Беларускія аўтамабільныя дылеры і імпарцёры фактычна прыпынілі сваю дзейнасць, паведаміў кіраўнік беларускай Аўтамабільнай асацыяцыі «БАА» Сяргей Міхневіч.

Паводле яго слоў, яшчэ

ў снежні аўтадылеры прадалі амаль усе наяўныя запасы легкавых аўтамабіляў. «У апошнія дні мінулага года машыны адпускаліся ў аўтацэнтрах дзесяткамі. Усяго ў снежні дылеры прадалі некалькі тысяч аўтамабіляў», — адзначыў Міхневіч.

Паводле падлікаў кіраўніка БАА, рэшткі аўтамабіляў дылеры прададуць на працягу студзеня. Пакуль жа амаль усе аўтадылеры прыпынілі продажы. «Яны проста не ведаюць правільнага механізму фарміравання цэн на машыны. Інфармацыя на гэты конт супярэчлівая», — падкрэсліў Міхневіч.

«Паводле заяў адной з крыніц, указ №546, што вызначае базу збірання ПДВ, яшчэ дзейнічае. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што ўказ падлягае карэкцыі або адмене, і карэкцыя адбудзецца на працягу студзеня», — адзначыў кіраўнік БАА.

Ён растлумачыў, што паводле ўказу №546 базай збірання ПДВ з’яўляецца розніца паміж цаной рэалізацыі і цаной набыцця. «Калі кіравацца адной з рэдакцый Падатковага кодэкса, што быў ухвалены ў канцы мінулага года і канчатковую версію якога мы пакуль не можам атрымаць, то там падобная льгота не значылася. У сувязі з гэтым дылеры апынуліся ў тупіку. Яны фактычна прыпынілі працу, чакаючы тлумачэнняў», — сказаў Міхневіч.

Паводле яго слоў, дылеры разлічваюць, што адмены дзейнай ільготнай стаўкі збірання ПДВ не адбудзецца. Разам з тым Міхневіч не выключыў, што кампаніі, якія прадаюць аўтамабілі цяпер, вельмі рызыкуюць. «Потым іх абвінавацяць у няправільным фарміраванні цэн, і ім давядзецца даплаціць у бюджэт павышаны ПДВ», — адзначыў кіраўнік БАА.

Што да папаўнення амаль пустых складоў новымі легкавушкамі, то, паводле слоў Міхневіча, мытныя пункты не валодаюць дакладнай інфармацыяй аб новых механізмах увозу і рэалізацыі імпартных аўтамабіляў, што ўвозяцца ў рамках Мытнага саюза. «Нават калі б мы і хацелі завезці пэўную колькасць аўтамабіляў, думаю, не змаглі б іх аформіць па новых правілах», — канстатуе кіраўнік Аўтамабільнай асацыяцыі «БАА».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?