Пазаштатны фотакарэспандэнт радыё «Свабода» Уладзь Грыдзін атрымаў адказ на свае скаргі, накіраваныя ў Першамайскі РУУС і Першамайскі аддзел Дэпартамента аховы МУС.

Грыдзіна затрымалі 29 кастрычніка, калі ён збіраўся фатаграфаваць бел‑чырвона‑белыя сцягі, якія актывісты «Еўрапейскай Беларусі» вывесілі на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Па словах журналіста, падчас затрымання яго білі па галаве і пагражалі фізічнай расправай. У пастарунку без складання пратаколу ў яго забралі фотаапарат, узялі адбіткі пальцаў і зрабілі фота і відэа. Праз некалькі гадзінаў, аддаўшы тэхніку, адпусцілі. У адказ на гэтыя дзеянні журналіст склаў скаргі ў Першамайскі РУУС і Дэпартамент аховы МУС.
У адказе, які Грыдзін атрымаў з Першамайскага РУУС, гаворыцца, што ўчастковым А. Панкратовічам насамрэч «быў парушаны парадак правядзення дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі», а таксама інструкцыя аб вядзенні крыміналістычнага ўліку. Там таксама гаворыцца, што за гэтыя парушэнні ўказаны супрацоўнік папярэджаны, а фота і відэа Грыдзіна скасаваныя з уліку з відэатэкі ўстановы.

Грыдзін таксама атрымаў адказ з Першамайскага аддзела Дэпартамента аховы МУС. Але там гаворыцца, што супрацоўнікі гэтай установы А. Дзяшкевіч і У. Грыневіч дзейнічалі «правамерна, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?