Колькі сем’яў развалілася з прычыны паездак мужчынаў на заробкі — не злічыць.

Адзін мой знаёмы, назавем яго Аляксей, дзевяць гадоў назад паехаў на заробкі ў Маскву. Падбіла яго на гэту справу жонка. Жанчына ніколі не ўмела размеркаваць малыя даходы, таму марыла пра вялікія грошы.

Аляксей па знаёмстве ўладкаваўся на работу да беларуса, які ў Маскве меў сваю фірму па вырабе пластыкавых вокнаў. Пачатак быў неблагі. Засмучала толькі праблема з жыллём. Грошай бракавала, зняў пакой у двухпакаёвай кватэры. У суседнім пакоі жылі гаспадары. Сям’я з чатырох чалавек: муж, жонка і двое дзяцей‑падлеткаў. Жыццё на кватэры было напружаным. Кожны вечар, вяртаючыся з работы, да глыбокай ночы ён выслухоўваў, што гаспадар думае пра сваю жонку і іх дзяцей і ўсіх іх сваякоў. Жонка не маўчала. Дэбаты часта праходзілі за бутэлькай. Аляксея таксама запрашалі, але ён сціпла адмаўляўся і розум меў, бо гаспадар распускаў рукі, біў жонку і дзяцей, магло перапасці і Аляксею.

Жанчына імкнулася быць добрай гаспадыняй, таму перыядычна запіхвала ў пральную машыну каляровую і белую бялізну разам, а праз гадзіну даставала агульную шэрую масу. Развешвала яе на вяроўках у пярэдняй і кухні. Туалет непрыемна пахнуў. У ванным пакоі былі пашарпаныя сцены. На кухні што‑небудзь прыгатаваць было немагчыма, там увесь час праводзілі за цяжкой размовай гаспадары.

У гэты час у Мінску жонка жыла бесклапотна. Вызваліўшыся ад абавязкаў перад мужам, яна мела шмат вольнага часу, на работу ўладкоўвацца не спяшалася і толькі чакала чарговага грашовага пераказу з Масквы. Па ўсім было відаць, што жанчына павінна разбагацець.

Прайшло паўгода. І тут трывогу ўзняла свякроўка. Пачала ўшчуваць нявестку, што тая адправіла мужа ў Маскву аднаго.

Ён можа звязацца з якой кабетай і кінуць сям’ю. А ў іх жа дачка, яе трэба выхоўваць. Жонка занепакоілася. Вырашыла паехаць да мужа, але што рабіць з маленькай дачкой? Бабулі наадрэз адмовіліся браць да сябе дзіця пры жывых і здаровых бацьках. Прыйшлося забіраць дачку ў Маскву, а там плаціць хабар, каб яе прынялі ў школу, рабіць рэгістрацыю. Яшчэ праблемы з праграмай навучання, псіхалагічныя праблемы і г.д. Прасцей было вярнуць дамоў тату, але ж Масква, вялікія грошы…

Аляксей зняў аднапакаёўку ў прыгарадзе. Ён быў рады, што пазбавіўся ад п’яных суседзяў і будзе жыць з сям’ёй. Прайшоў год, а грошы так і не з’явіліся. Усе гэтыя пераезды, грашовыя пераказы, білеты на цягнікі, хабары, рэгістрацыі… Сям’я жыла ад зарплаты да зарплаты, а працаваў Аляксей удвая болей, чым у Мінску. Дамоў прыходзіў толькі пераначаваць. Сямейнае жыццё ў Маскве было такое ж, як і ў Мінску. Зноў нечага хацелася, і ўсё не выходзіла.

Так прайшоў другі год, трэці… Калі ўдавалася сабраць капейку, жонка ляцела на курорт.

Праз пяць гадоў стаміліся абое. Фірму па вытворчасці вокнаў гаспадар прадаў. Аляксея скарацілі, прыйшлося шукаць іншыя, часам разавыя заробкі.

