1 студзеня стартавала нацыянальная кампанія па зімовым уліку птушак. Яе арганізатарамі выступаюць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Навукова‑практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

Як паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, асноўная мэта акцыі — прыцягнуць увагу беларусаў да назірання за птушкамі і праблем птушак. У мерапрыемстве могуць узяць удзел усе, хто пажадае. Для гэтага неабходна ў любы дзень студзеня выйсці на вуліцу населенага пункта ці выехаць на прыроду і палічыць усіх птушак, якія сустрэнуцца. Можна змайстраваць кармушку для птушак, што аблегчыць назіранне за імі.

Інфармацыю пра віды птушак, іх колькасць і месцазнаходжанне да 7 лютага прапануецца накіроўваць у офіс АПБ на адрас:

вул. Ленінская, 2, Мядзел, Мінская вобласць, 222397 (з паметкай «Зімовыя ўлікі птушак — 2010»).

Можна таксама накіраваць SMS на кароткі нумар 0841 (паслуга даступная абанентам «МТС» і velcom), ці паведаміць па мінскім тэлефоне (017) 263‑01‑30, ці даслаць па электроннай пошце [email protected], ці выкласці на сайце АПБ ptushki.org.

Паводле слоў Шайкіна, у межах зімовых дзён назірання за птушкамі 16 і 17 студзеня пройдзе акцыя «Птушкі на кармушцы». У гэтыя дні школы, арганізацыі і неабыякавыя людзі самі будуць праводзіць падкормку птушак.

Як паведаміў спецыяліст, зімовыя дні назірання за птушкамі арганізуюцца ў Беларусі ўжо больш за 10 гадоў. Падчас іх высвятляюць цікавыя факты зімоўкі рэдкіх відаў птушак, іх тэрытарыяльнага размеркавання, а таксама месцы максімальнай канцэнтрацыі птушак.

У зімовых уліках птушак у 2009 годзе ўзялі ўдзел больш за тысячу назіральнікаў, адзначыў Шайкін. Было зарэгістравана прыкладна 90 тыс. птушак 101 віду. Сярод адзначаных птушак былі і віды, якія з’яўляюцца пералётнымі, але засталіся зімаваць у Беларусі. У іх ліку — зяблікі, канаплянкі, трысняговыя аўсянкі, малінаўкі, белыя пліскі. Былі таксама адзначаны нетыповыя для краіны залётныя віды: паўночныя віды качак турпан і сіньга, даўганосыя крахалі. Акрамя таго, у выніку ўлікаў былі выяўлены новыя буйныя месцы зімовак водна‑балотных птушак у Мазыры (Гомельская вобласць), Салігорску і Слуцку (Мінская вобласць).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?