Натальля Гардзіенка пра кнігу Лявона Юрэвіча: архівісту ўдалося рэканструяваць «кухню часу».

Для навукоўца, які цікавіцца паваеннай эміграцыяй, «Бацькаўшчына» й «Беларус» – галоўныя крыніцы інфармацыі. На іх бачынах можна знайсьці хроніку падзеяў беларускіх асяродкаў, перадрук афіцыйных дакумэнтаў, палеміку, прыватныя абвесткі, нэкралёгі. У моры беларускае эміграцыйнае пэрыёдыкі (у бібліяграфіі Зоры й Вітаўта Кіпеляў згадваюцца больш за 400 назоваў) гэтыя газэты былі самымі працяглымі па часе ды самымі тыражнымі выданьнямі. Вось толькі гісторыю іх стварэньня мы ведаем слаба.

Кніга Лявона Юрэвіча – спроба зразумець тыя газэты й той час.

Сярод эміграцыйных пэрыёдыкаў даваеннага й ваеннага часу пераважалі часопісы. Іх было выдаваць прасьцей, чым газэты. Для зьяўленьня апошніх – выданьняў значна больш масавых і апэратыўных – неабходнае было трывалае фінансаваньне ды пастаянны штат. У паваеннай Нямеччыне намаганьнямі інтэлектуалаў удалося наладзіць выпуск такога выданьня – газэты «Бацькаўшчына». Першы нумар, карэктаваны Лявонам Савёнкам (бацькам Зоры Кіпель), накладам 2000 асобнікаў пабачыў сьвет 31 кастрычніка 1947 г. Ад гэтага часу да сьнежня 1966 г., калі выйшаў апошні, 637-мы, нумар, газэта прайшла складаны шлях да найбольш чытанага на той час выданьня беларускіх «displaced persons» у сьвеце. Асобнікі «Бацькаўшчыны» дасылаліся, сярод іншага, у такія краіны, як Вэнэсуэла, Бразылія, Парагвай, Новая Зэляндыя, Турэччына.

Л.Юрэвіч рэканструяваў сытуацыю ў беларускім эміграцыйным друку, у якой паўстала «крывіцкая» (значыць, БНРаўскага кірунку) газэта, і – што ўдалося найболей – нутраную кухню выданьня. Дзякуючы архіўным пошукам аўтара, становяцца зразумелыя папраўкі ў зьмесьце «Бацькаўшчыны», што суправаджалі спрэчкі ў ейнай рэдакцыі ды замену ў 1948 г. Антона Адамовіча на пасадзе рэдактара на Станіслава Станкевіча, які выдаваў газэту да 1962 г. Поглядам і матывам выдаўцоў (ня толькі «Бацькаўшчыны», але й наступнага «Беларуса») у «Летапісным зводзе» надаецца багата ўвагі. Зь ліставаньня, што багата цытуецца ў кнізе, бачныя й галоўныя праблемы «Бацькаўшчыны», што спрычыніліся да спыненьня выданьня: нетрывалае фінансаваньне, брак аўтараў і матэрыялаў, што з часам – найперш з адплывам інтэлектуальных сілаў зь Нямеччыны – рабіліся непераадольнымі.

Зрэшты, спыненьне выхаду газэты было цалкам заканамернае, бо «Бацькаўшчына» «зжыла сябе як газэта эмігрантаў. У сярэдзіне 1960-х большасьць уцекачоў зь Беларусі ня толькі атабарыліся ў чужых краінах, але й пусьцілі карані [...] – словам, былыя эмігранты пераўтварыліся ў амэрыканцаў (ангельцаў, канадыйцаў, аўстралійцаў, французаў) беларускага паходжаньня. А новы сацыяльны статус патрабаваў газэты новага тыпу – не эміграцыйнай, а выданьня этнічнага», – піша аўтар.

Такім выданьнем стала газэта «Беларус», да выхаду якой часткова спрычыніліся тыя самыя людзі, што стваралі «Бацькаўшчыну». Толькі ўжо ў іншых умовах ды ў іншай краіне. Л.Юрэвіч імкнецца ўключыць пэрыёдык у кантэкст гісторыі ня толькі беларускага эміграцыйнага друку, але й амэрыканскага этнічнага.

