Сёньня Беларусь перапампоўвае вялікую колькасьць перапрацаванай расейскай нафты ў Эўразьвяз. Што гэта азначае для эканомікі й пэрспэктываў дэмакратызацыі? Камэнтар Сяргея Караля.

«Беларусь – гэта краіна з эканомікай, залежнай ад гандлю і арыентаванай у бок Эўропы». Гучыць нібыта ва ўнісон з бачаньнем змагарных апазыцыйных палітыкаў, але на самай справе менавіта такое ўражаньне пакідаюць статыстычныя паказьнікі гандлю ЭЗ. Больш за палову экспарту Беларусі ідзе ў Эўропу, і мільярды эўра прыбыткаў цякуць у Беларусь. Падаецца, што сёньня Беларусь знаходзіцца ў нашмат лепшым стане, чым яшчэ тры гады таму, калі яе састарэлыя тавары не былі канкурэнтаздольныя нават у Расеі. Што ж адбылося за апошнія некалькі год?

У 2003 г. экспарт Беларусі ў Вялікабрытанію, які складаў 32 млн даляраў, можна было не заўважаць як дробнае статыстычнае адхіленьне. Але праз два гады Вялікабрытанія пачала імпартаваць тавараў на суму большую, чым у 12 разоў. А ў 2006 г. беларускі экспарт набліжаецца да сумы звыш 700 млн даляраў. Сёньня паводле паказчыкаў экспарту ў Вялікабрытанію Беларусь апярэджвае Ўкраіну.

Збольшага па ўсім ЭЗ карціна тая ж самая: паміж 2003 і 2005 г. беларускі экспарт у 25 краінаў ЭЗ падвысіўся на 70% і склаў лічбу ў 3,3 млрд эўра за мінулы год. Калі яшчэ тры гады таму меней за 20% экспарту Беларусі прыпадала на ЭЗ, дык цяпер доля беларускага экспарту ў ЭЗ перавышае 50%.

Эўрапейская эканоміка?

Гэта цудоўнае пераўтварэньне. Аднак нават большым цудам ёсьць тое, наколькі няшмат увагі яму надавалася. Тут маецца простае тлумачэньне: гэты рост цалкам абумоўлены пераменамі на глябальных рынках энэргіі. Сярэднегадавая цана на нафту ў пэрыяд з 2003 да 2005 гадоў падвоілася, тады як экспарт нафтавых прадуктаў зь Беларусі павялічыўся ў 2,7 раза, апярэдзіўшы рост кошту на нафту.

Рост беларускага нафтавага экспарту – гэта вынік адмысловай палітыкі ўраду, накіраванай на выкарыстаньне савецкай спадчыны: перапрацоўчых заводаў у Мазыры й Наваполацку, якія ачышчаюць расейскую нафту й прадаюць яе на Захад. Гэтыя заводы, магутнасьці якіх нашмат перавышаюць патрэбы Беларусі, былі пабудаваныя ў рамках энэргетычнай стратэгіі Савецкага Саюзу ў 1970-я гады. У той час рост цэнаў на нафту адцягнуў скон савецкай эканомікі яшчэ на адно дзесяцігодзьдзе. Відавочна, што прэзыдэнт Лукашэнка спадзяецца на падобны ж эфэкт для свайго рэжыму.

Беларускія заводы, пабудаваныя ў брэжнеўскія часы, аднавілі сваю працу, і толькі за два гады аб’ём перапампаванай імі нафты ў Эўропу ўзьняўся на 37%. Доля паліва ў агульным гандлёвым абароце ўзрасла з 36% да 56%. Атрыманыя на гэтым грошы складаюць больш за 15% агульнага нацыянальнага прадукту. Гэтаксама, як у блізкаўсходняй нафтавай краіне, росквіт Беларусі цяпер грунтуецца на нафце.

Бум на грошы суседа

Але ў адрозьненьне ад большасьці іншых нафтавых дзяржаваў, Беларусь ня мае сваіх уласных мінэральных радовішчаў. Яна займаецца толькі перапрацоўкай сыравіны, якую атрымлівае з Расеі. Нафта складае прыблізна 40% беларускага экспарту, а таксама каля 40% яе імпарту. Можна сказаць, што эканоміка краіны ператварылася ў трубу, пасярэдзіне якой знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод.

