6 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Мінска прайшло папярэдняе пасяджэнне па іску сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага да Белтэлерадыёкампаніі. Іск разглядае суддзя Вольга Багам’я.

Нагадаем, 27 і 28 верасня ў праграме «Панарама» дэманстраваўся сюжэт, які, паводле меркавання ісцоў, закранае іх гонар і годнасць. Сутнасць сюжэту ў тым, што БХД з’яўляецца сектанцкай арганізацыяй, а перакананні членаў аргкамітэта далёкія ад хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Акрамя абвяржэння аўтары іску патрабуюць выдзеліць ім эфірны час для выступлення, каб праінфармаваць грамадзян Беларусі аб дзейнасці аргкамітэта БХД, мэтах і задачах стваранай партыі. Ісцы таксама патрабуюць пакрыць маральны ўрон у памеры 50 млн. рублёў кожнаму.

Прадстаўнікі адказчыка — начальнік юрыдычнага ўпраўлення Белтэлерадыёкампаніі Руслан Жуковіч, вядучы юрысконсульт Вольга Дуброўская і палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў заявілі, што лічаць іск поўнасцю неабгрунтаваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?