Двух віцебскіх актывістаў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Валерыя Раманенку і Алеся Галаваня да панядзелка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На іх сёння былі складзеныя пратаколы па артыкуле 17 частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу «Знаходжанне п’янымі ў грамадскім месцы».

Галаваня міліцыя затрымала проста ў цэнтры горада, калі ён вяртаўся з паліклінікі. Потым даставілі ў Першамайскі РУУС.

У верасні Алеся Галаваня затрымлівалі разам з Сяргеем Каваленкам падчас прыезду ў горад над Дзвіной Патрыярха Маскоўскага Кірыла.

Пазней быў затрыманы і Валеры Раманенка. Яго таксама даставілі ў пастарунак.

Сустаршыня БХД Павел Севярынец быў сёння ў РУУСе, і размаўляў з затрыманымі. «Яны абодва цвярозыя», — кажа П.Севярынец.

Сёння таксама ў Віцебску сем сутак арышту было прысуджана актывісту «Маладой Беларусі» Тарасу Сургану.

Павел Севярынец кажа:

«У Віцебску ідзе аблава на дэмакратычных актывістаў. Мясцовыя ўлады страшэнна раззлаваныя бел‑чырвона‑белым сцягам, што з’явіўся на цэнтральнай ёлцы. Злыя, што былі вымушаныя вызваліць Сяргея Каваленку.
Відавочна, што затрыманых актывістаў будуць дапытваць па гэтай крымінальнай справе. Адбываецца відавочнае бясчынства».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?