Восьмага студзеня пасьля васьмі гадоў зьняволеньня зь менскай калёніі вызваліўся былы дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў.

«Мусілі вызваліць 6 студзеня, але яшчэ пратрымалі 2 дні. Такім чынам я вытрымаў яшчэ два дні гэтага зьдзеку»,- паведаміў Міхаіл Лявонаў.

Былы дырэктар МТЗ пакуль адмаўляецца ад больш падрабязнай размовы:

«Мне трэба аглядзецца вакол, пабыць зь сям’ёй, ў доме, дзе я ня быў не 8 дзён, не 8 месяцаў, а 8 гадоў! Нікуды не зьбіраюся, адчуваю сябе нармальна, але вельмі ад усяго стаміўся».

Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны 7 студзеня 2002 году. Вярхоўны суд асудзіў яго паводле чатырох артыкулаў крымінальнага кодэксу, у тым ліку аб хабарніцтве, да 10 гадоў зьняволеньня. 2 гады з гэтага тэрміну былі зьнятыя паводле амністыі. Сваёй віны Міхаіл Лявонаў ніколі не прызнаваў.

«Сваю невінаватасьць я на 300% даказаў у судзе і магу сьмела казаць, што не скраў на МТЗ нават цьвіка», — казаў Міхаіл Лявонаў сваякам пасьля суду. У калёніі экс-дырэктар МТЗ адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні, праз якое шмат хто з асуджаных гаспадарнікаў выйшаў раней на волю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?