У Мінску на мінулым тыдні зарэгістравана 15,1 тыс. выпадкаў грыпу і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, што ў 1,4 разу больш, чым за папярэдні тыдзень.

Пра гэта паведаміла намеснік кіраўніка Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Жукава сёння на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

У некаторай ступені рост колькасці хворых звязаны з завяршэннем канікулаў і вяртаннем дзяцей у школы і дзіцячыя сады, растлумачыла Наталля Жукава. Агулам хворым 422 мінчанам пастаўлены дыягназ «грып», 244 шпіталізаваны. Пры лабараторных даследаваннях у 27 працэнтах выпадкаў выяўлены вірус грыпу В у спалучэнні з іншымі вірусамі.

«У цэлым сітуацыя з захворваннем на грып і вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі ў горадзе стабільная і характэрная для гэтай пары года», — сказала намеснік кіраўніка Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

* * *

У пачатку студзеня ў Мінску пачалася вакцынацыя супраць віруса грыпу А/H1N1. Засцярогу ад свінога грыпу (выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці) атрымаюць дзве групы работнікаў — медыцынскія спецыялісты, а таксама тыя, хто па роду сваёй прафесійнай дзейнасці займаецца забеспячэннем жыццядзейнасці горада (работнікі транспарту, вода‑ і энергазабеспячэння). Усяго плануецца прышчапіць 60 тыс. чалавек. У канцы кастрычніка ў сталіцы работнікі гэтай катэгорыі прайшлі бясплатную вакцынацыю ад звычайнага сезоннага грыпу. Для іх вакцынацыя — другая па ліку. Што ж датычыцца вакцынацыі супраць грыпу А/H1N1 насельніцтва, то цяпер у Беларусі праходзіць рэгістрацыю яшчэ адна вакцына. Па выніках яе рэгістрацыі будзе прынята рашэнне аб платнай імунізацыі ўсіх жадаючых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?