Мой сёньняшні фэльетон – мой сьціплы ўнёсак у барацьбу за ўраджай. Піша Лёлік Ушкін.

Прапаную селькору ўзор саліднай інфармацыі аб падзеях на палях. Якасьць гарантаваная, бо ён грунтуецца на матэрыялах самых салідных выданьняў нашае краіны.

Назва: «Бяз стратаў» (варыянты: «У бой ідуць трактары», «Зарука пасьпяховага жніва»).

Саўгас N мае намер своечасова скончыць жніво («бітву за ўраджай», «адзінаборства з прыродай», «увайсьці ва ўстаноўлены графік уборкі»).

Кагласьнікаў не палохаюць капрызы прыроды («непрадказальна капрызная i цяжкая глеба», «зашкаліваючыя дажджы i непагадзь – сапраўдная навала», «ігнараваньне першай прэзыдэнцкай дырэктывы», «нястача кадраў», «прастой тэхнікі», «практыка прыпісак» «несфарміраваны колас»).

Жаць час прыйшоў («на сяле кожная хвіліна дарагая», «пабачу п’янога кіроўцу – праз гадзіну звольню»), – кампэтэнтна кажа старшыня калгасу А, паказваючы на жыта/пшанiцу/ячмень/рапс, якія дасьпелi i просяцца ў бункер.

Быццам казачныя волаты («караблi», «рознакаляровыя гіганцкія жукі»), камбайны («вумныя і граматныя машыны») выходзяць у поле.

За іх штурваламі героі («правераныя мэханізатары», «вопытныя хлебаробы», «хлопцы рукастыя»).

Ім уласьцівая такая якасьць, як энтузіязм («прафэсіяналізм», «арганізаванасьць», «дысцыпліна», «творчы падыход да справы», «зладжаная праца на ўсіх узроўнях»).

Яны пачынаюць радавацца шчодраму хлебу («зьбіраць з гектара ўдвая больш, чым летась», «люба-дорага малаціць важкi колас», «цалкам аддаваць сiлы i час грамадзкай працы», «жыць у рэжыме «жнiўнага гадзiньнiка», «ратаваць ураджай усёй грамадою з ранку да ночы», «закладваць фундамэнт ураджаю-2007», «несьці працоўную вахту», «выканаць першы хлебаробскi запавет – прадаць у дзяржаўныя засекi вызначаныя абавязацельствамi чатыры тысячы тон новага ўраджаю»).

– У чым сакрэт? – пытаю я лідэра жніва («першага тысячніка», «перадавіка ўборачнай кампаніі»).

– Заробкі рэальна някяпскія, – кажа ён.

Дапамагаюць («падстаўляюць плячо») і гарадзкія легіянэры («калектывы аздараўленчых лягераў i лягераў зь дзённым знаходжаньнем»).

Па сканчэньні працы калгасьнікі шлюць тэлеграму прэзыдэнту («адпачываюць за талеркай смачнага супу з рэстарану «Дзікая архідэя», «урачыста ўручаюць пераходны сьцяг перадавікам», «глядзяць відовішчныя канцэртныя нумары калектываў дзіцячых садкоў»).

Жніво трывае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?