Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў накіраваў 18 студзеня Аляксандру Лукашэнку пасланне з выказваннем пазіцыі аб ўмовах паставак расійскай нафты ў Беларусь.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Крамля.

Пасланне стала адказам на ліст Лукашэнкі Мядзведзеву ад 13 студзеня. Пра змест ліста нічога не паведамляецца.

Як раней паведамлялася, беларускі кіраўнік у лісце Мядзведзеву выклаў пазіцыю беларускага боку адносна ўмоў паставак нафты. Лукашэнка нагадаў свайму расійскаму калегу, што «яшчэ 10 снежня 2009 года падчас пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прэзідэнтамі дзвюх краін была дасягнута дамоўленасць, што на працягу першых двух-трох месяцаў 2010 года нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бяспошлінна, і за гэты час бакі ўзгодняць умовы далейшай пастаўкі нафты». «Аднак пазней Расійская Федэрацыя фактычна адмовілася ад выпрацаваных дамоўленасцяў і выставіла непрымальныя для Беларусі ўмовы», — падкрэсліў Лукашэнка.

Апошні раунд беларуска-расійскіх перамоў па ўмовах пастаўкі ў Беларусь нафты ў 2010 годзе адбыўся ў Маскве 9 студзеня і скончыўся безвынікова. Новая дата перамоў невядомая.

15 студзеня стала вядома пра ліст, які віцэ-прэм'ер РФ Ігар Сечын накіраваў першаму віцэ-прэм`еру Беларусі Уладзіміру Сямашку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у лісце ўказана на неабходнасць абавязковага ўзгаднення з расійскім бокам механізму тарыфнага рэгулявання пры транспарціроўцы расійскай нафты па сістэме беларускіх магістральных нафтаправодаў. У адваротным выпадку расійскі бок можа пазбавіць Беларусь квот на бяспошлінную пастаўку нафты. У лісце падкрэсліваецца, што рашэнне Расіі аб бяспошлінных пастаўках у Беларусь у 2010 годзе 6,3 млн. тон нафты з`яўляецца «жэстам добрай волі», і калі такія ўмовы беларускі бок не задавальняюць, Расія гатова перайсці на рыначныя ўмовы паставак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?