Дата правядзення перамоў аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь «пакуль невядомая»,

паведаміў прэс‑сакратар прэм’ер‑міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка.

Апошні раунд перамоў адбыўся 9 студзеня ў Маскве.

Як перадавалася раней, акцыянерная кампанія па транспарце нафты «Транснефць» працягвае прапампоўванне нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, хаця Беларусь і Расія дагэтуль не ўзгаднілі ўмовы паставак. З пачатку года пастаўкі нафты на беларускія НПЗ ажыццяўляліся ў адпаведнасці з раней заключанымі кантрактамі. Як заявіла 11 студзеня прэс‑сакратар «Белнафтахіма» Марына Касцючэнка, «нафта паступае ў Беларусь у адпаведнасці з заключанымі дагаворамі, нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у планавым рэжыме». Паводле яе слоў, у поўным аб’ёме ажыццяўляецца таксама транзіт расійскай нафты цераз тэрыторыю Беларусі. Планавалася, што з 11 студзеня беларускія прадпрыемствы будуць працягваць заключэнне кантрактаў з расійскімі кампаніямі на далейшыя пастаўкі нафты, аднак інфармацыю пра гэта ў «Белнафтахіме» пацвердзіць не ўдалося.

Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня накіраваў ліст прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву з выкладаннем пункту гледжання беларускага боку на сітуацыю вакол перамоў аб пастаўках расійскай нафты ў 2010 годзе.

Паводле інфармацыі прэс‑службы беларускага прэзідэнта, «10 снежня 2009 года падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прэзідэнтамі дзвюх краін была дасягнута дамоўленасць, што на працягу першых двух‑трох месяцаў 2010 года нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бяспошлінна, і за гэты час бакі ўзгодняць умовы далейшай пастаўкі нафты. Аднак пазней Расійская Федэрацыя фактычна адмовілася ад выпрацаваных дамоўленасцей і выставіла непрымальныя для Беларусі ўмовы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?