«Беларус», хоць і паўстаў у іншай краіне ў 1950 г., зь цягам часу стаў працягам «Бацькаўшчыны», ейным духоўным пасьлядоўнікам. Першыя гады выхад газэты каардынаваўся з прэзыдэнтам БНР Міколам Абрамчыкам. Рэдактары 1950–1963 гг. Леанід Галяк, Натальля Арсеньнева, Вітаўт Тумаш, Франц Кушаль, Міхась Міцкевіч (брат Я.Коласа) намагаліся наладзіць пэрыядычны выхад.

С.Станкевіч, што быў спэцыяльна запрошаны на пасаду рэдактара ў 1963 г., здолеў усталяваць нармальную пэрыядычнасьць выхаду (раз на месяц), а газэта перарасла межы ЗША. Хоць афіцыйна «Беларус» на той момант быў органам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, тут зьявілася старонка «Весткі з Канады», рэгулярна друкаваліся допісы пра падзеі ў беларускіх асяродках Эўропы, Аўстраліі, Аргентыны. Выдатны рэдактар С.Станкевіч, нягледзячы на ўласную прыхільнасьць да Рады БНР, здолеў стварыць агульнаэміграцыйны беларускі пэрыёдык, што пераадолеў раскол беларусаў на «крывічоў» і прыхільнікаў БЦР.

Кожны рэдактар па-свойму ўплываў на зьмест пэрыёдыка. У часы С.Станкевіча (1963–1980) тут прысутнічалі літаратуразнаўчыя матэрыялы, друкаваліся літаратурныя творы (што было працягам аналягічнай практыкі «Бацькаўшчыны»), Янка Запруднік (1980–1995) увёў ангельскамоўныя старонкі, Зора Кіпель (1995–1998) друкавала адмысловыя агляды беларусікі. Безумоўна, тут быў пэўны масіў ідэалягічных, палітычных тэкстаў, як у любым нацыянальным выданьні: разглядаліся пытаньні нацыянальнай сьведамасьці, гісторыі, выкрываньня бальшавіцкай палітыкі ў БССР і абавязкова – пытаньні захаваньня беларускай мовы.

Адначасова «Беларус» – праз сваіх рэдактараў – быў уключаны ў амэрыканскае палітычнае жыцьцё. Так, Міхась Міцкевіч быў прыхільнікам дэмакратаў, Станіслаў Станкевіч і Вітаўт Кіпель – рэспубліканцаў. Дарэчы, ад 1970-х газэту выпісваюць у Белым Доме.

У адрозьненьне ад іншых эміграцыйных выданьняў, «Беларус» імкнуўся быць у канфэсійным сэнсе талерантнай газэтай. Хоць захаваць гэтыя пазыцыі было даволі складана, асабліва ў часы расколу БАПЦ, падзеі якога не маглі не знайсьці адлюстраваньня на старонках пэрыёдыка.

Але ці ня самае каштоўнае на старонках «Беларуса» – гэта сьведчаньні своеасаблівай штодзённасьці жыцьця беларускай паваеннай эміграцыі: паведамленьні з розных асяродкаў, сямейная хроніка, падзякі й нэкралёгі.

Апісаная Л.Юрэвічам гісторыя выданьня спыняецца на 2000 г., але пасьля непрацяглага перапынку газэта была адноўленая й сёньня выдаецца высілкамі такіх жа энтузіястаў, якія нарадзілі яе ў 1950 г.

«Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага» цікавы тым, што пабудаваны на невядомых раней архіўных матэрыялах, якія выдатна раскрываюць найперш асаблівасьці працы рэдакцыяў. Тут шмат карыснага матэрыялу да біяграфіяў А.Адамовіча, С.Станкевіча, Л.Галяка, Ф.Ку-шаля, Міколы Гарошкі, Кастуся Акулы. Зьмешчаная ў кнізе бібліяграфія ўтрымлівае пералік матэрыялаў, прысьвечаных гісторыі беларускага эміграцыйнага друку. Прыведзены ў дадатку слоўнік псэўданімаў яшчэ далёка ня поўны. Заяўленае ў назове дасьледаваньне сусьвету Чалавека Сьведамага будзе працягвацца. Яно важнае. Калі мы хочам, каб нашы СМІ ачысьціліся ад таталітарных традыцый, нам няма іншага выйсьця, як пракладаць масткі да выданьняў, што належалі да іншае традыцыі, – «Бацькаўшчына» й «Беларус» былі сярод іх.

Юрэвіч Л. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў «Бацькаўшчына» й «Беларус» (1947–2000). – Менск: Беларускі кнігазбор, 2006. – 256 с. – (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 8).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0