Піша Алесь Чайчыц.

. Scio me nescire*

. Сакрат

Паціху ападае пыл баталій вакол снежанскай Канферэнцыі ААН па змене клімату. Сціхаюць жарсці, і нам з'яўляецца магчымасць хоць трохі прааналізаваць, што ж застаецца ў выніку. Тым болей, што тэма змены клімату была і застаецца адной з найбольш актуальных у свеце і будзе яшчэ доўга ўплываць на глабальны парадак дня.

Сучасная буйнамаштабовая нават не кампанія, а цэлая глабальная «мода» на барацьбу са зменамі клімату, агучаная навукоўцамі, агалошаная палітыкамі і падтрыманая тысячамі актывістаў на месцах, палягае ў наступных сцверджаннях:

1. Адбываецца глабальнае пацяпленне клімату,

якое а) адхіляецца ад натуральнай нормы тэмпературных ваганняў і б) прадстаўляе сабой небяспеку для чалавецтва. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што да 80-х гадоў навукоўцы-кліматолагі палохалі чалавецтва глабальным... пахаладаннем, цяпер галоўным чынам гаворыцца пра глабальнае пацяпленне, але зважаючы на выпадкі, калі Еўропа ўзімку час ад часу вымушана сутыкацца з марозам і снегападамі, ужываецца гнуткая фармулёўка "climate change", "змена клімату"
2. Чалавецтва спрычынілася да гэтага змянення клімату —
у прыватнасці, цераз празмерную эмісію парніковых газаў, у першую чаргу вуглекіслага газу CO2
3. Чалавецтва ў стане паспяхова супрацьстаяць змене клімата,
у прыватнасці, праз змяншэнне эмісіі CO2

Зняпраўджанне любога з гэтых тэзісаў пазбаўляе сэнсу ўсю патэтычную і напоўненую драматызмам барацьбу з глабальным пацяпленнем (ці з чым там).

Праблема ў тым, што ўся гісторыя з імавернай барацьбой супраць змены клімату грунтуецца на сцверджаннях, якія складана ці немагчыма даказаць простаму шэраговаму чалавеку з вуліцы.

І прыхільнікі, і скептыкі аперуюць табліцамі, статыстычнымі дадзенымі, дадзенымі навуковых назіранняў.
Усё гэта прадметы выключна віртуальныя, асабліва эфемерны "навуковы кансенсус", які ў якасці галоўнага козыра прад'яўляюць апалагеты барацьбы супраць змены клімату. Які можа быць навуковы кансенсус, калі ёсць сур'ёзныя навукоўцы, што скептычна ставяцца да тэорыі антрапагеннага пацяплення? І ўвогуле, як трапна адзначыла публіцыст Юлія Латыніна, ці не павінен факт антрапагеннага змянення клімату даказвацца фактычнымі дадзенымі, а не галасаваннем навукоўцаў?

Пагатоў, вера хоць якім «навуковым дадзеным» ставіцца пад сумнеў, калі ўлічыць, што размова ідзе пра мільярды долараў і пра глабальнае рэгуляванне эканомікі. Адпавядае яна рэчаіснасці ці не — тэорыя антрапаморфнай змены клімату ўжо зрабілася істотным фактарам фармавання міжнароднай палітыкі, ігнараваць які нават расійскае кіраўніцтва, enfant terrible сусветнай супольнасці, наважаецца толькі вельмі асцярожна. Стаўкі зробленыя, гульня ідзе. Як інвестбанкіры да фінансавага крызісу хутка «забывалі» пра тое, што ў аснове мудрагелістых прыбытковых фінансавых схемаў ляжалі сумнеўныя актывы, так і глабальны палітычны клас цяпер пабудаваў на аспрэчанай тэорыі вялікія праекты па павелічэнні ўласных паўнамоцтваў і пераразмеркаванні фінансаў. Нават папа Бэнэдыкт XVI ў сваім звароце да сусветнага дня міра (1 студзеня) сярод экалагічных пагрозаў першаю назваў менавіта глабальнае пацяпленне.

Ніхто з нас не праводзіў уласнымі рукамі назіранні тэмпературы і не вывучаў уласнаручна гістарычныя крыніцы на прадмет укосных сведчанняў пра цыклічнасць пацяпленняў. Чалавек з вуліцы бачыць толькі тое, што апошнія пару дзесяцігоддзяў маем дождж на новы год альбо халоднае лета — што можа быць растлумачанае як анамальным глабальным пацяпленнем (якое нібыта можа быць выкліканае дзейнасцю чалавецтва), так і цыклічнымі тэмпературнымі флюктуацыямі і сонечнай актыўнасцю ў рамках нормы.

Скандал з уцечкай электроннай перапіскі кліматолагаў універсітэта Усходняй Англіі (дзе размова вялася пра фальсіфікацыю дадзеных даследаванняў дзеля пацверджання тэзіса аб антрапагенным глабальным пацяпленні) прадэманстраваў, што навукоўцы, якія гэтымі пытаннямі нібыта займаюцца, тэарэтычна ў стане падсунуць грамадскасці што заўгодна.
Грамадскасць не будзе ў стане ацаніць праўдзівасць ці непраўдзівасць іхных тэзісаў.

У сувязі з гэтым для шэраговага чалавека пазіцыя датычна глабальнага пацяплення з'яўляецца прадметам веры, а не чымсь даказаным. І як абаронцы любой веры, абаронцы тэорыі антрапагеннага пацяплення ледзь не з кулакамі кідаюцца на тых, хто смее сумнявацца ў правільнасці іхных догмаў. «Навукоўцам, напэўна, відней». Падобнае падчас пары назіраецца і з боку іх праціўнікаў.

Мы дакладна ведаем пра шкоду ад тонаў неперапрацаванага смецця, ад забруджвання вады, паветра і глебы. Беларусь на ўласным досведзе ведае пра шкоду радыяцыйнага забруджання. Усё гэта канкрэтныя, вельмі дакладна вядомыя формы, праз якія чалавецтва сапраўды пагаршае стан свайго навакольнага асяроддзя. На барацьбе менавіта з гэтымі з'явамі зацікаўленыя людзі павінны сканцэнтраваць сваю эка-актыўнасць.

Дыскусія ж пра змену клімату — гэта дыскусія вакол віртуальнага. Ніхто не можа гарантаваць, што праз дзесяць гадоў «навуковы кансенсус» у чарговы раз не пераменіцца з пацяплення на пахаладанне.
Але выдзеленыя на даследаванне пацяплення грошы і палітычны капітал на людзкім страху на той момант будуць ужо, што завецца, «асвоеныя».

-------------------------------------------

* Я ведаю, што нічога не ведаю (лац.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?