Перапрацоўка чужое нафты – неблагі бізнэс, асабліва ў часы, калі сусьветныя перапрацоўчыя магутнасьці не адпавядаюць попыту. Менавіта такія часы назіраюцца цяпер. Але звычайна гэта не дае такі прыбытак, які сёньня атрымлівае Беларусь. Яраслаў Раманчук, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кажа, што, паводле афіцыйнай статыстыкі Беларусі, у пэрыяд з 2003 да 2005 году розьніца паміж рынкавай цаной расейскай сыравіны й цаной, якую плацілі за яе беларускія перапрацоўшчыкі, вагалася ў межах 35–45%. Іншыя аглядальнікі даюць такія ж лічбы.

Такая розьніца дазваляе беларускім нафтаперапрацоўчым заводам зарабляць каля 10 даляраў за барэль нафты нават з улікам непрыбытковага ўнутранага спажываньня нафты. (Дзеля параўнаньня: эўрапейская перапрацоўчая прамысловасьць, якая ня мае доступу да бязьмернай колькасьці расейскай сыравіны, у 2005 г. губляла на адным барэлі каля 4 даляраў.) Гэта фантастычныя прыбыткі: сама Расея зарабляе на здабычы меней, чым дазваляе зарабляць Беларусі на перапрацоўцы.

Неймавернае ператварэньне

Цяпер гэты прыбытковы бізнэс дае Беларусі амаль 1 млрд даляраў штогод. У краіне, якая кіруецца асабіста прэзыдэнтам, вельмі добра зразумела, на што ідзе гэты здабытак: на пабудову Нацыянальнай бібліятэкі,

на адзначэньне дзяржаўных сьвятаў, на закупку тэхнікі для міліцыі. Безь пераменаў у Расеі трансфармацыі Беларусі ў нафтавую дзяржаву не адбылося б. Сапраўды, гэтае неймавернае пераўтварэньне, якое, пачынаючы з 2003 г., адбылося ў магутнага беларускага суседа на ўсходзе, мае яшчэ адзін аспэкт.

Яшчэ некалькі год таму простая інтэграцыя беларускай эканомікі ў расейскую была немагчымая. Нягледзячы на ўсю сваю алігархічнасьць, хаатычнасьць і карумпаванасьць, якія толькі могуць быць, у Расеі ўсё ж існаваў рынак, які не кантраляваўся дзяржавай. Сёньня зусім іншая рэч. Усё яшчэ працуючы паводле рынкавых прынцыпаў, прывабліваючы замежны капітал і беручы ўдзел у глябальных эканамічных клюбах, Расея аднаўляе цэнтральную ролю дзяржавы ў кіраваньні эканомікай. Яе кіраўніцтва перасьледуе адмысловую стратэгію стварэньня моцнай, але цэнтралізаванай нацыянальнай эканомікі, што будуецца на грунце энэрганосьбітаў.

Большая роля рынку

Рацыяналізаваўшы й часткова рэнацыяналізаваўшы сваю энэргетычную прамысловасьць, Крэмль стварыў сыстэму, пры якой асноўныя буйныя кампаніі кіруюцца сучаснымі й былымі прадстаўнікамі ўраду, а таксама асабістымі паплечнікамі прэзыдэнта Пуціна. Пры гэтай навастворанай расейскай карпарацыі Беларусь займае месца невялічкай даччынай кампаніі, якой дазволена перапрацоўваць расейскую нафту дзеля падтрыманьня на плаву яе савецкай прамысловасьці, якая ў адваротным выпадку прыйшла б у заняпад.

Менавіта ў той час, калі павялічылася роля дзяржавы ў расейскай эканоміцы, Лукашэнка стаў дазваляць большую ролю рынку ў сваёй эканоміцы. У адрозьненьне ад Пуціна, яму ня трэба прызначаць сваіх людзей на галоўныя кіроўныя пасады, бо ў Беларусі ніякі сур’ёзны бізнэс не магчымы бяз сувязяў з прэзыдэнцкім апаратам. У выніку, дзьве дзяржаўныя сыстэмы збліжаюцца, і гэта мае выразныя палітычныя наступствы менавіта з улікам залежнасьці Беларусі ад нафты.

