны час, яны рассаджваюцца ля прылаўка, дастаюць вялікі пакунак семак — да раніцы яшчэ доўга. Значыцца, ёсць час распавесці журналісту асаблівасці сваёй нялёгкай працы:

— Зараз прыходзяць апошнія, хто «недазаліўся». Думалі, што дзвюх бутэлек хопіць, а аказваецца, што і чатырох мала.

Мы з напарніцай працуем раз на чатыры ночы. За такія дзяжурствы нам плацяць 1,5 стаўкі. Нядрэнная падпрацоўка. Хоць міліцыя і лічыць начнікі рассаднікам крыміналу, на нашым досведзе злачынцаў і дэбашыраў яшчэ не было, але мы працуем толькі месяц. Калі трэба, мы міліцыю выклічам хутка. Часам прыходзяць людзі, пачынаюць нам абурана даводзіць, што нельга такую танную гарэлку прадаваць. Чаму яны гэта менавіта нам расказваюць — загадка.

Раз-пораз у краму заходзяць вясёлыя кампаніі нападпітку. Каб дайсці да патрэбнай кандыцыі, ім трэба яшчэ літр-другі. Калі чалавек п’яны, пачуццё гумару ў яго своеасаблівае. Жарты ў такіх кампаніях скіраваны на прадавачак, бо нават у нецвярозым стане пакупнікі ўсведамляюць сябе кліентамі, якія заўсёды маюць рацыю.

— Дзевушка, а ў вас ёсць бутэлькі піва па тры літры? Аха-ха-ха! — жартуе кампанія.

— Вы можаце нармальна сказаць, вам дзве па паўтара літра? — спакойна ўдакладняе прадавачка.

— Эн-не! Не грубіце! Нам адну не на тры, на чатыры літра! Аха-ха-ха! — радуючыся дасціпнаму жарту, падсумоўваюць купцы.

03:00—06:00. Ціхі час

У такі час пешых пакупнікоў менее яшчэ і яшчэ. Адзіныя наведвальнікі — людзі, якія праязджалі міма ці то на таксі, ці то на ўласнай машыне, і вырашылі купіць прадуктаў. Час алкагольнай актыўнасці прайшоў. Тыя, хто хацелі выпіць, ужо адключыліся ў цёплым месцы.

— Шампанскага і цукерак! Калі ласка, хутчэй, лічыльнік цікае! І дзяўчына чакае! — моліць дон-жуан у касцюме.

Пакуль у краме бязлюдна, ёсць час вывучыць, які выбар тавараў прапануе крама. У асартыментным спісе, які вісіць на сцяне, адзначана, што ў продажы павінна быць 111 тавараў, 94 з іх — беларускай вытворчасці. Так і атрымліваецца, імпарту ў краме знайсці складана.

Звычайна прапануецца адзін від прадукта: адзін від нарэзанага хлеба, адзін батон, адно малако, адно масла… Затое ёсць 15 відаў алкаголя і 20 відаў цыгарэт. Безалкагольных напояў таксама шмат — 6 сокаў, па тры віда мінеральнай і газаванай вады. З мяснога ў продажы сасіскі і вараная каўбаса. На ўсялякі выпадак ёсць ёгурты, маянэз, шакалад…

Мужчына нападпітку, які тым не менш не купляе алкаголь, з выглядам аўтарытэтнага спецыяліста тлумачыць:

— Я спецыяльна пытаўся ў знаёмага дыетолага — ці можна есці ўначы? Ён кажа: калі хочаш — еш! Страўнікавы сок ад таго, што ты спіш, выдзяляцца не перастане. Уначы ж ты сніш, як чмякаеш і ясі.

06:00—08:00. Пад’ём быў складаным…

— Ранкам разбіраюць гарэлку ў сувенірных маленькіх бутэлечках. Вялікую бутэльку перад працай не вып’еш, ды і насіць з сабой нязручна. А маленькая добра ідзе для аматараў пахмяліцца, — прадавачкі ўважліва сочаць за тэндэнцыямі попыту.

Тыя ж, каго праца даўно не вабіць, пачынае штодзённыя паседжанні на лаўках з «пладова-выгадным» у руках. На першую бутэльку звычайна хапае, а пасля аматары таннага алкаголю, аблюбаваўшы парапет ля ўвахода ў краму, пачынаюць «страсаць» дробязь з мінакоў.

У гэты ж з’яўляюцца рабацягі. Ім хутка бегчы на працу, вось і купляюць «ссабойку» — салацік у вакууўмнай упакоўцы, хлеба і мінералкі. Тыя ж, хто хочуць закупіцца больш грунтоўна, чакаюць адкрыцця вялікай крамы.

За ноч працы кругласуткавая крама зарабляе каля 1,2 мільёна рублёў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?