На пытанне, ці ёсць якія-небудзь навіны з Масквы і ці вядуцца такія перамовы ўвогуле, прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка заявіў: «У мяне няма такой інфармацыі».

Расійскія афіцыйныя крыніцы і СМІ таксама нічога не паведамляюць аб перамовах.

Напярэдадні Аляксандр Цімашэнка паведаміў журналістам, што чарговы раунд перамоў аб пастаўках нафты павінен прайсці ва ўрадзе Расіі 9 студзеня. «Паводле запрашэння намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Ігара Сечына беларуская дэлегацыя на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Сямашкам накіроўваецца ў Маскву для працягу перамоў аб умовах пастаўкі нафты з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь», — сказаў прэс-сакратар.

Ён падкрэсліў, што беларуская дэлегацыя мае ўсе неабходныя паўнамоцтвы для падпісання адпаведных дакументаў.

«Пры гэтым пазіцыя беларускага боку па-ранейшаму грунтуецца на неабходнасці дасягнення ўзаемапрымальных дамоўленасцяў у межах дзейнай прававой базы беларуска-расійскіх адносін», — заявіў Цімашэнка.

Міжурадавае беларуска-расійскае пагадненне ад 12 студзеня 2007 года, якое рэгулюе экспарт нафты і нафтапрадуктаў, спыніла дзеянне ў 2010 годзе. Новае пагадненне планавалася падпісаць у Маскве 30—31 снежня 2009 года, аднак з-за супярэчнасцяў бакам гэта зрабіць не ўдалося.

У выніку Расія абвясціла, што з 1 студзеня 2010 года ўся нафта, якая пастаўляецца ў Беларусь, павінна абкладацца стандартнай экспартнай пошлінай (у 2009 годзе у цану ўваходзіла спецыяльная пошліна ў памеры 35,6% стандартнай экспартнай).

Раней Масква заяўляла пра гатоўнасць бяспошлінна паставіць у Беларусь у 2010 годзе для ўнутранага спажывання 5—6 млн. тон нафты, а астатні аб'ём абкладаць 100-працэнтнай экспартнай пошлінай. Аднак Мінск настойвае на бяспошлінным увозе ўсёй нафты, якая перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ, матывуючы гэта існаваннем Мытнага саюза.

Папярэдні раунд перамоў адбыўся ў Маскве 6—7 студзеня, аднак бакам не ўдалося дасягнуць дамоўленасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?