Першы — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе я вучыўся да 2008 года. Другі — Тартускі, у якім я навучаюся цяпер.

Арганізацыю вучэбнага працэсу ў Тарту можна ахарактарызаваць выразам «ніхто не перашкаджае, але і за ручку не водзіць».

Атрыманне вышэйшай адукацыі, як і ўсюды ў Еўропе, падзеленае на два ўзроўні: бакалаўрэат — 3 гады і, пры жаданні, магістратура — 2 гады. Галоўнае значэнне маюць не адзнакі, а колькасць крэдытных пунктаў, якія неабходна набраць да канца навучання. Кожны прадмет мае сваю колькасць пунктаў. Частку прадметаў абавязкова трэба прайсці, і частку студэнт можа абраць па жаданні.

Студэнт самастойна вызначае, калі яму зручна праходзіць прадметы. Студэнт сам выбірае групу і час практычных заняткаў. Усё гэта дазваляе рабіць усвядомлены выбар і планаваць час. Жадаеш спаць больш — стаў прадметы на пазнейшы час, жадаеш зрабіць сабе не два, а чатыры выходныя ў тыдзень — паспрабуй скласці так свой вучэбны план. Не жадаеш праходзіць гэты прадмет сёлета — абяры яго ў наступным годзе.

Ніхто не кантралюе, няма журналаў груп, выкладчык не губляе часу на праверку, а дэкан не прыходзіць пасярод пары, каб праверыць выкладчыка, ці адзначыў ён адсутных. Чалавека з самага юнацтва прывучаюць да адказнасці.

У Гомелі ў мяне не было свабоды выбару. Колькі сказалі, гэтулькі і павінен прайсці прадметаў. Расклад складзены без уліку меркавання студэнтаў. Уся сістэма пабудаваная на тым, каб здушыць ініцыятыву, прызвычаіць студэнта да думкі, што ад яго нічога не залежыць. Пасля заканчэння ВНУ ён пойдзе на працу гатовым выконваць усе загады, трываць усе ўмовы.

У еўрапейскіх ВНУ акадэмічныя свабоды існуюць некалькі стагоддзяў. Выкладчык не абцяжараны ідэолага‑выхаваўчымі справамі. Няма і ўпраўленняў ідэалагічнай і выхаваўчай працы з моладдзю з дванаццаці (як у Гомелі) чалавек.

Студэнты Тартускага ўніверсітэта могуць выязджаць за мяжу па любых пытаннях, ¬удзельнічаць у палітычным жыцці, трымацца любых поглядаў. У адрозненне ад студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ГДУ), жыццё якіх пад поўным кантролем. У Тартускім універсітэце няважна, хто ты і што ты. Галоўнае — спраўляцца з вучэбнай праграмай, іначай будзеш адлічаны. Тут няма сістэмы завэлюмаванага рабства ў выглядзе абавязковага размеркавання. Адсутнічаюць «суботнікі», абавязковыя сустрэчы з ветэранамі, службоўцамі, святарамі і праваслаўнымі атэістамі. Можа, таму Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт — «установа адукацыі», а Тартускі — проста ўніверсітэт?

Дарэчы, універсітэт Тарту ўваходзіць у прэстыжным рэйтынгу Times Higher Education‑QS World University Rankings у лік найлепшых універсітэтаў свету.

Службоўцы Міністэрства адукацыі гавораць аб выключнай якасці айчыннай вышэйшай адукацыі. Але сваіх дзяцей яны адпраўляюць вучыцца ў краіны ЕС або ў ЗША.

Чаму так, можна зразумець, параўнаўшы сістэмы вышэйшай адукацыі — Балонскую, распаўсюджаную ў большасці краін свету, з беларускай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?