Што ўсё гэта значыць?

Па-першае, апазыцыя мусіць прызнаць, што яе традыцыйная тэза аб правальных дзеяньнях рэжыму ў эканоміцы ня будзе спрацоўваць, пакуль мільярды эўра цякуць у краіну. Стан сэктараў эканомікі, не завязаных на нафце, хутка пагаршаецца, але ж падтрымліваецца за кошт пераразьмеркаваньня нафтавага прыбытку. Субсыдыі, якія ідуць на выплату заробкаў, працягваюць ствараць уражаньне нармалёвасьці шляхоў разьвіцьця краіны ў вачох звычайнага працаўніка. Апазыцыі патрэбная іншая тэза.

Выступы падчас выбарчай кампаніі аднаго зь лідэраў апазыцыі, Аляксандра Казуліна, які цяпер за кратамі, могуць стаць карысным узорам. Сп.Казулін хутчэй імкнуўся не да пераконваньня сваіх прыхільнікаў у тым, што эканоміка стагнуе, а гаварыў пра тое, як прыбыткі ад так званага эканамічнага цуду не трапляюць да звычайных работнікаў. І ўсё гэта адбываецца на фоне раскошнага ладу жыцьця пралукашэнкаўскай эліты.

Па-другое, Эўропа цяпер – асноўны гандлёвы партнэр Беларусі, а гэта азначае, што яна мае нашмат большы ўплыў, чым уважалася дагэтуль. Эўропа нашмат больш уплывае на Беларусь, чым на Расею, ад якой вельмі залежыць яе энэргетыка. Нават калі Эўропа набывае паліва ў Беларусі, яна не залежыць ад апошняй, бо перапрацоўваць нафту можа хто заўгодна, і толькі некалькі краінаў на самай справе маюць яе. Нават вялікая па беларускіх памерах колькасьць паліва, што экспартуецца ў Эўропу, складае толькі 3% ад усяго расейскага экспарту паліва. Таму беларускія пастаўкі можна лёгка замяніць на паслугі іншых перапрацоўшчыкаў.

Цяжкі гандаль

Наўпроставыя сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі або, урэшце, супраць экспарту паліўнай прамысловасьці будуць надзвычай эфэктыўныя. Аднак таксама будзе цяжка рэалізаваць санкцыі з улікам акалічных стратаў і тых магчымасьцяў прапаганды для Лукашэнкі, якія яны створаць. Але сама пагроза санкцыяў і дэманстрацыйнае падкрэсьліваньне беларускай залежнасьці ад Эўропы могуць мець пэўны ўплыў. Зразумела, што таксама не існуе ніякіх абмежаваньняў на грамадзкія кампаніі апазыцыйных актывістаў супраць эўрапейскіх энэргетычных кампаніяў, якія гандлююць з дыктатарам. З гледзішча ўтрыманьня сваёй глябальнай рэпутацыі моцны ціск на кампаніі можа мець істотныя наступствы.

Нарэшце, усё яшчэ існуе магчымасьць поўнага зьліцьця Беларусі з Расеяй, паводле мадэлі спалучэньня палітычнага аўтарытарызму з эканамічным. Калі гэта здарыцца, дык у блізкай будучыні практычна зьнікнуць шанцы на зьмену палітычнага рэжыму ў Беларусі.

Вельмі магчыма, што, калі часовая нафтавая манна зможа спрычыніцца да больш устойлівай, больш сучаснай і больш адкрытай ды арыентаванай на будучыню эканомікі, бальшыня беларусаў пойдзе сьледам за малайзійцамі, карэйцамі і кітайцамі, якія ў розныя часы з задавальненьнем мянялі вялікую частку палітычных свабодаў на пэўныя гарантыі для свайго дабрабыту.

Пераклаў паводле Transitions Online Карэн Акопаў

* У арыгінальным назове на ангельскай – Belarus: A Refined Regime – удала выкарыстоўваецца гульня словаў, бо прыметнік refined можа азначаць як «удасканалены», так і «ачышчаны ад сумесяў», «перапрацаваны», калі гаворыцца пра нафту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0