Сёньня былі выпушчаныя на волю чальцы незарэгістраванай ініцыятывы «Партнэрства» Аляксандар Шалайка і Эніра Браніцкая, якія адседзелі шэсьць месяцаў арышту за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Раніцай стала вядома, што іх выпусьцяць каля 11-гадзіны, і пад гэтую гадзіну пад сьценамі сьледчага ізалятара ГУУС Менгарвыканкаму, што на Валадарскага, 2, сабралося каля трох дзясяткаў чалавек: сваякі, калегі, сябры, актывісты «трэцяга сэктару», зь дзясятак журналістаў.
А. Шалайку і Э. Браніцкую выпусьцілі а 11.03. Іх віталі воплескамі, прывітальнымі воклічамі, падарылі букеты зь бел-чырвона-белых кветак і пачалі бясконца здымаць фотаапаратамі, лічбавымі камэрамі і нават мабільнымі тэлефонамі.
«Шэсьць месяцаў праляцелі вельмі хутка, -- заявіў у імправізаваным інтэрвію журналістам Аляксандар Шалайка. – Мы пастаянна адчувалі падтрымку звонку - ад сяброў, журналістаў». «Натуральна, што значна цяжэй у гэты час было нашым сваякам».
Прысуд у дачыненьні да Міколы Астрэйкі і Цімоха Дранчука, якія былі асуджаныя адпаведна на два і адзін год калёніі агульнага рэжыму, Аляксандар ацаніў як неабгрунтаваны, назваўшы яго занадта высокім. «Я ня кіну займацца грамадзкай дзейнасьцю, – рэзюмаваў А. Шалайка».
На пытаньне, што хацелася б зрабіць у найбліжэйшы час, Аляксандар сказаў, што хоча вельмі пабачыць сына. Вера Шалайка прыйшла на сустрэчу з мужам цяжарная другім дзіцем. Пра тое, што ў яго будзе другі сын, Аляксандар даведаўся на чацьверты дзень пасьля арышту, калі адвакат прынёс даведку з паліклінікі. Чакае дзіця Паліна Астрэйка, у Цімоха Дранчука ў сакавіку нарадзіўся маленькі Платон.
Эніра Браніцкая зазначыла, што ўмовы ўтрыманьня на Валадарскага былі досыць нармальныя, калі нармальным можна назваць утрыманьне ў сьледчым ізалятары. «Вельмі хачу правесьці шмат часу з роднымі, а таксама выбрацца ў лес. Падыхаць сьвежым паветрам».
Дзесьці а 11.18 на ганку ізалятара зьявіўся мужчына з пагонамі палкоўніка і настойліва, але ветліва папрасіў разысьціся. Прысутныя надта і не пратэставалі і хуценька аддалі ужо былых вязьняў у рукі родных.
З палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў на муроў Валадаркі прыйшлі толькі Анатоль Лябедзька і Людміла Гразнова.
Лідэр АГП не раздаваў інтэрвію, як можна было б чакаць ад іншых палітыкаў. Ён толькі паціснуў рукі Эніры і Аляксандру, а потым адышоў у цень і толькі фатаграфаваў іх уласным фотаапаратам. Той, хто адсядзеў шмат сутак, лепей адчувае, як важна маральная падтрымка.
Бацькі вітаюць Эніру Браніцкую і Аляксандра Шалайку.
Адвакатка Вера Страмкоўская вітае Алякасандра Шалайку…
…і Эніру Браніцкую.
Сустракаць вызваленых актывістаў "Партнэрства" прыйшоў Анатоль Лябедзька.
Аляксандар Шалайка адказвае на пытаньні журналістаў.
Фота Андрэя Лянкевіча