Грошай ледзь хапала на мінімальныя патрэбы. У сям’і пачасціліся скандалы. Ірына пачала на доўгі час з’язджаць у Мінск, кідаючы дачку на мужа. Матывавала тым, што ў Мінску распачне бізнэс з кірункам на Маскву. На справе ж збягала ад праблем. Аляксей пачаў круціць раманы з такімі ж прыезджымі жанчынамі. Так і жылі: хто каго болей абдурыць.

Дачка падрасла, стала выкідаць форталі, сыходзіць з дому, даводзіць свае правы. У адзін з такіх звычайных дзён, зноў пасварыўшыся з жонкай і правёўшы яе ў чарговую паездку, Аляксей вяртаўся дадому. Работы не было, у кашальку ляжалі апошнія грошы. Ён зайшоў у пад’езд, і тут каля дзвярэй кватэры на яго напалі двое мужчын. Хацелі адабраць барсетку.

Невядома, што на яго найшло: з усяго маху ўдарыў аднаго па галаве бутэлькай піва. Другога, зніякавелага, — кулаком у твар. Ды так моцна, што на пляцоўцы засталіся ляжаць два непрытомныя целы. Пасля збегаў у кватэру, прынёс вяроўкі для бялізны, звязаў абодвум рукі і прывязаў да батарэі. Выклікаў міліцыю. Калі рабаўнікі апрытомнелі, высветлілася, што гэта такія ж гастарбайтары, не маюць за што жыць, таму і рабуюць людзей. Аляксей заяву пісаць не стаў. Аддаў міліцыі, сказаўшы: «Рабіце з імі, што хочаце».

З часам жыццё ў Аляксея крыху наладзілася. Ён пазнаёміўся з маладой жанчынай з Малдавіі. Праз сваякоў яна ўжо мела грамадзянства Расіі і сталую працу, таму не стварала яму праблем. І сам Аляксей знайшоў працу на будоўлі.

Будоўля шматпавярховых дамоў у Маскве — гэта цэлы свет са сваімі законамі.

Працуюць у асноўным прыезджыя. Яны дзеляцца на групы па нацыянальнасці. Кожная група мае свае асаблівасці. Напрыклад, узбекі ніколі не выконваюць загад майстра ці прараба, пакуль ім гэта не паўторыць іх старэйшы. Гэта выклікае складанасці. Дзе ты будзеш увесь час шукаць іх «старэйшага»? Раздражняешся, крычыш — а толку нуль. Я спытала ў Аляксея:

— З беларусамі, напэўна, прасцей гаварыць?

— Ды пра што з імі гаварыць? — абурыўся той. — Яны ўвесь час п’яныя. А следам іх даганяюць малдаване. Пабіраюцца ў бытоўках, п’янствуюць.

— А што ж украінцы?

— О, пра гэтых не гавары. Кожны ўяўляе, што ён гетман. Ты яму не ўказвай, ён сам ведае, што рабіць…

Праца на будоўлі цяжкая, людзі розныя, да ўсяго — вялікі траўматызм. Ахова працы толькі на паперы, ды і людзі сябе не берагуць.

Беларусы часта працуюць без страхоўкі, часам выпіўшы, ім так прасцей. Страх глядзець. Безалабернасць раздражняе.

Медычнае абслугоўванне працаўнікоў на будоўлі было арганізавана такім чынам. Ёсць негалосная дамова з медработнікамі бліжэйшай паліклінікі ці бальніцы, што яны перыядычна праводзяць медагляд будаўнікоў. Плаціць ім за гэта нелегальна кіраўніцтва будоўлі. Яно не зацікаўлена праз хваробы страціць рабочых ды яшчэ нажыць праблем з уладай. А розныя дробныя траўмы кожны лечыць сам, як хоча. Хуткая дапамога выклікаецца толькі ў крытычных выпадках.

Сярод будаўнікоў трапляюцца медыкі. Аляксей сустрэў аднаго такога. Таджык. У доктара быў нялёгкі пакручасты лёс. Яму прыйшлося ўцякаць з Таджыкістана, таму што аднойчы яго выкралі і завезлі ў Афганістан. Прымушалі там працаваць задарма доктарам, лячыць афганцаў. Яму ўдалося збегчы і дабрацца за Масквы. Выдатны хірург. Ён выратаваў на будоўлі некалькі чалавек.

Асабліва запомніўся выпадак, як зваршчык апаліў горла. Ад апёку спынілася дыханне.

Тут жа падбег доктар. Выхапіў нейкі штыр і зрабіў пракол шыі. Крывішча, жудасная карціна, але чалавек апрытомнеў, задыхаў.

Выклікалі «хуткую». Прыехалі мясцовыя медыкі, забралі пацярпелага і просяць доктара‑таджыка, каб ехаў з імі, дапамог рабіць аперацыю… Колькі розных выпадкаў было, усіх не перакажаш. Такая медыцына для гастарбайтараў…

Прайшло восем гадоў, як Аляксей быў на заробках. Дачка вырасла, зняла асобна пакой з сяброўкай, уладкавалася на працу. З жонкай разышоўся канчаткова. Пайшоў жыць да новай сяброўкі. Жонка таксама знайшла кавалера. Колькі сем’яў развалілася з прычыны паездак мужчынаў на заробкі — не злічыць. Страчаныя гады, а выніку — нуль.

У брата маёй сяброўкі ад гэтага таксама ледзь не распалася сям’я. Муж ездзіў на заробкі ў Санкт‑Пецярбург, а жонка ў Слуцку сумавала. Завяла раман з міліцыянтам. Але каханы яе кінуў. Прыйшлося ўключаць мазгі, двое ж дзяцей малых трэба расціць. Тэрмінова вярнула мужа назад. Цяпер мужчына працуе ў Мінску бетоншчыкам, зарабляе каля двух з паловай мільёнаў. Кожныя выходныя праводзіць з жонкай і дзецьмі. Будуюць невялікі дом каля Слуцка. Жонка працуе. Ім усяго хапае.

Так і наш Аляксей ужо вярнуўся дадому. Як грымнуў крызіс, заробкі ў Маскве сталі затрымліваць.

З цяжкасцю яму ўдалося атрымаць частку зарплаты. Грошай хапіла толькі аплаціць перавоз маёмасці ў Мінск ды зняць кватэру на месяц. З Масквы ён прывёз новую жонку і ні капейкі грошай. А дзевяць гадоў прайшло. Усё трэба пачынаць спачатку. Аформіць шлюб і від на жыхарства для жонкі. Будаваць жыллё. А гадоў ужо за сорак…

Беларусь ён спазнае наноў. Тут усё іншае, парадкі іншыя. Прыхо¬дзіцца адвыкаць ад маскоўскіх замашак. Але відаць, што чалавеку добра. Ён дома. Знайшоў працу ў прыватнай фірме. Добрая зарплата. Адразу заўважыў, што ў Беларусі да рабочых трэба мець падыход, бо яны з гонарам. А калі на два дні затрымаюць зарплату, пачынаюць абурацца. Чалавеку, якому па тры месяцы не выдавалі грошы, гэта дзіўна. Аплачваецца праязны, камандзіровачныя, яшчэ можна ўзяць 5%‑ны крэдыт на будаўніцтва жылля і бясплатна схадзіць у паліклініку. Краіна цудаў! Усё таму, што ты грамадзянін гэтай краіны. Краіны небагатай, але ж сваёй! Тое, што атрымліваюць іншыя беларусы, можаш атрымаць і ты. А хто ты ў Расіі? Гастарбайтар.

Наш Аляксей любіць паўтараць: «Узбекі, узбекі». А хто ты ў Маскве? Такі ж узбек, хоць і з Беларусі.

У той месяц, як вярнуўся дамоў Аляксей, у Мінск прыехала і Ірына, былая жонка. Прывезла з заробкаў два камп’ютары і мужа‑расіяніна. Таксама пачынае новае жыццё.

Засталося толькі дачакацца вяртання дачкі. Думаю, гэта не за гарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?